Лепшыя дружыннікі — у Ярэве

Спорт

Удзельнікі спаборніцтваў

5 верасня на базе пастаўскага фізкультурна-аздараўленчага комплексу адбыліся раённыя спаборніцтвы сярод добраахвотных дружын па ахове правапарадку. Іх штогод сумесна арганізоўваюць ад­дзел ідэалагічнай работы, куль­туры і па справах моладзі, дзяржаўнае аб’яднанне «Фі­зіч­ная ку­ль­тура, спорт і турызм Пастаўскага раёна» і аддзел унутраных спраў.

Пазмагацца за званне лепшых дружыннікаў сёлета адважыліся толькі тры каманды: Ярэўскага сельскага Савета, УП ЖКГ і АТП № 17. Астатнія па розных аб’ектыўных прычынах прымаць удзел у спаборніцтвах адмовіліся. Напачатку мерапрыемства дружыннікаў прывіталі галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Святлана Ула­дзіміраўна Падгайская і галоўны суддзя спаборніцтваў, намеснік дырэктара фізкультурна-спартыўнага клуба Леанід Сцяпанавіч Жук. Яны падзякавалі камандам за дапамогу міліцыі ў забеспячэнні правапарадку на тэрыторыі горада і раёна, агучылі ўмо­вы спа­бор­­ніц­тваў, пажадалі поспехаў. Яўгенію Мышко, загадчыку майстэрань ААТ «Ярэва-агра», пад дружныя апладысменты ўручылі пасведчанне члена добраахвотнай дружыны.

Пасля жараб’ёўкі  і ўрачыстага ўзняцця Дзяржаўнага флага Рэспублікі Беларусь удзельнікі прыступілі да спаборніцтваў. Яны складаліся з трох этапаў. Гэта перацягванне каната і спартыўна-прыкладное мнагабор’е, якое ўключала бег на 100 метраў, кіданне гранаты і комплекс сілавых практыкаванняў. Спецыяльная падрыхтоўка складалася з тэарэтычных пытанняў па праве і медыка-сані­тарных нормах, на іх адказвалі толькі капітаны каманд.

Па суме набраных ачкоў пераможцам спаборніцтваў стала каманда Ярэўскага сельскага Савета, якая паказала найлепшы вынік ва ўсіх відах, акрамя спецпадрыхтоўкі і перацягвання каната. У гэтых дысцыплінах не было роўных камандзе жыллёва-камунальнай гаспадаркі, якая заняла другое выніковае месца. На трэцім — каманда аўтатранспартнага прадпрыемства № 17. Усе ўдзельнікі спаборніцтваў узнагароджаны граматамі і каштоўнымі прызамі. А пераможца — каманда Ярэўскага сельскага Савета — у бліжэйшы час адправіцца адстойваць гонар раёна на абласных спаборніцтвах. Яны адбудуцца 24 верасня на базе палка патрульна-паставой службы УУС Віцебскага аблвыканкама.

У раёне дзейнічае 21 добраахвотная дружына па ахове правапарадку. І калі б хоць палова з іх прыняла ўдзел у спаборніцтвах, яны не насілі б такога фармальнага характару. Тым больш, што мерапрыемства прайшло на належным узроўні, удзельнікі выкладваліся на ўсе 100%, спрыяла спаборніцтвам на свежым паветры і сонечнае надвор’е, якое стаяла ў той дзень.

Вераніка ФІЛАНОВІЧ. Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.