Наперад, да новых вяршынь! (+фота)

Образование

Летась вучні Варапаеўскай сярэдняй школы па выніках раённых прадметных алімпіяд атрымалі 13 дыпломаў. Па гэтым паказчыку яны абышлі ўсе гарадскія школы і толькі крыху адсталі ад гімназіі. У новым навучальным годзе варапаеўцы пастараюцца паўтарыць, а магчыма, і развіць свой мінулагодні поспех. Ажыццяўлення гэтых і іншых планаў ім жадалі шматлікія госці ўрачыстай лінейкі, прысвечанай Дню ведаў.

Сёлета за парты Варапаеўскай сярэдняй школы села 269 чалавек — прыблізна столькі ж, колькі і ў мінулым го­дзе. Сярод іх — 25 першаклас­нікаў. Разам са сваёй настаўніцай Святланай Уладзіміраўнай Касцючонак яны выйшлі на лінейку пад гучныя апладысменты (на здымку ўверсе).

Права адкрыць мерапрыемства і падняць Дзяржаўны флаг Рэспублікі Беларусь было даручана пераможцам раённых алімпіяд: дзесяцікласніцы Аліне Казаровец і выпускніку Яўгену Танане. У іх малодшыя таварышы могуць смела вучыцца стараннасці, мэтанакіраванасці, адказнасці.

Першым прысутных прывітаў дырэктар установы адукацыі Віктар Мікалаевіч Жук.

— Здаецца, зусім нядаўна мы збіраліся на свяце апошняга званка і праводзілі ў самастойнае жыццё нашых выпускнікоў, — гаварыў ён. — Рады паведаміць, што 11 з 22 паступілі ў ВНУ, прычым усе — на бюджэтную форму навучання. У сярэднеспецыяльных і прафесійна-тэхнічных установах будуць працягваць вучобу дзесяць учарашніх дзевяцікласнікаў. Сярод тых, хто пакінуў нашу ўстанову, нямала таленавітых і здольных юнакоў і дзяўчат. Але ім ёсць дастойная змена — многія школьнікі год за годам дэманструюць выдатныя вынікі ў вучобе. Перакананы,  што ў новым навучальным годзе яны годна абароняць гонар школы на шматлікіх конкурсах і алімпіядах. І толькі настойлівая праца дазволіць дасягнуць новых вяршынь. Таму не лянуйцеся, з максімальнай адказнасцю стаўцеся да вучобы.

Віктар Мікалаевіч таксама нагадаў, што сёлета  змяненні закрануць выпускныя экзамены: у дзевяцікласнікаў адмяняецца дзяржаўны экзамен па гісторыі Беларусі. Яго ў абавязковым парадку будуць здаваць адзінаццацікласнікі.

З вялікай удзячнасцю звярнуўся дырэктар школы і да бацькоў першакласнікаў, якія напярэдадні новага навучальнага года аказалі школе важкую матэрыяльную дапамогу. Яна зрасходавана на набыццё новых парт вытворчасці ААТ “Паставымэбля”. У тым, што яны доўга праслужаць вучням пачатковай школы, можна не сумнявацца. Дзякуючы спецыяльным механізмам парты “растуць” разам з дзецьмі.

З Днём ведаў вучняў і настаўнікаў павіншаваў і начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Пётр Леанідавіч Курто. Ад імя раённай улады ён пажадаў выпускнікам ажыццяўлення самых смелых задум, а першакласнікам — цярплівасці і добрых адзнак. Самым меншым вучням Пётр Леанідавіч уручыў падарунак ад Прэзідэнта нашай краіны — кнігу “Беларусь — мая Радзіма”. Свае прэзенты — канцылярскія прылады — першакласнікам паднеслі і вучні адзінаццатага класа.

Пасля заканчэння ўрачыстасці вучні накіраваліся на першы ў новым навучальным годзе ўрок пад назвай “Дзякуй салдатам Перамогі за тое, што не ведаем вайны!”.

Школьнікі заўважылі, што класы за лета істотна “пасвяжэлі”. На правядзенне касметычнага рамонту, а таксама ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы сёлета было затрачана 18, 5 мільёна рублёў, іх  школа зара­біла дзякуючы здачы яблыкаў, макулатуры і металалому, а таксама правядзенню платнага рэпетыцыйнага тэсціравання. За сродкі папячыцельскага савета набыта інтэрактыўная дошка коштам 8,5 мільёна рублёў — яна дае шмат новых магчымасцей у правя­дзенні медыяўрокаў.

Планаў на новы навучальны год шмат. Першы з іх — годна сустрэць дэлегацыю з нямецкага Герцагенаўраха, якая прыедзе ў Варапаева ўжо праз некалькі тыдняў. З гэтым горадам у школе даўно наладжаны сувязі па двухбаковым абмене вучнямі. Сёлета тут чакаюць каля 20 чалавек. Для гасцей, як заўсёды, будзе арганізавана насычаная экскурсійная праграма як па раёне, так і па беларускай сталіцы. Але гэта ўжо тэма наступнага артыкула…

no images were found

Іна СНЯЖКОВА. Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.