Суседзі як радня


У адзін з будных жнівеньскіх дзён атрымала запрашэнне ў свае родныя Лынтупы. Тэлефанавала Ларыса Мажута: “Прыяз­джайце, паглядзіце, якія малайцы мае суседзі! У кожнага шмат спраў, але яны заўсёды знойдуць час дапамагчы, падтрымаць увагай і добрым словам. Днямі зноў збяромся ўсе разам. Нагода прыемная — мы з мужам адзначаем 25-годдзе сумеснага жыцця”.

Мажуты жывуць на  ўскрайку Лынтуп, але дзе дакладна, не ведала. “Іх дом пазнаеш адразу, — патлумачылі мне мясцовыя жыхары. — Ён здалёк звяртае на сябе ўвагу добраўпарадкаванасцю: арыгінальнымі кампазіцыямі і шматлікімі кветкамі…”

Як аказалася, тут сапраўды ёсць чаму падзівіцца. Уражвае адна толькі плошча прыдамавой тэрыторыі — яна прыблізна з паўгектара. Ад убачанага разбягаюцца вочы: арыгінальныя металічныя чалавечкі, альтанка, якая патанае ў зеляніне, вінаграднікі, што ўжо радуюць сакавітым ураджаем, сажалка… Як аказалася, усё гэта — справа рук Аляксандра Мажуты. Натхненне і, галоўнае, час для стварэння навакольнай прыгажосці ў гаспадара з’явіліся пасля выхаду на пенсію — доўгі час ён працаваў у раённым ад­дзеле ўнутраных спраў і права на заслужаны адпачынак атрымаў у 45 гадоў.

Падчас размовы Аляксандр Георгіевіч завіхаецца ля кацялка, дзе варыцца духмяная рыбная по­ліўка. Прызнаецца, што кулінарыя — яго вялікае захапленне. Дарэчы, не адзі­нае. Бачылі б вы, які міні-музей старадаўніх рэчаў ён стварыў у сваёй летняй кухні! Тут і карціны больш чым векавой даўнасці, старыя абразы, вясковыя прылады працы, чучалы жывёл, самавары, кубкі і іншы посуд, які акуратна расстаўлены на прыгожым, ручной работы каміне… Усіх “экспанатаў” і не пералічыць!

Такі інтарэс да даўніны ў мужчыны з дзяцінства. Яшчэ школьнікам ён з вялікім задавальненнем удзельнічаў у археалагічных раскопках і радаваўся кожнай знойдзенай рэчы. Будучы ўжо на пенсіі, вярнуўся да гэтага захаплення. Звяртаўся да знаёмых, сяброў, вяскоўцаў з просьбай падарыць або прадаць непатрэбныя ім рэчы, якія маюць гістарычную каштоўнасць. “Галоўнае — задацца мэтай, зрабіць першыя крокі, а там ужо справа сама спорыцца”, — перакананы Аляксандр Мажута.

 

 

Гаспадыні да душы шчыраваць на зямлі, даглядаць невялікую гаспадарку. Амаль 20 гадоў яна адпрацавала прадаўцом, але некалькі месяцаў назад звольнілася, бо патрабуе догляду свякроў Ксенія Радзівонаўна Мажута.

—            Хутка ёй споўніцца 90, — з павагай гаварыла Ларыса Уладзіміраўна. —Лёс жанчыны няпросты, зрэшты, як і ва ўсіх людзей яе пакалення. Жудасныя падзеі Вялікай Айчыннай загартавалі характар, дадалі жыццёвай мудрасці, разважлівасці. І ўсяму, як маці, яна вучыла мяне. Вельмі ёй удзячна за паразуменне, за тыя ўрокі жыцця, якія пастаянна давала. Гэта датычыць многага, у тым ліку і хатніх спраў. У нашым доме дагэтуль знаходзіцца вялікая руская печ. Свякроў яшчэ ў маладосці навучыла мяне пячы пірагі, булачкі і іншыя прысмакі. Прыгатаваныя ў печы, яны маюць непаўторныя водар і смак. Госці, якія да нас наведваюцца, заўсёды ў захапленні.

На жаль, прыехаць  на сярэбранае вяселле бацькоў не змагла іх адзіная дачка Наталля. З нядаўняга часу яна жыве ў Санкт-Пецярбургу і ў родным пасёлку бывае нячаста. Таму галоўнымі гасцямі на ўрачыстасці ў каторы раз сталі суседзі. Ларыса Уладзіміраўна не шкадавала добрых слоў у іх адрас, захаплялася іх дабрынёй, чалавечнасцю. Успамінала, які сюрпрыз ёй зрабілі на 45-гадовы юбілей, калі без папярэджання завіталі з кветкамі, падарункамі і кранальнымі віншаваннямі.

У ліку тых, хто завітаў у той вечар да Мажутаў, былі Леакадзія і Дзмітрый Іванчанкі, якія самі хутка адзначаць залаты юбілей сумеснага жыцця. Так што “сярэбранай” пары ёсць да каго прыслухацца і ў каго павучыцца.

Віншавала суседку-сяброўку і Святлана Вярбіцкая.

—            Гэта ніякая не паказуха, у нас заўсёды падчас сустрэч так весела і гаманліва, — гаварыла яна. — Столькі падзей ужо адзначылі разам! Летась на Новы год наогул вынеслі на вуліцу тэлевізар і такое сабе свята арганізавалі! І на Купалле збіраліся, нават праз касцёр скакалі. На дні нараджэння, юбілеі таксама дома чакай гасцей. А калі, не дай бог, якое гора здарыцца, кожны з усіх сіл стараецца дапамагчы. На жаль, такія дружныя, роднасныя адносіны паміж суседзямі сустракаюцца ўсё радзей. Усё часцей людзі хочуць жыць самі сабе, ды яшчэ за высачэзнай агароджай — каб ніхто нічога не бачыў і не чуў. З’яўляюцца зайздрасць, крыўды. Я пераканана ў іншым: трэба гарнуцца адно да аднаго, узаемадапамагаць. Як добра, што на нашай вуліцы (Надрэчнай — аўт.) усе гэта добра разумеюць.

Іна СНЯЖКОВА. Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.