Свята беларускага слова

Культура

У старажытным горадзе Заслаўе 6-7 верасня адбылося вялікае нацыянальнае свята — ХХІ Дзень беларускага пісьменства. У складзе дэлегацыі пісь­меннікаў Віцебшчыны мне выпала магчымасць паўдзельнічаць у некаторых яго мерапрыемствах. Варта зазначыць, што Заслаўе прымала Дзень пісьменства ў другі раз (першы — у 2000 годзе), і ўпершыню ўрачыстасць доўжылася два дні. У суботу вуліцы горада запоўнілі народныя майстры, вясёлыя гандляры, пісьменнікі, кнігавыдаўцы, мастакі, спевакі і людзі розных іншых прафесій. Пачалі працаваць выставы кніг, карцін, вырабаў з гліны, тканіны, дрэва. У павільёне “Кнігі і прэса Беларусі” можна было азнаёміцца з новымі выданнямі і публікацыямі, пагутарыць з аўтарамі і выдаўцамі. У першы дзень былі ўрачыста адкрыты помнік заснавальніку горада князю Ізяславу “Кніжніку” і дзіцячы парк культуры і адпачынку з разнастайнымі атракцыёнамі.

У нядзелю ладзіліся галоўныя мерапрыемствы свята. У храме Праабражэння Гасподняга ўдзе­ль­нікі традыцыйнай рэспубліканскай навукова-творчай экспедыцыі “Дарога да святыняў” з Благадатным Агнём ад Гроба Гасподняга і шматлікія госці прымалі ўдзел у Літургіі, якую служыў епіскап Барысаўскі Веньямін. Пасля гэтага побач з царквой, якая, дарэчы, знаходзіцца на старажытным замчышчы, на галоўнай сцэне прайшло ўзнагароджванне пісь­меннікаў, якія сталі лаўрэатамі літаратурнай прэміі “Залаты купідон” у мінулым годзе. У іх ліку ў намінацыі “Паэзія” ўзнагароду атрымаў супрацоўнік мядзельскай раённай газеты “Нарачанская зара” Аляксандр Быкаў. Прэміямі ўганараваны таксама Алесь Савіцкі (проза), Таццяна Сівец (дзіцячая літаратура), Яўген Гарадніцкі (крытыка і літаратуразнаўства), Уладзімір Навумовіч (публіцыстыка), Аляксандр Валковіч (краязнаўства), Андрэй Цяўлоўскі (пераклад), Анатоль Андрэеў (прыгодніцкая літаратура), Іван Цітавец (песенны жанр).

На цэнтральнай плошчы горада праходзіў фестываль кнігі і прэсы Беларусі. Тут можна было ўбачыць экспазіцыю кніг — пераможцаў нацыянальнага і міжнароднага конкурсаў “Мастацтва кнігі”; фотавыставу “Пераможцы”, прымеркаваную да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Таксама праводзіліся прэзентацыі выдавецтваў і рэдакцый часопісаў і газет. Цікавым быў конкурс юных чытальнікаў, якія спаборнічалі ў дэкламацыі паэтычных твораў. Наогул, свята было насычана рознымі імпрэзамі і атракцыямі, якія часта праходзілі адначасова, што стварала пэўныя нязручнасці для тых, хто імкнуўся не толькі паесці і “патусавацца”, але і далучыцца да духоўнасці і культуры.

Чарговы Дзень беларускага пісьменства ўжо стаў гісторыяй. Ён паказаў, што беларуская культура з’яўляецца найбагацейшым скарбам нашага народа, а беларуская мова і літаратура жывуць і жыць будуць.

І. ПРАКАПОВІЧ, член Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.