У пастаўчан — галоўны трафей «Скуранога мяча»! Віншуем пераможцаў!

Местная власть Спорт

Каманда «ПМЦ» у вырашальным матчы абыграла аднагодкаў з магілёўскага «Тарпеда» і стала пераможцам рэспубліканскага турніру па футболе «Скураны мяч». Такі ўдалы дэбют зрабіў нашых футбалістаў героямі рэспубліканскіх газет, тэлебачання, інтэрнэту, а ў аўторак, 9 верасня, хлопчыкаў і іх трэнера ўшаноўвалі на базе футбольнай акадэміі «ПМЦ-Паставы».

Стаць пераможцамі прэстыжнага футбольнага турніру сярод дзяцей і падлеткаў «Скураны мяч» пастаўскія футбалісты спрабавалі шмат разоў. Да нядаўняга часу наблізіцца да трафея атрымалася толькі камандзе 1995 года нараджэння, якая ў 2007 годзе заняла ў рэспубліканскім турніры трэцяе месца. А вось хлопцам 2002-2003 гадоў нараджэння пашанцавала больш — сёлета іх дэбют увянчаўся перамогай і прынёс ашаламляльны поспех.

— Некаторыя хлопчыкі займаюцца на «ПМЦ» ужо па 4 гады, але да гэтага часу ні ў якіх спаборніцтвах, акрамя таварыскіх сустрэч, наша каманда не ўдзельнічала, — не хаваючы гонару за сваіх падапечных, расказваў трэнер каманды Васілій Мікітавіч Грантоўскі. — Што тычыцца турніру «Скураны мяч», то мэтанакіравана рыхтавацца да ўдзелу ў ім мы сталі яшчэ ў мінулым годзе. Увесь гэты час я ўсяляў у нашых футбалістаў упэўненасць, што калі прыкласці ўсе намаганні, то можна стаць пераможцамі. І не памыліўся.

Перш чым падняць над галавой трафейны Кубак, каманда ў складзе Арцёма Барынава, Дзяніса Галінскага, Уладзіслава Дубіна, Станіслава Гіля, Дзяніса Казлова, Аляксандра Пода, Багдана Трошкі, Германа Чалея, Арцёма Зарэцкага, Мікіты Давідоўскага, Вадзіма Мацкевіча, Рыгора Кабяка, Мацвея Іванова і Валерыя Валадзько выйграла занальныя, а затым і абласныя спаборніцтвы, забяспечыўшы тым самым выхад у фінал, які адбыўся ў Жлобіне. У ім прынялі ўдзел 8 каманд. Спачатку іх разбілі на дзве пад­групы, затым каманды сапернічалі за выніковыя месцы ў стыкавых паядынках. У вырашальным матчы паміж «ПМЦ» і магілёўскім «Тарпеда» пераможны гол у вароты сапернікаў забіў пастаўскі абаронца Дзяніс Казлоў.

— Гэта была вельмі цяжкая гульня. Да моманту яе правядзення хлопцы моцна стаміліся, але пра ўдары і дробныя траўмы прыйшлося забыцца, — дзеліцца ўражаннямі В. М. Грантоўскі. — Каманда праявіла велізарнае жаданне выйграць, паказала барцоўскі характар, прадэманстравала сілу волі, без якіх немагчыма перамога, нават пры самай дасканалай тэхніцы валодання мячом.

Акрамя футбольных матчаў, на турніры праводзіліся спаборніцтвы па тэхніцы валодання мячом і фізпадрыхтоўцы. Наша каманда паказала другі вынік, а Герман Чалей у асабістым заліку заняў 3-яе месца. Па выніках асноўных спаборніцтваў Дзяніс Казлоў прызнаны лепшым абаронцам. Пераможцы ўзнагароджаны дыпломамі, Кубкамі і каштоўнымі прызамі.

Выступаючы перад камандай-пераможцай у класе футбольнай акадэміі «ПМЦ-Паставы», галоўны трэнер Сяргей Міхайлавіч Ясінскі адзначыў:

— Я вельмі рады, што, нягледзячы на свой юны ўзрост, вы дасягнулі такой вялікай перамогі. Футбольнае жыццё складаецца не толькі з яркіх момантаў, у ім часта бываюць і паражэнні. Таму хачу, каб вы запомнілі, што самае галоўнае — любіць футбол ва ўсіх яго праявах, аддаваць яму ўсе сілы і не патрабаваць шмат узамен. Толькі тады абавязкова будзе вынік. Вы даведаліся, што такое перамога, якія прыемныя эмоцыі яна прыносіць. Але яна нікому не даецца проста так, яе трэба заваёўваць пастаяннай працай на трэніроўках і падчас гульні на полі. Жадаю і ў будучыні прыкладваць як мага больш сіл, каб перамагаць зноў і зноў. Радуйце сябе, нас і сваіх блізкіх.

Кіраўніцтва Пастаўскага мэблевага цэнтра заахвоціла трэнера каманды грашовай прэміяй, а для хлопцаў быў накрыты салодкі стол. За ім радасць перамогі з футбалістамі раздзялілі Анатоль Міхайлавіч і Вольга Яўгенаўна Бабічавы, заснавальнік футбольнага клуба і намеснік дырэктара прадпрыемства па ідэалагічнай рабоце, дырэктар клуба Ганна Аляксандраўна Казакевіч і трэнер каманды Васіль Мікітавіч Грантоўскі.

Вераніка ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.