Убралі за кароткі тэрмін


Бульбяны палетак у ААТ “Хацілы-агра” сёлета невялікі — усяго 5 гектараў. Тры палі, занятыя гэтай культурай, знаходзяцца недалёка ад Волахаў. Калі ў сераду мы прыехалі ў гаспадарку, самае большае з іх, перад фермай, было амаль убрана. На двух іншых кіпела работа — тут шчыравалі навучэнцы прафтэхкаледжа.

Яшчэ з дарогі заўважаю, наколькі актыўна ідзе працэс  на палетку: хлопцы, нібы тыя мурашы, раз за разам              спяшаюцца да трактара з поўнымі вёдрамі бульбы. Набіраюць іх усяго за пару хвілін. Яно і не дзіўна: барозны літаральна засыпаны адборнымі жоўтымі клубнямі. Кіраўнік групы №207 Валянціна Міхайлаўна Клянтак ледзь паспявае весці індывідуальны ўлік набраных навучэнцамі вёдзер. Таму, калі падыходжу да яе, каб пагутарыць, яна не адразу ўключаецца ў размову, працягвае пільна сачыць за вынікамі работы сваіх падапечных і занатоўваць іх у спецыяльным сшытку.

— Працуюць хлопцы выдатна, — хваліць маладых людзей педагог. — У мяне другакурснікі, 26 чалавек. Усе вельмі старанныя, з душой падыходзяць да справы, бульбу ўбіраюць хутка і чыста. Нягледзячы на тое, што да работы прыступаем у 9 гадзін раніцы і павінны закончыць яе ў 15 гадзін, пакуль раней за 16 гадзін з поля мы не ад’язджалі. У першы дзень, панядзелак, набралі 13 тон клубняў, учора — яшчэ больш, нагрузілі ажно чатыры прычэпы.

Не адстаюць ад сваіх старэйшых таварышаў і першакурснікі з групы №60, якія былі заняты на суседнім полі. За два дні яны падабралі амаль 32 тоны бульбы. Па словах кіраўніка Ірыны Вінальеўны Мілта, з часам юнакі не лічацца, стараюцца выканаць запланаваны на дзень аб’ём работы, дапамагчы гаспадарцы і зарабіць грошы. У дзень набіраюць не менш чым па сотні вёдзер кожны, а некаторыя нават больш за 140. На чалавека выходзіць у сярэднім па 840—860 кілаграмаў бульбы.

— Памочнікі сёлета ў нас цудоўныя, — гаварыла галоўны эканаміст гаспадаркі Наталля Анатольеўна Пабядзінская, якая ўвесь час знаходзіцца з навучэнцамі і выкладчыкамі ў полі. — Да іх няма ніякіх пытанняў або прэтэнзій. Працуюць без перакураў, паўгадзіны на абед — і зноў за работу. Вельмі імі задаволена. Калі не будзе дажджу, сёння завершым уборку бульбы, а затым прыступім да яе падборкі за культыватарам і пераборкі.

P. S.:Надвор’е сапраўды паспрыяла вяскоўцам і іх шэфам. Хоць у сераду, калі рыхтаваўся гэты матэрыял, сіноптыкі і абяцалі днём па захадзе краіны ападкі, непагадзь Пастаўшчыну аб­мінула, не зблытала намечаных планаў. Уборку “другога хлеба” ў ААТ “Хацілы-агра” завяршылі  за тры дні. А ўраджайнасць склала 182 цэнтнеры з гектара.

Алена ШАПАВАЛАВА. Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.