Ударная канцоўка. “Паставы-ПМЦ” — “Дзвіна-Барс” (Верхнядзвінск) — 5:1

Спорт


Каманды праводзілі паміж сабой ужо трэці матч у сезоне і добра ведалі, як будаваць сваю гульню. Госці асноўныя сілы сканцэнтравалі на абароне, а больш тэхнічныя пастаўчане адразу ўзялі пад кантроль мяч, перавялі гульню на палову поля саперніка і на 15-ай хвіліне адкрылі лік. Нападаючы пастаўчан Раман Мядзведзеў прарваўся па флангу і з вострага вугла ўдарам ад штангі вывеў сваю каманду наперад. Неўзабаве ў падобным становішчы апынуўся паўабаронца ПМЦ Ілья Якаўлеў, прабіў у дальні вугал, але мяч размінуўся са стойкай варот саперніка. Пасля гэтага гульня запаволілася, пастаўчане пачалі гуляць пасіўна, за што ў канцы першага тайма ледзь не паплаціліся. Праўда, завяршальны ўдар гасцей аказаўся крыху недакладным.

Пасля перапынку характар барацьбы змяніўся, наша каманда правяла некалькі замен і загуляла актыўней. У выніку галявыя моманты каля варот саперніка пачалі ўзнікаць часцей, але тройчы пастаўчане прамахваліся пры выкананні завяршальных удараў. Толькі на 67-ай мінуце пастаўчане павялічылі сваю перавагу, калі ўдарам з ходу левы нападаючы Дзмітрый Кундра, які аднавіўся пасля траўмы, забіў вельмі прыгожы гол. Аднак з такім развіццём падзей сапернік не пагадзіўся, арганізаваў хуткую контратаку, якую ўдала завяршыў адзіны цэнтрфорвард гасцей Віталь Смалякоў — 2:1.

Заключныя 10 хвілін паядынку сталі насычанымі. Цэнтральны абаронца пастаўчан Аляксандр Ванда пасля сутыкнення з варатаром саперніка змог прадоўжыць гуляць толькі пасля аказання яму медыцынскай дапамогі. У наступнай атацы галкіпер “Дзвіны-Барса” недазволеным прыёмам спыніў прарыў нападаючага гаспадароў Андрэя Вілейты, а штатны пенальціст Д. Кундра прабіў бездакорна. Услед за гэтым трапным ударам вызначыўся яго таварыш Руслан Зелянкевіч, а на апошняй хвіліне свой трэці мяч у матчы і восьмы ў сезоне па-майстэрску правёў Дзмітрый Кундра.

Шостую запар перамогу прынеслі Казаравец (Жыльцоў), Танана (Архіпаў), Бяльчонак, Ванда (Лысёнак), Камісарчук, Карага (к, Голубеў), Цітовіч (Вілейта), Якаўлеў (Павініч), Зелянкевіч, Мядзведзеў (Я. Грантоўскі). Пастаўчане з 23 набранымі ачкамі яшчэ больш наблізіліся да перамогі ў 2-ой лізе, бо за 3 туры да завяршэння першынства па-ранейшаму на 7 балаў апярэджваюць бліжэйшага саперніка з Шаркаўшчыны. У наступным туры каманда “Паставы-ПМЦ” адпачывае, але можа датэрмінова стаць  уладальнікам пуцёўкі ў 1-ую лігу ў тым выпадку, калі футбалісты з Шаркаўшчыны дапусцяць асечку на выездзе ў Докшыцах.

Уладзімір ШЫК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.