Украінцаў прынялі як родных


У дзяцінстве Віктар Іваноў, які нарадзіўся і жыў ва Украіне, на летніх канікулах любіў бываць у бабулі ў Пятрагах. Прыязджаў кожны год і ніколі не думаў, што так зменяцца абставіны і сюды давядзецца вярнуцца ў пошуках спакою. Трагічныя падзеі на яго радзіме прымусілі пакінуць усё нажытае і ратаваць жыццё. У канцы ліпеня 33-гадоваму Віктару ўдалося дабрацца да бабулінай хаты.

— Мы жылі за 18 кіламетраў ад Луганска, — расказваў. — Да канца мая ў нашым горадзе было адносна спакойна. Працавалі прадпрыемствы, магазіны, іншыя сацыяльныя аб’екты. Па спецыяльнасці я металург, работу меў на заводзе. Трывожыла тое, што адбывалася ў Кіеве, Данецку, іншых гарадах. Нас баявыя дзеянні абміналі. А калі іх хваля дакацілася і пачаліся страляніна і бамбёжкі, мы таксама апынуліся ў небяспецы. Ідзеш на работу, а над табой свішчуць кулі. У кватэру майго брата трапіў снарад. На шчасце, дома нікога не было. У горадзе адключылі святло і ваду, газ падаецца толькі ў вызначаны час. У магазінах мізэрны запас прадуктаў, іх купіць няма за што, бо зарплату не плацяць. Крыху прасцей тым, хто жыве ў пасёлках, у каго свой дом і прысядзібны ўчастак, засталіся яшчэ невялікія запасы нарыхтовак. А ў жыхароў шматпавярховак на стале ўсё з мага­зіна. Хутка закончыліся крупы, макарона, цукар, хлеб. У хала­дзільніку пуста, а есці хочацца. Перспектывы ніякай. Таму мы з Веранікай і брат вырашылі ехаць. У брата грошай хапіла толькі да Расіі, і ён з сям’ёй застаўся там у знаёмых. Мы прыехалі ў Пятрагі. З рэчаў узялі тое, што змясцілася ў дарожнай сумцы, — у асноўным летняе адзенне.

І тут да прыезджых прыхінуліся радня, суседзі і ўвогуле жыхары вёскі. На першым часе іх падтрымка стала вельмі адчувальнай. Паўстала пытанне з праца­ўладкаваннем. Праз раённы цэнтр занятасці ўдалося выйсці на дырэктара адкрытага акцыянернага таварыства “Навасёлкі-Лучай”. Юрый Францішкавіч Шымчык не проста з разуменнем аднёсся да лёсу маладых людзей, а зрабіў канкрэтныя захады, каб дапамагчы.

Цяпер Віктар і Вераніка маюць жыллё і работу. Пакуль жывуць у Навасёлках, працуюць на новай робатызаванай ферме ў Коўзанах. Усе, з кім давялося пазнаёміцца за гэты час, імкнуцца чымсьці дапамагчы. Такая нераўнадушнасць з боку чужых людзей падбадзёрвае. Вяскоўцы прыносяць прадукты харчавання, вопратку, пасцельную бялізну і многае іншае. Спецыялісты гаспадаркі і работнікі фермы сабралі крыху грошай.

— Я ведаў, што беларусы добразычлівыя, — гаварыў Віктар, — але не думаў, што настолькі. Калі ў Пятрагах мяне большасць ведалі з дзяцінства, то для работнікаў фермы, жыхароў Навасёлак я зусім чужы. Яны ж праявілі чуласць і бескарыслівасць. А чаго вартыя цішыня і спакой. Стан маёй душы могуць зразумець толькі тыя, хто прайшоў праз пекла вайны. Цяпер гэта пекла ва Украіне.

Работа на ферме для Віктара і Веранікі (яна па спецыяльнасці повар) непрывычная. Усяму прыходзіцца вучыцца з нуля. Падказваюць, дзеляцца вопытам тыя, хто працуе ў жывёлагадоўлі даўно. А маладыя работнікі па крупінках запамінаюць.

— Было б жаданне, усяму можна навучыцца, — гаварыў Віктар. — Спадзяюся, атрымаецца і ў нас. Часовыя праблемы — гэта дробязі. Упэўнены, зможам нажыць усё неабходнае. Галоўнае, што ў Беларусі мір і спакой, нас акружаюць добрыя, адкрытыя людзі. Мы шчыра ўдзячны ўсім, хто не застаўся раўнадушным да нашага лёсу і падтрымаў.

Анна АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.