Украінскія бежанцы: “Беларусь палюбілі, а Радзіма мілей”


15 верасня глядзела на канале “АНТ” ток-шоу “Дело принципа”, у якім палітыкі, палітолагі, журналісты з Расіі, Беларусі і Украіны абмяркоўвалі пытанне, ці будзе трывалым мір ва Украіне. Прагучалі лічбы: гэту краіну пакінуў мільён бежанцаў, з іх 25 тысяч знайшлі прыстанішча ў Беларусі. І мне ўспомнілася нядаўняя сустрэча з трыма ўкраінкамі, якія тры месяцы таму прыехалі  ў Паставы з Луганскай вобласці.

Гэтым летам Саша Карпачова з горада Пятроўскае Луганскай вобласці закончыла сярэднюю школу. У выбары далейшага шляху не вагалася — паступае ў Луганскі ўніверсітэт, а тэсты здаваць вырашыла ў Харкаве. Дзяўчыну суправаджала “група падтрымкі” — мама Лілія Іосіфаўна і стрыечная сястра Крысціна, якая сёлета закончыла чацвёрты курс Луганскага ўніверсітэта. 12 дзён, на працягу якіх праводзілася тэсціраванне, праляцелі хутка. На руках былі білеты на зваротны шлях. Але на Луганшчыне разгарнуліся ваенныя дзеянні, і тата Сашы ўгаварыў іх не рызыкаваць жыццём, а значыць — не вяртацца дадому. Пакінулі Луганшчыну таксама мама і брат Крысціны. З Харкава ўсе разам адправіліся да радні ў Саратаў. Аднак усё там было няміла. Карпачовы вырашылі: трэба або вяртацца дадому, пад кулі, або ехаць у Беларусь да стрыечных сясцёр і брата. “Толькі ў Беларусь!” — падтрымала і Крысціна. І яны ўзялі білеты на поезд з Саратава да Пастаў.

— Вельмі душэўна прынялі нас і сёстры Тая і Валя, якія жывуць у Варапаеве, і брат Валера ў Паставах, — расказвала Лілія Іосіфаўна Карпачова. — Асабліва ўдзячныя Валеравай сям’і. Не толькі ён, але і жонка Лена, сын Жэня, дачка Ксюша робяць усё для таго, каб мы адчувалі сябе камфортна.

— А як нам спадабаліся Паставы! — дзяліліся Аляксандра і Крысціна. — Чыста, утульна, прыгожа. Пасябравалі з Жэнем і Ксеняй, пазнаёміліся з іх сябрамі. І ўвогуле ў Беларусі здорава!

Але яны прыехалі не ў  госці. Трэба было думаць, як жыць далей. Саша паступіла на вячэрняе аддзяленне Пастаўскага прафтэхкаледжа вучыцца на повара (бясплатна!), яе маці і Крысціна ў пошуках работы звярнуліся ў Пастаўскі выторча-мэблевы цэнтр.

— Якія цудоўныя ў Беларусі людзі! — не перастае захапляцца Л. І. Карпачова. — Зайшлі ў каледж, каб даведацца, ці магчыма паступіць на вучобу, дык дырэктар не толькі ўсё нам расказаў, але і запрасіў у кабінет, пачаставаў кавай, распытаў пра наша жыццё. А як апякуе Сашу выкладчыца Раіса Мікалаеўна Хруцкая! Душа-чалавек! Столькі мацярынскай цеплыні ў яе! Не магу не сказаць і пра Канстанціна Пятровіча Савіцкага, які таксама вельмі спагадна паставіўся да нас, зразумеў, у якой мы няпростай сітуацыі аказаліся, і  прапанаваў работу на прадпрыемстве. А дырэктар каледжа паабяцаў усіх трох пасяліць у інтэрнаце. Як бы добра нам ні было ў Валеры з Ленай, разумеем, што пацяснілі іх.

— Як думаеце, ці надоўга затрымаецеся ў Беларусі? — спытала ў бежанцаў

— Не ведаем, — адказалі. — Гэта будзе залежаць ад абстаноўкі ў Данбасе. Вельмі сумуем па родных і калегах. А як перажывалі, калі з Луганскам не было ніякай сувязі! У наш дом трапіў асколак снарада, павыбівала вокны…

І вось, у адпаведнасці з  мінскімі дамоўленасцямі паміж Украінай, Расіяй і АБСЕ ў Данбасе аб’яўлена і захоўваецца перамір’е. Тэлефаную сваім новым знаёмым: як успрынялі такую навіну?

— Учора купілі білеты да Луганска, — чулася радасць у голасе Ліліі Іосіфаўны Карпачовай. — Пазванілі калегі, клічуць на работу (жанчына — аператар пры дзяжурным чыгуначнай станцыі — аўт.), бо работа чыгункі аднаві­лася. Універсітэт у Луганску пачаў залічваць студэнтаў, і Саша па балах павінна прайсці. Прадоўжыць вучобу Крысціна. Адным словам, вяртаемся дадому. Але абавязкова напішыце ў газеце, што назаўсёды запомнім тое цяпло, якім сагрэла нас Беларусь, і пры першай жа магчымасці будзем прыязджаць сюды ў госці. Дзякуй і родным, і чужым людзям. Мы ніколі не забудзем іх дабрыні!

Пажадаем жа Ліліі Іосіфаўне, Аляксандры і Крысціне, каб Ра­дзіма сустрэла іх мірам і гэты мір ніколі больш не парушаўся.

Фаіна КАСАТКІНА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.