Выпрабаванне, але не прысуд


Яго хаджэнні па пакутах пачаліся ў жніўні 2005 года. Леанід Мікалаевіч Данілевіч да драбніц памятае той дзень, калі невыносны боль скаваў спіну. Пазваночнік непакоіў і раней, але ўколы дапамагалі здымаць прыступы. “Ну ў каго з вадзіцеляў няма радыкуліту? — супакойваў у такіх выпадках сябе. — Пабаліць і пройдзе”.

На гэты раз не прайшло. Сын адвёз у бальніцу ў Паставы. Абследаваўшы пацыента, медыкі выявілі ажно тры грыжы на пазваночніку і прынялі рашэнне накіраваць хворага ў абласную бальніцу. Хадзіць Леанід ужо не мог, ад нясцерпнага болю поўзаў па палаце на каленках. Было відавочна, што без аперацыі не абысціся. “Я пастаўлю цябе на ногі!” — запэўніў абласны хірург. Але гэтага не адбылося. Пасля аперацыі і далейшага лячэння ў абласной бальніцы Леаніда ўнеслі дадому на насілках.

Змірыцца з гэтым было немагчыма, і сям’я стала шукаць паратунку. Дзякуючы тагачаснаму намесніку старшыні райвыканкама Але Эдмундаўне Кейзік хвораму ўдалося трапіць у Мінскі Інстытут нейрахірургіі і неўралгіі, а затым у пятую клінічную бальніцу, дзе была зроблена другая аперацыя на пазваночніку, а калі і яна не прынесла жаданага выніку — у Інстытут траўматалогіі і артапедыі. Спецыялісты апошняга вынеслі несуцяшальны вердыкт: “Занадта позна! Трэба было адразу звяртацца да нас. Калі цяпер у трэці раз “залезці” ў пазваночнік, гэта можа скончыцца поўнай нерухомасцю ног!”

У 49 гадоў Леанід стаў інвалідам. Спачатку другой групы, а неўзабаве — першай. Прызначэнне першай групы прыняў як прысуд. “Ну што, мне канцы?” — скрозь слёзы звярнуўся да жонкі. “Ты што, Лёня? — супакойвала Яд­віга Станіславаўна. — Мы яшчэ пазмагаемся”.

І вось ужо дзясяты год яны змагаюцца. Лад жыцця Леаніда Мікалаевіча кардынальна змяніўся. Па сваёй прыродзе ён майстар на ўсе рукі. Раней працаваў ва­дзіцелем у рыбгасе “Навінкі”. Але толькі рулём не абмяжоўваўся, мог выканаць (і выконваў) любыя такарныя, слясарныя або электраработы, і да яго часта звярталіся па такія паслугі. А якую вялікую хатнюю гаспадарку трымалі! Напоўненыя клопатамі дні праляталі імгненна. Дактарам да аперацыі не надакучаў. А вось пасля яе стаў пастаянным кліентам, бо з-за праблем з пазваночнікам пайшлі парушэнні і ў іншых органах. Два разы ў год Л. М. Данілевіч праходзіць рэа­білітацыю ў неўралагічным ад­дзяленні ЦРБ.

— Як жа мяне разумее і падтрымлівае загадчыца аддзялення Ірына Серафімаўна Крывенька! — гаварыў Леанід Мікалаевіч. — Бязмежна ўдзячны ёй, а таксама хірургу Уладзіміру Сцяпанавічу Чараўко. Вельмі падтрымліваў мяне хірург Ігар Міхайлавіч Забенька. Не забываюць дырэктар рыбгаса Аляксандр Пятровіч Ліхаманаў і дырэктар ААТ “Парыж-агра” Аляксандр Рамуальдавіч Барташэвіч.

Ну а галоўныя яго надзея і апора ва ўсіх выпрабаваннях, вядома ж, жонка Ядвіга Станіславаўна, з якой яны разам вось ужо 37 гадоў, а таксама дзеці. Усе трое закончылі педуніверсітэт. Праўда, зараз у школе, а дакладней, у гімназіі ў Мінску працуе толькі Таццяна, а Людміла і Аляксандр знайшлі сабе прымяненне ў Паставах у іншых сферах. Усе наведваюцца ў Навінкі да бацькоў. Для іх шчасце, што сустракаюць і мама, і тата. А колькі радасці ўнукам пагасцяваць у бабулі і дзядулі, а летам — правесці тут усе канікулы. Самаму меншаму, Багданчыку, споўніўся толькі годзік, як яго пакінулі на выхаванне, бо мама малога выйшла на работу, а бабуля, наадварот, пакінула сваю вельмі адказную пасаду старшыні сельскага Савета. “Хоць і клопатна было з малым, затое лягчэй праходзіла адаптацыя да пенсіянерскага жыцця, — прызнаецца Ядвіга Станіславаўна. — І ў дзядулю ўсе ўнукі ўлюбёныя”.

Нягледзячы на недамаганні, Леанід Мікалаевіч знаходзіць сабе прымяненне. Успамінае, як, завяршаючы пяты дзясятак, вучыўся хадзіць занава, на мыліцах. Ад болю траціў прытомнасць і падаў, ламаў ногі. Зноў і зноў трапляў у бальніцу, але не здаваўся. Зараз па хаце рухаецца нават без палачкі, крыху большыя адлегласці адольвае з яе дапамогай. Летам і восенню наразае і сушыць лекавыя травы (жонка вырошчвае іх 20 гатункаў), яблыкі, грыбы, корпаецца ў гаражы, рамантуе бытавую тэхніку, нават дапамагаў сыну (у большай ступені — парадамі) абуладкоўваць дачу. Калі самаадчуванне горшае, кладзецца ў ложак і ўключае тэлевізар або камп’ютар, акунаецца ў свет навін.

Жыццё працягваецца…

Фаіна КАСАТКІНА, Уладзімір КАЛІБАТАЎ (фота),

Казлоўшчынскі сельсавет.  



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.