21 верасня — Дзень работнікаў лесу

Местная власть

У Пастаўскім лясгасе шмат маладых спецыялістаў, выпускнікоў сярэдніх і вышэйшых навучальных устаноў краіны. Нямногім больш за год таму назад Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт закончыла і Алена Мірошка. Дзяўчына працуе інжынерам па лесааднаўленні і меліярацыі, работай задаволена.

Сёлета спаўняецца 75 гадоў з дня ўтварэння Пастаўскага лясгаса. Урачыстасці з нагоды юбілейнай даты адбудуцца пазней, а заўтра  326 работнікаў лясной гаспадаркі і вялікі атрад ветэранаў адзначаць сваё прафесійнае свята. 

Каб пабываць і пазнаёміцца з работай дзевяці лясніцтваў, якія размешчаны на тэрыторыі ўсяго раёна, дрэваапрацоўчага цэха “Смалярня” і нядаўна створанага лесапункта, спатрэбіцца шмат часу. Але наведванне нават толькі часткі гэтых падраздзяленняў сведчыць пра тое, што лясгас не стаіць на месцы, настойліва і эфектыўна займаецца лесагаспадарчай і прамысловай вытворчасцю, пабочным карыстаннем лесу, дрэваапрацоўкай, паляўнічай гаспадаркай. Асабліва прыкметныя новабудоўлі. Радуе будынак Лынтупскага лясніцтва з падсобнымі памяшканнямі. У Год гасціннасці ў Варапаеўскім лясніцтве завершана будаўніцтва прыгожага, утульнага паляўнічага комплексу на беразе возера. Новая агароджа “акальцавала” добраўпарадкаваную тэрыторыю,на якой размешчаны адміністрацыйны корпус лясгаса. Вядуцца мадэрнізацыя гаража і будаўніцтва прапускнога пункта на вытворчай базе “Смалярня”, аддзелачныя работы ў бытавым памяшканні гадавальніка. Важнейшымі аб’ектамі года з’яўляюцца дзве лесагаспадарчыя дарогі працягласцю адпаведна 11 і 10 кіламетраў, будаўніцтва якіх вядзецца ў Пастаўскім і Варапаеўскім лясніцтвах.

Усё часцей у лясных масівах і на новых лясных дарогах можна ўбачыць сучасную лесагаспадарчую тэхніку. Толькі за апошнія два гады набыта больш за 20 адзінак розных транспартных сродкаў, у іх ліку фарвардары, харвэстары, МАЗы, сартыментавозы і іншыя механізмы і абсталяванне. Дзякуючы абнаўленню машынна-трактарнага парка, тэхнічнаму пераўзбраенню прыкметна ўзрасла прадукцыйнасць працы, знізіліся матэрыяльныя затраты на адзінку прадукцыі. Ды інакш і не можа быць, бо на рубцы, вывазцы драўніны выкарыстоўваецца сучасная высокапрадукцыйная тэхні­ка. Што значыць толькі адзін шматаперацыйны харвэстар, работу якога ў лесе прадэманстраваў аператар Аляксандр Урбанайць! Машына ў лічаныя секунды валіць дрэва, абразае сукі і раскрыжоў­вае драўніну па сартыменце. Пры нармальнай рабоце агрэгат нарыхтоў­вае за месяц да 2 тысяч кубаметраў.

У машыністаў харвэстара Аляксандра Урбанайця і Андрэя Радкевіча стаж работы ў лясгасе невялікі. Але абодва зарэкамендавалі сябе стараннымі і дысцыплінаванымі, нездарма і працуюць на самай сучаснай высокапрадукцыйнай машыне, дабіваюцца добрай выпрацоўкі.
У свой час Алесь Шумейка нават не ўяўляў, як ва ўмовах лесу можна працаваць на магутнай тэхніцы. Сёння машыніст тралёвачнай (лесанарыхтоўчай) машыны адчувае сябе тут гаспадаром.

Сёлета на прадпрыемстве пайшлі на своеасаб­лівы эксперымент, аб’яднаўшы лесанарыхтоўчыя брыгады і іншых работнікаў у новае падраздзяленне — лесапункт. Пакуль такія калектывы існуюць толькі ў некалькіх лясгасах Віцебшчыны. Узначаліў яго малады спецыяліст Арцём Лойка. Лесапункт дзейнічае ўсяго трэці месяц, і рабіць нейкія вывады рана. Але надзеі на эфектыўную работу гэтага суб’­екта па павелічэнні нарыхтовак драўніны ўскладваюць вялікія. Увогуле, кірунак на механізацыю работ у лесе будзе вытрымлівацца і ў далейшым.

Пашыраецца ўкладанне інвестыцый у розныя праекты. Шмат іх было ажыццёўлена ў мінулым годзе. Сёлета сума інвестыцый склала ўжо амаль 6 мільярдаў 200 мільёнаў рублёў. Укладзеныя грашовыя сродкі даюць аддачу. Напрыклад, паўтара года назад на 9,5 гектара былі завершаны работы па рэканструкцыі і пашырэнні плошчы гадавальніка ў Азёрках. Цяпер тут з задавальненнем адзначаюць, што ажыццёўленыя мерапрыемствы дазваляюць забяспечыць лесакультурныя і лесааднаўленчыя работы ўласным пасадачным матэрыялам ў неабходнай колькасці і асартыменце. Невыпадкова гэтым летам гадавальнік у ліку іншых аб’ектаў лясгаса стаў месцам правядзення абласнога семінара па прымяненні новых сродкаў механізацыі, якія прадэманстравалі прадстаўнікі айчынных вытворцаў, а таксама вядомых фірм з Расіі і Поль­шчы.

Уласнаму гадавальніку ўжо цяпер адводзіцца вялікая роля ў аднаўленні лясоў. А гэта разам з іх аховай з’яўляецца галоўнай мэтай і задачай кіраўніцтва, спецыялістаў, усіх работні­каў лясгаса. Вясной ва ўстаноўленыя тэрміны на 209 гектарах былі праведзены лесааднаўленчыя работы. Штогод у межах 400—450 гектараў праводзяцца рубкі догляду ў маладняках. Да 43 тысяч кубічных метраў драўніны даюць рубкі прамысловага карыстання. На ўсёй плошчы ляснога фонду (а ён складае больш за 90 тысяч гектараў) сіламі лясной аховы забяспечваецца ахова зялёнага багацця ад пажараў і розных лесапарушэнняў, а дзікіх жывёлін — ад браканьераў.

Дзейнасць калектыву характарызуюць і многія іншыя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця, выкананне якіх пастаянна трымаецца на кантролі. За восем месяцаў 2014 года ў лясгасе нарыхтавана і вывезена адпаведна 100,8 і 95 тысяч кубічных метраў драўніны, выраблена 5,3 тысячы кубічных метраў піламатэрыялаў. На 1,7 мільёна долараў ЗША адгружана прадукцыі на экспарт. На 340 мільёнаў рублёў нарыхтавана прадукцыі пабочнага карыстання і падсобнай сельскай гаспадаркі. Даход ад паляў­нічай гаспадаркі склаў 122 мільёны рублёў.

Што дазваляе весці лясную гаспадарку на належным узроўні і быць у ліку лепшых калектываў абласнога лесагаспадарчага аб’яднання? Адказваючы на гэта пытанне, дырэктар лясгаса У. У. Місачэнка ў першую чаргу назваў працаздольны, згуртаваны калектыў, прафесійных і ініцыятыўных кіраўнікоў падраз­дзя­ленняў, спецыялістаў, радавых працаўнікоў. Іх старанне цэняць, заўважаюць. Вось і падчас прафесійнага свята стала добрай традыцыяй падводзіць вынікі працоўнага спаборніцтва, заахвочваць людзей маральна і матэрыяльна. Сёлета група работнікаў, якія найбольш вызначыліся на вытворчасці, адзначаны Міністэрствам лясной гаспадаркі і абласным лесагаспадарчым аб’яднаннем, раённым выканаўчым камітэтам.

Вельмі прэстыжным лічыцца выйсці пераможцам сярод калектываў лясгаса і работнікаў вядучых прафесій. Сёлета імі сталі Ваўкоўскае, Старадворскае і Варапаеўскае лясніцтвы. Іх кіраўнікам Аляксандру Валянцінавічу Далжонку, Юрыю Юзэфа­вічу Чашуну і Анатолію Уладзіміравічу Сапрончыку будуць уручаны каштоўныя падарункі: матацыкл, камп’ютар і мотакустарэз. 19 чалавек прызнаны лепшымі па прафесіі і ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі лясгаса.

Сёлета работнікі Лынтупскага лясніцтва ўпершыню сустракаюць сваё прафесійнае свята ў новым адміністрацыйным будынку. Радуе не толькі наваселле, але і працоўныя дасягненні. Пра гэта сведчыць Ганаровая грамата абласнога вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання і абкама прафсаюза работнікаў лесу, якой узнагароджаны кіраўнік калектыву Рышард Пецюлевіч. Яго памочнік Леанід Руткоўскі адзначаны нагрудным знакам выдатнасці Мінлясгасу “20 гадоў бездакорнай службы ў дзяржаўнай лясной ахове Рэспублікі Беларусь”. На здымку: ляснічы Рышард Пецюлевіч і памочнік ляснічага Леанід Руткоўскі.

Свой уклад у згуртаванне калектыву, замацаванне кадраў уносіць і прафсаюзны камітэт. Напярэдадні свята ім было прынята рашэнне ўзнагародзіць граматамі і грашовымі прэміямі вадзіцеляў В. А. Ардынскага, Я. П. Будзько, С. А. Белкіна, майстра лесу Э. Я. Вялічку, лесніка М. Л. Лабуця і сакратара прыёмнай дырэктара Л. Л. Пляшкун, якія адпрацавалі ў лясной галіне па 20  і больш гадоў. Многім работнікам аб’яўлены па­дзякі.

Спорыцца работа ў станочнікаў і ўкладчыкаў піламатэрыялаў дрэваапрацоўчага цэха “Смалярня” Андрэя Ягелы, Аляксея Кухальскага, Канстанціна Шыёнка, Дзмітрыя Лапушынскага, Аляксея Якаўлева і Дзмітрыя Дзіковіча.

Дарэчы будзе нагадаць і пра тое, што сёлета каманда лясгаса ўпершыню заваявала другое месца на абласным конкурсе прафесійнага майстэрства. Другімі лясгасаўцы сталі на раённым турыстычным злёце. Гэтым самым яны пацвердзілі сваю ўніверсальнасць, згуртаванасць, адданасць справе.  »

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.