Зноў вызначыліся пастаўскія хлебапёкі і кандытары


Тэхнолаг Вольга Цыунель дэманструе ўзнагароды, атрыманыя на міжнароднай выставе.

З 9 па 12 верасня ў Нацыянальным выставачным цэнтры “Белэкспа” прайшла 10-ая Міжнародная спецыялізаваная выстава “Хлебная і кандытарская справа”.

Прафесійны форум хлебапёкаў і кандытараў, як адзначаюць яго арганізатары, з’яўляецца адзіным выставачным праектам на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Ён збірае ўсіх вядучых аператараў хлебнага рынку нашай краіны, а таксама блізкага і далёкага замежжа і дае спецыялістам і спажыўцам унікальны шанс паказаць сябе і атрымаць поўную і наглядную інфармацыю пра дасягненні і новыя распрацоўкі ў галіне. Сярод удзельнікаў выставы, як і ў папярэднія гады, было Пастаўскае раённае спажывецкае таварыства.

На гэты раз на рэспубліканскі агляд якасці хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў “Ласунак-2014” былі прадстаўлены чатыры ўзоры прадукцыі ўласнай распрацоўкі хлебазавода, а таксама майстра-кандытара Алены Пузан і тэхнолага кандытарскага цэха філіяла “Каапгандаль №2” Вольгі Цыунель. Міжнароднае журы высока ацаніла майстэрства пастаўчан. Залатога медаля ўдастоены хлеб “Царскі” з арэхамі, хлеб-навінка “Залаты ключык” і набор пірожных “Трыо для задавальнення”, бронзавым медалём — торт “Капрыз”.

У рамках дзелавой праграмы фестывалю праходзіла каля дзесяці розных мерапрыемстваў. Пры падтрымцы кіраўніцтва праўлення райспажыўтаварыства і філіяла №2  пастаўчане таксама прынялі ўдзел у Міжнародным чэмпіянаце кандытарскага мастацтва. Аказалася, што Алена Пузан і Святлана Карандашова былі адзінымі з сістэмы Белкаапсаюза, хто не спасаваў перад канкурэнтамі і годна прадэманстраваў сваё майстэрства на такім высокім узроўні. Іх тарты “Святочны”, а таксама “Цукровыя кветкі” і “Вясельны” адзначаны дыпломамі і бронзавымі медалямі. Для сапраўдных майстрых удзел у міжнародным чэмпіянаце стаў яшчэ адным крокам у іх прафесійным росце, добрым стымулам для прыгатавання яшчэ больш прыцягальных і арыгінальных вырабаў. А справа гэта няпростая, патрабуе шмат часу, фантазіі, вытрымкі. Напрыклад, над сваёй кампазіцыяй з цукровых кветак пад назвай  “Настальгія” Святлана Карандашова працавала цэлы месяц.

Шмат карыснага  і павучальнага па актуальных пытаннях галіны прагучала на міжнароднай канферэнцыі. У ёй удзельнічалі таксама прадстаўнікі райспажыўтаварыства: вядучы інжынер па якасці Аляксей Алдашкін, начальнік участка Наталля Марціна і загадчыца лабараторыі хлебазавода Святлана Чалей.

Застаецца спадзявацца, што выставачныя ўзоры новай прадукцыі з’явяцца ў продажы і ў магазінах, прыйдуцца даспадобы аматарам салодкага.

Тэкст і фота Пятра Курыловіча.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.