Галоўнае не гады, а стан душы

Общество

Дэлегацыя з Камай

Пачынаючы з 1991 года, па рашэнні Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, 1 кастрычніка адзначаецца Міжнародны дзень пажылых лю­дзей. Для Беларусі ён мае асаблівае значэнне,  бо 20% яе жыхароў старэй за 60 гадоў. Не выключэнне і  Пастаўшчына — толькі ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама на ўліку знахо­дзіцца каля 12000 пенсіянераў.

Дзякуючы намаганням  работнікаў Пастаўскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, актыўнай жыццёвай пазіцыі саміх  пажылых лю­дзей  дзясяткі іх сталі ўдзельнікамі мерапрыемстваў, прымеркаваных да гэтай даты. Найбольш масавае адбылося ў Паставах у Доме культуры па вуліцы Станкевіча. Дарэчы, многіх жадаючых прыняць у ім удзел  сюды даставілі бясплатна. Прысутныя змаглі не толькі добра адпачыць, але пры патрэбе праверыць стан здароўя, высветліць нейкія жыццёвыя пытанні. Для іх працавала грамадская прыёмная, дзе аказвалі паслугі медыкі, псіхолаг, юрыст, спецыяліст па пенсіях і дапамогах. Работнікі салона “Міласэрнасць” правялі акцыю “З рук у рукі” па раздачы рэчаў. Людзі з задавальненнем спыняліся ля выставы, на якой былі прадстаўлены вырабы наведвальнікаў аддзялення адаптацыі, рэабілітацыі і дзённага знаходжання інвалідаў, а таксама пастаяльцаў Пастаўскага   аддзялення кругласутачнага знаходжання.

Прысутных вітаў намеснік старшыні райвыканкама Ю. М. Кісялёў. Ён нагадаў, што ў Беларусі дзейнічае Комплексная праграма развіцця сацыяльнага абслугоўвання на 2011—2015 гады, у адпаведнасці з якой прымаецца шэраг практычных мер па павышэнні ўзроўню жыцця ветэранаў і пажылых людзей. У краіне цэняць іх мудрасць, багаты вопыт і веды. “Ваш узрост вымяраецца не гадамі, а станам душы, — падкрэсліў Юрый Мікалаевіч. —  Заставайцеся жыццярадаснымі і здаровымі, энергічнымі і ініцыятыўнымі, будзьце  прыкладам для дзяцей і ўнукаў”.

Менавіта такую грамадскую і жыццёвую пазіцыю займаюць удзельнікі народнага хору ветэранаў працы, які пад нязменным кіраўніцтвам Паўла Пятровіча Рагіні больш за 30 гадоў радуе гледачоў самых розных узростаў. І на гэты раз найстарэйшы творчы калектыў першым распачаў канцэрт, выканаўшы некалькі песень. Узнагародай яму сталі дружныя апладысменты. Іх па праву заслужылі таксама народны ансамбль песні “Маладзі­цы”  і дзіцячы творчы калектыў філіяла Навасёлкаўскай школы мастацтваў, якія парадавалі сваім выканальніцкім майстэрствам, разнастайным рэпертуарам.

Цікавым атрымаўся розыгрыш бясплатнай латарэі. Яе спонсарамі выступілі арганізатары свята, а таксама раённая арганізацыя таварыства Чырвонага Крыжа.

Выйгрышы нечакана для сябе атрымалі некалькі пенсіянераў з адкрытага акцыянернага таварыства “Камайскі-агра”. Дарэчы, дэлегацыя камайцаў аказалася ­адзінай, хто з сельскай мясцовасці прымаў удзел у святкаванні Дня пажылых людзей. За гэта, як адзначыў ветэран працы Д. І. Урбанайць, вельмі ўдзячны цяперашняму кіраў­ніцтву сельгаспрадпрыемства.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.