Падзяка за хлеб (+фота)

Духовность

12 кастрычніка ў касцёле Святога Антонія ў Паставах адбылася парафіяльная падзея — дажынкі:  вернікі дзякавалі Богу за ўраджай, хлеб на стале, услаўлялі тых, хто працуе на зямлі.

Традыцыя святкаваць дажынкі вельмі даўняя ў нашага народа. Хлеб — гэта сімвал жыцця, працы, дабрабыту і радасці. Хлебам дзеляцца ў час бедстваў, хлебам-соллю падчас свята сустракаюць гасцей. Хлеб Эўхарыстычны яднае нас з Богам. Таму невыпадкова, што святкаванне шосты год адбываецца і ў нашай парафіі.

З вялікай пашанай прымалі гасцей: дэлегацыі з сельгаспрадпрыемстваў “Хацілы-агра”, “Сцяг Перамогі-агра”, “Ярэва-агра”, а таксама з Дварчан, Целякоў, Андрон, Кураполля. Для іх спецыяльна былі адведзены месцы наперадзе.  А іх ахвяра і падзяка Богу —  караваі на вышытых ручніках і кошыкі з гароднінай і садавіной — занялі ганаровае месца ля алтара.

Пачынаецца святая Імша. У сваім казанні ксёндз-пробашч звяртае ўвагу на запрашэнне: “Каралі Англіі і Бельгіі запрашалі людзей на розныя падзеі свайго жыцця, і людзі адгукаліся, прастойвалі, бывала, шмат гадзін, каб убачыць каранаваных асоб. А Бог запрашае да нашмат большага — да Божага Валадарства. Але людзі часта не разумеюць гэтага запрашэння. У сучасным свеце, нягледзячы на развітыя сродкі масавай камунікацыі, людзі часта бываюць адзінокімі, самотнымі, не ўмеюць наладзіць паміж сабой узаемаадносіны. Такое свята — гэта не толькі па­дзяка працаўнікам зямлі, але і будаванне супольнасці, адкрытасці, еднасці. Менавіта там, дзе людзі шчыра, з радасцю і лю­боўю прымаюць адно аднаго, і ёсць Божае Валадарства. І сёння паспрабуем адкрыцца іншаму — падаць руку і сказаць сваім бліж­нім: “Як добра, што ты ёсць!” Праз гэты жэст увагі мы станем бліжэй адно да аднаго…”

На ўпрыгожаным пляцы перад касцёлам — выстава пладоў зямлі. Яна ўжо стала традыцыйнай, але з кожным годам бывае ўсё прыгажэйшай: адразу бачна, што рыхтавалі яе з вялікай адказнасцю да даручанай справы і любоўю да людзей, якія прыйдуць паглядзець, з фантазіяй, укладалі сваю душу. І бачна, як шмат людзей стварала гэту прыгажосць.

Побач выстава “Лекі з Божай аптэкі”. Пяты год яе прадстаўляе Ліна Пятроўна Нікіціна, былая настаўніца. Сама яна прынесла 17 гатункаў раслін, астатняе сабралі парафіяне. “Кожная расліна, уся агародніна на выставах — гэта лекі. Толькі мы мала ўвагі ім удзяляем, хутчэй бяжым у аптэку. А я з сёмага класа са сваёй хроснай хадзіла збіраць лекавыя травы, яна мяне многаму навучыла. Усе лекі ўдзячныя парафіяне разабралі. А колькі званкоў мне было пасля свята! І дзякавалі, і пыталіся”, —  гаварыла мне пазней Ліна Пятроўна.

Пасля Імшы святкаванне прадоўжылася на пляцы каля касцёла: больш за гадзіну спявалі “паазерцы”. Яны частыя госці на парафіяльных падзеях, за што вялікі дзякуй. Некалькі песень падрыхтавала касцельная моладзь пад кіраўніцтвам сясцёр Канстанцыі і Ёнатаны.

Шмат эмоцый выклікала свята. Па-першае, слёзы-радасць і слёзы-ўспаміны на вачах старэйшых: напэўна, жывуць у памяці тыя, хто вучыў шанаваць хлеб, з кім разам яго жалі, малацілі, пяклі. Па-другое, радасныя по­ціскі рук з такімі простымі і важнымі словамі: “Як добра, што ты ёсць, што цябе бачу!” Пашана, клопат пра іншага праявіліся ў прынесеных фруктах, спечаных піражках, у пашытых з тканіны мяшэчках з лекавымі травамі, у напісаных рэцэптах. І галоўнае — пашана да зямлі-карміцелькі, услаўленне працавітасці — адной з найвышэйшых маральных якасцей нашага народа. Святкаванне дажынак — добры ўрок для нашай моладзі, каб яна любіла працу і ўласнымі рукамі, уласным розумам стварала сваю будучыню.

А. ЛАТЫШ, няштатны карэспандэнт.

Фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.