Хоць аднойчы — для сябе

Культура Местная власть

Прадстаўнікі райвыканкама Г. М. Чаплінская, І. Ф. Лойка і Н. М. Субко з ветэранамі і сённяшнімі работнікамі культуры.

У мінулую пятніцу ў канцэртнай зале школы мастацтваў адбыліся ўрачысты сход і святочны канцэрт, прысвечаныя Дню работнікаў культуры. Як жартам і сур’ёзна адзначыла вядучая мерапрыемства, гэта адзінае свята, якое прадстаўнікі названай сферы могуць правесці не для іншых, а для сябе. Армія культработнікаў нашага раёна налічвае 282 чалавекі, якія працуюць у 57 установах культуры.

Намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ірына Францаўна Лойка ў сваім дакладзе адзначыла, што 2014-ы — нялёгкі год. У сетцы ўстаноў культуры адбыліся сур’ёзныя змены: у раёне створана 7 устаноў культуры і адукацыі з прысваеннем статуса юрыдычных асоб. Змены закранулі і ўстановы адукацыі — Лынтупская і Навасёлкаўская школы мастацтваў сталі філіяламі дзяржаўных устаноў адукацыі «Пастаўская дзіцячая школа мастацтваў імя А. Тызенгаўза» і «Варапаеўская дзіцячая школа мастацтваў». У сувязі з аптымізацыяй штатнай колькасці работнікаў бюджэтных арганізацый закрыты Старадворскі, Мулярскі, Норыцкі сельскія клубы, Свіранскі і Груздаўскі клубы-бібліятэкі, а таксама Чорнаўская і Лучайская сельскія бібліятэкі. Шыркаўскі і Навінкаўскі клубы-бібліятэкі ператвораны ў сельскія бібліятэкі.

Але прыемных момантаў усё роўна больш. Сёлета за высокі мастацкі ўзровень, папулярызацыю нацыянальных культурных традыцый і актыўную канцэртную дзейнасць ансамблям «Скіфы», «Маладзіца», хору настаўнікаў, клубу «Юнчанка», лялечнаму тэатру «Вытварашкі» і эстраднай вакальнай студыі «Юніта» пацверджаны званні «народны» і «ўзорны». Асноўную ролю па захаванні і развіцці традыцыйнай культуры рэгіёнаў адыгрываюць клубныя ўстановы, пры якіх дзейнічаюць 144 клубныя фарміраванні.

Па выніках работы за паўгоддзе наш раён увайшоў у лік лепшых у вобласці па канцэртным абслугоўванні насельніцтва. Штогод раённы Дом культуры паляпшае якасць арганізуемых мерапрыемстваў, удасканальвае работу калектываў мастацкай самадзейнасці і клубных фарміраванняў, праводзіць работу па захаванні дзеючых калектываў і стварэнні новых. Удасканальваюць формы і метады масавага абслугоўвання чытачоў па самых розных напрамках работнікі Пастаўскай цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы. Раённым краязнаўчым музеем сёлета набыты 93 адзінкі экспанатаў музейнага фонду. Навучэнцы школ мастацтваў прымалі актыўны ўдзел у міжнародных, рэспубліканскіх, абласных конкурсах і фестывалях, іх поспехі адзначаны дыпломамі і прызавымі месцамі. Асаблівы гонар і прыклад для пераймання — 6 вучняў Пастаўскай школы мастацтваў, якія з’яўляюцца стыпендыятамі Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

— Упэўнена, што галоўным складальнікам поспеху ў нашай рабоце былі, ёсць і будуць кадры, калектыў, людзі, якія абралі прафесію работніка культуры — прафесію асаблівых людзей: мудрых, цікавых і надзвычай таленавітых, — падагуліла сваё выступленне І. Ф. Лойка.

Тое, што работнікі ўстаноў культуры з’яўляюцца яго самым каштоўным капіталам, пацвердзілі ў сваіх выступленнях намеснік старшыні райвыканкама Ю. М. Кісялёў і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Г. М. Чаплінская. Яны адзначылі, што дзякуючы таленту і няўрымслівасці культработнікаў жыццё раёна насычанае і цікавае. Пажадалі, каб тая энергія, якую работнікі названай сферы дораць у сваёй паўсядзённай працы людзям, вярталася да іх у прымножаным выглядзе, а святочны настрой, якім зараджана зала, захаваўся як мага даўжэй.

На свяце вялікай групе культработнікаў уручылі граматы, дыпломы і Падзякі. Асаблівыя словы ўдзячнасці гучалі ў адрас ветэранаў, якія заклалі трывалы падмурак культурнага жыцця раёна, а ў падарунак кожнаму з іх паднеслі белыя хрызантэмы. Не засталося па-за ўвагай і маладое папаўненне. Сёлета ў сям’ю работнікаў культуры ўліліся Вікторыя Паўлава, Вікторыя Капралава, Ганна Каранеўская, Юльяна Янцэвіч, Дар’я Кулік, Надзея Яблонская, Аляксандр Шкода, Таццяна Гаршэніна, Вікторыя Цяляк, Надзея Залатуская, Дзяніс Круглоў, Таццяна Карпава, Віялета Лешчык і Тэрэза Шчасная. Яны далі са сцэны клятву культработнікаў і парадавалі ўсіх музычным падарункам.

Пасля завяршэння ўрачыстай часткі мерапрыемства адбыўся святочны канцэрт, вядучымі якога былі Алеся Гур’ева і Вікторыя Паўлава, апошняя — у вобразе Мельпамены ДоРэМіДонтаўны.

Вераніка ФІЛАНОВІЧ. Фота аўтара

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.