Як прапануеш, так і нагандлюеш (+фота)

Местная власть

 

У мінулую нядзелю на рынку раённага спажывецкага таварыства адбыўся традыцыйны асенні сельскагаспадарчы кірмаш. У яго афіцыйным адкрыцці ўдзельнічалі старшыня райвыканкама В. С. Гутараў і першы намеснік старшыні, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама А. В. Чарвінскі.

Вітаючы арганізатараў і ўдзельнікаў святочнага гандлю, шматлікіх пакупнікоў, В. С. Гутараў адзначыў, што працаўнікі аграпрамысловага комплексу Пастаўшчыны з нядрэннымі вынікамі завяршаюць сёлетні год. Узраслі ўраджайнасць і валавы намалот зерневых і зернебабовых культур. Больш, чым летась, нарыхтавана для грамадскага статка травяністых кармоў і пасеяна азімых культур. У многіх сельгаспрадпрыемствах актыўна вядзецца зяблевае ворыва, арганізавана пераведзена на стойлавае ўтрыманне жывёла. Нашы перапрацоўчыя прадпрыемствы забяспечваюць гараджан і вяскоўцаў рознымі харчовымі прадуктамі. Разнастайны іх асартымент у магазінах райспажыўтаварыства.

Усё, чым багатыя вытворцы, і было прадстаўлена на кірмашы. З ААТ “Навасёлкі-Лучай”, “Камайскі-агра”, “Хацілы-агра”, “Ярэва-агра”, “Сцяг Перамогі-агра”, СП “Дунілавічы-агра” прывезлі бульбу, зерне, ялавічыну, хатнія каўбасы і нават бычкоў. Ад рэалізацыі прадукцыі яны выручылі каля 50 мільёнаў рублёў. А маглі б і больш, калі б не канкурэнты з суседніх раёнаў. Упадабалі пастаўскі рынак прадстаўнікі ААТ “Свір-агра” Мядзельскага раёна. Яны ў трэці раз прывезлі бульбу і па даступнай цане (3 тысячы рублёў за кілаграм) прадалі амаль 8 тон. Шчодрай аказалася і фермерская гаспадарка “Чэмпіён” з Вілейшчыны, якая прапаноўвала пакупнікам агародніну (сталовыя буракі, моркву, капусту, бульбу і цыбулю) па 3 тысячы за кілаграм і асноўную колькасць прадукцыі рэалізавала да 9 гадзін раніцы. Вымушаны былі “адрэгуляваць” цэны і нашы сельгасвытворцы. Але ў сваёй большасці іх транспартныя сродкі знешне былі не вельмі прывабнымі. (А павучыцца ёсць у каго.)

Прыгожымі, маляўніча аформленымі выглядалі гандлёвыя рады і палаткі раённага спажывецкага таварыства. Здалёк, дзякуючы фірменным сцягам і непаўторнаму водару юшкі, прыцягвалі ўвагу перасоўная кухня і выязны гандаль рыбгаса “Навінкі”. Гэтыя калектывы — пастаянныя ўдзельнікі абласных і рэспубліканскіх кірмашоў, якія ладзяцца ў Віцебску і Мінску вясной і восенню.

Кааператары раёна, як паведаміла першы намеснік старшыні праўлення райспажыўтаварыства Г. М. Сянько, прадалі разнастайнай прадукцыі на 147 мільёнаў рублёў, што ў 1,6 раза перавышае выручку ў звычайныя кірмашовыя дні. Асаблівым попытам карысталіся кандытарскія, хлебабулачныя вырабы, свежамарожаная рыба, мяса і мясныя паўфабрыкаты, іншая прадукцыя ўласнай вытворчасці. Г. М. Сянько адзначыла, што кааператары і ў далейшым будуць працаваць на рынку з такой жа актыўнасцю.

Пакупнікі ахвотна набывалі прадукцыю Пастаўскага малочнага завода, ТАА “Заазёрнае”, лясгаса, прафтэхкале­джа і іншых суб’ектаў гаспадарання. І не ўсе адразу спяшаліся дамоў, бо работнікі культуры прапанавалі цікавую забаўляльную праграму. Цешылі Пан Кірмаш і Аўдуля, іншыя вясёлыя персанажы. Іх можна было ўбачыць не толькі на імправізаванай пляцоўцы, але і ў гандлёвых радах, сярод пакупнікоў. Асабліва пастараліся прафесійныя і самадзейныя аматары сцэны раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, Варапаеўскага ГДК, народны ансамбль народнай песні “Мала­дзіца”, іншыя калектывы і выканаўцы. Усе жадаючыя маглі паўдзельнічаць у конкурсах і забавах, купіць вырабы народных майстроў.

no images were found

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА. 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.