Ачысцілі бераг Мядзелкі ад смецця

Общество

27 кастрычніка пастаўскія школьнікі прынялі ўдзел у экалагічным дэсанце па зборы смецця. Падчас яго правя­дзення рабяты ачысцілі ад пластыкавых і шкляных бутэлек, паперы, пачкаў з-пад цыгарэт і іншага смецця частку прыбярэжнай тэрыторыі ракі Мядзелка.

Акцыя па ачыстцы берагоў Мядзелкі стала чарговым этапам праекта «Малыя рэкі — вялікія праблемы: працуем разам над аховай і будучым малых рэк басейна ракі Дзісна», які фінансуецца Еўрапейскім Саюзам. Актуальнасць праекта заключаецца ў тым, што экалагічны стан гэтых вадаёмаў мае вялікае значэнне для здароўя і дабрабыту мясцовага насельніцтва, якое выкарыстоўвае прытокі Дзісны для вядзення гаспадаркі. Таксама праект закліканы захаваць біялагічную разнастайнасць у Заходняй Дзвіне, куды ўпадае Дзісна, і, такім чынам, — у Балтыйскім моры.

Ініцыятыва «Малыя рэкі — вялікія праблемы» стартавала ў маі мінулага года. Яе ўдзельнікі — Пастаўскі, Глыбоцкі і Шаркаўшчынскі раённыя выканаўчыя камітэты, Міжнароднае экалагічнае грамадскае аб’яднанне «Прырода і мы» і вядучы партнёр праекта — Мясцовы фонд садзейнічання развіццю міжнароднага дыялогу і супрацоўніцтва «Інтэракцыя».

За час існавання праекта ў нашым раёне створана пяць экалагічных школьных клубаў: у СШ №№ 1, 2, 3, 4 і гімназіі. Спачатку юныя эколагі вучыліся, а цяпер ужо самастойна праводзяць маніторынг малых рэк, штомесяц робяць хімічны аналіз вады. Усе атрыманыя даныя размяшчаюцца на сайце reka-disna.org. Менавіта па выніках маніторынгавых даследаванняў і вызначана прыбярэжная тэрыторыя ракі Мядзелка для правя­дзення поўнамаштабнай акцыі па ачыстцы ад бытавога смецця. На прыбярэжную тэрыторыю выйшлі 37 вучняў, прадстаўнікі ад­дзела адукацыі, спорту і турызму, экалагічныя пасты.

Пасля кароткіх прамоў менеджара праекта Ірыны Івановай і спецыяліста раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандра Гатоўчыка школьнікі і дарослыя, узброіўшыся пакетамі для смецця, прыняліся за ўборку прылеглага да касцёла берага вадаёма. Ужо ў працэсе работы яны змаглі літаральна адчуць значэнне выразу «чым далей у лес, тым больш дроў»: калі на набярэжнай было адносна чыста, то ўжо за касцёлам бераг ракі літаральна патанаў у бытавым смецці, у асноўным з бутэлек з-пад розных спіртных напіткаў.

— Я эколаг са стажам. Дзесяць гадоў таму ўдзельнічала ў падобным праекце ўніверсітэта Сахарава. У плане інфармавання насельніцтва работа выканана вялікая. Таму, калі прапанавалі правесці экалагічны дэсант, была абсалютна ўпэўнена: бераг ракі не павінен быць стыхійным сметнікам, — дзялілася ўражаннямі ад убачанага настаўніца геаграфіі СШ №3 Таццяна Раманчук. — Спа­дзяюся, што моладзь, якая прыняла ўдзел у акцыі, не стане смеціць ні на берагах вадаёмаў, ні ў лесе.

Пасля ўборкі ўсіх удзельнікаў акцыі чакалі невялікі перакус на свежым паветры і гарачы чай. Таксама для школьнікаў была праведзена невялікая інтэрактыўная экалагічная гульня, якая, на думку арганізатараў, заклікана аб’яднаць рабят і ўзбагаціць іх новымі ведамі ў галіне экалогіі.

Вераніка ФІЛАНОВІЧ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.