Ад садка да прадпрыемства

Образование Спорт

Здароўе чалавека — найвялікшая каштоўнасць, якую немагчыма купіць за грошы. Яно па праву лічыцца набыткам любой дзяржавы і адным з важнейшых паказчыкаў узроўню жыцця. Аднавіць, захаваць і палепшыць здароўе насельніцтва здольны здаровы лад жыцця. Таму яго фарміраванне з’яўляецца адной з галоўных сацыяльных задач дзяржаўнага значэння і маштабу, вырашыць якую ў першую чаргу дапамагаюць фізічная культура і спорт. Пра тое, у якім стане знаходзіцца спартыўна-масавая і фізкультурна-аздараўленчая работа з насельніцтвам на Пастаўшчыне, карэспандэнт “ПК” Алена Шапавалава гутарыць з начальнікам аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама А. Я. КАШЫРЫНЫМ.

— Аляксандр Яўгеньевіч, як у нас рэалізуецца дзяржаўная палітыка ў галіне фізічнай культуры, спорту і турызму?

— Спартыўна-масавая і фізкультурна-аздараўленчая работа ў раёне праводзіцца ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб фізічнай культуры і спорце”, Дзяржаўнай праграмай развіцця фізічнай культуры, спорту і турызму ў Рэспубліцы Беларусь, рэгіянальнай праграмай Віцебскай вобласці і раённым планам мерапрыемстваў развіцця фізічнай культуры, спорту і турызму на 2011—2015 гады. Сёння фізічная культура і спорт у нашым рэгіёне ўяўляюць сабой сфарміраваную галіну з матэрыяльна-тэхнічным і кадравым патэнцыялам, сістэмай спартыўных і фізкультурна-аздараўленчых устаноў, арганізацый і ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі.

Для фарміравання ўстойлівых навыкаў здаровага ладу жыцця праводзіцца работа сярод усіх узроставых катэгорый насель­ніцтва, пачынаючы з дзіцячых садоў і школ і заканчваючы працоўнымі калектывамі і работай па месцы жыхарства. Дзейнасць ажыццяўляецца па наступных напрамках: прапаганда здаровага ладу жыцця сродкамі фізічнай культуры і спорту; уцягненне навучэнцаў, моладзі, сельскага і гарадскога насельніцтва, калектываў прадпрыемстваў і арганізацый у актыўныя заняткі фізкультурай і спортам; спартыўна-масавая і фізкультурна-аздараўленчая работа па месцы жыхарства; падрыхтоўка спартыўнага рэзерву ў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе г.Паставы; развіццё і ўдасканаленне спартыўнай і матэрыяльна-тэхнічнай базы; арганізацыя турыстычнай дзейнасці на тэрыторыі раёна.

— Як Вы ўжо адзначылі вышэй, асновы здаровага ладу жыцця закладваюцца ў юным узросце. Якую работу па яго фарміраванні праводзяць установы адукацыі?

— У адпаведнасці з тыпавымі вучэбнымі планамі, ва ўсіх агульнаадукацыйных установах раёна побач з двума ўрокамі па прадмеце “Фізічная культура і зда­роўе” праводзяцца абавязковыя заняткі “Гадзіна здароўя і спорту”. Для гэтага маецца дастатковая матэрыяльна-тэхнічная база: 15 спартыўных залаў, 9 прыстасаваных памяшканняў, 59 плоскасных спартыўных збудаванняў. Штогод для папаўнення спартыўнай базы набываюцца неабходны інвентар і абсталяванне, на пакупку якіх да пачатку бягучага навучальнага года выкарыстаны 41 мільён рублёў.

Сістэматычным заняткам навучэнцаў фізічнай культурай са­дзейнічаюць таксама разнастайныя гурткі і секцыі спартыўнай накіраванасці. Сёлета спартыўныя секцыі і групы агульнай фізпадрыхтоўкі наведваюць 1558 школьнікаў, 44 чалавекі займаюцца ў аб’яднаннях па шашках і шахматах у раённым цэнтры дзяцей і моладзі. Усяго фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работай ва ўстановах адукацыі ахоплены 82% навучэнцаў. Для папулярызацыі здаровага ладу жыцця там традыцыйна праводзяцца дні здароўя, тыдні спорту, таварыскія сустрэчы па гульнявых відах, спартландыі. Штогод школьнікі ўдзельнічаюць у ваенна-спартыўнай гульні “Зарніца”, раённых спаборніцтвах па розных відах спорту ў рамках абласной спартакіяды.

— Значная роля ў фізічным развіцці падрастаючага пакалення, умацаванні здароўя і падрыхтоўцы спартыўнага рэзерву належыць дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе. Што можаце сказаць пра яе?

— На сённяшні дзень у спартшколе, якую ўзначальвае П. А. Вавінскі, арганізавана работа двух аддзяленняў — валейболу і лёгкай атлетыкі, сфарміраваны 23 групы з агульнай колькасцю навучэнцаў 300 чалавек. Трэнерска-выкладчыцкую дзейнасць ажыццяўляюць 4 штатныя трэнеры і 9 трэнераў-выкладчыкаў па сумяшчальніцтве. Заняткі праводзяцца на базе ФАКа па вуліцы Савецкай і ў спартыўных залах усіх гарадскіх школ. Таксама адкрыты групы ў аграгарадках Варапаева, Лынтупы, Камаі, Дунілавічы. За 2014 год у спартыўнай школе падрыхтавана 90 спартсменаў-разраднікаў, 4 яе навучэнцы ўваходзяць у склад розных зборных каманд Рэспублікі Беларусь. Летась 3 выхаванцы перададзены ў Рэспубліканскае дзяржаўнае вучылішча алімпійскага рэзерву, 1 — у Рэспубліканскі цэнтр алімпійскага рэзерву. Каманды ДЮСШ па валейболе ўдзельнічаюць ва ўсіх планавых спартыўных спаборніцтвах вобласці і рэспублікі і займаюць прызавыя месцы. Штогод ума­цоў­ваецца матэрыяльна-тэхнічная база ўстановы. Так, сёлета набыта спартыўнага інвентару на суму 18,7 млн рублёў.

— А хто займаецца арганізацыяй фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы сярод насельніцтва па месцы жыхарства?

— Яна ўскладзена на Пастаўскі фізкультурна-спартыўны клуб. У яго структуру ўваходзяць ФАКі па вуліцах Савецкай і Станкевіча, маладзёжны цэнтр “Юнацтва” і база адпачынку “Азёркі”. Летась наш ФСК прымаў удзел у абласным аглядзе-конкурсе на лепшую пастаноўку фізкультурна-аздараўленчай работы і заняў першае месца. Дзейнасць клуба пастаянна ўдасканальваецца ў плане развіцця новых паслуг насельніцтву, прапагандзе здаровага ладу жыцця. У раёне арганізуецца работа па розных відах спорту: футболе, валейболе, хакеі, лёгкай атлетыцы, плаванні, лыжах, настольным тэнісе, шашках, шахматах, каратэ, більярдзе, забяспечваецца ўдзел спартсменаў і каманд у вучэбна-трэніровачных зборах, абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах. За 2013—2014 гады падрыхтавана 11 кандыдатаў у майстры спорту па валейболе, 26 спартсменаў першага і 135 спартсменаў масавых разрадаў.

Актыўны ўдзел у спартыўным жыцці раёна прымаюць прыватнае прадпрыемства “Пастаўскі мэблевы цэнтр”, які з’яўляецца заснавальнікам футбольнай акадэміі, і маладзёжны ваенна-спартыўны клуб “Азімут”. На добрым узроўні спартыўна-масавая работа арганізавана ў калектывах УП ЖКГ, РАУС, РАНС, прафтэхкаледжа, у Варапаеўскім, Дунілавіцкім, Навасёлкаўскім сельсаветах. Штогод распрацоўваецца раённы каляндар спартыўна-масавых, фізкультурна-аздараўленчых і турыстычных мерапрыемстваў. Летась іх праведзена 139, удзел прынялі 4575 чалавек. За 9 месяцаў гэтага года — 103 мерапрыемствы (3426 чалавек).

— Аляксандр Яўгеньевіч, Вы ўпамянулі турыстычную дзейнасць. Раскажыце крыху пра яе.

— Турыстычныя і экскурсійныя паслугі ў раёне аказваюць 5 арганізацый: ДА “Фізічная культура, спорт і турызм Пастаўскага раёна”, ТДА “Цэнтр турысцкіх паслуг”, ДУ “Пастаўскі краязнаўчы музей”, Пастаўскі цэнтр культуры і народнай творчасці і турыстычная кампанія “Джуманджы”, якая адкрылася ў верасні бягучага года. Лідарам па развіцці ўязнога і выязнога турызму ў рэгіёне з’яўляецца Цэнтр турысцкіх паслуг, які займаецца развіццём гэтай галі­ны ў Паставах ужо 10 гадоў. Ён мае акрэдытацыю ў пасольствах замежных краін, актыўна ажыццяўляе выезды пастаўчан у далёкае і блізкае замежжа. Практычна ўсе экскурсійныя маршруты — а іх у раёне 50 — распрацаваны менавіта супрацоўнікамі Цэнтра.

Значны ўклад у развіццё ўнутранага і ўязнога турызму ўносіць аграэкатурызм. На тэрыторыі раёна зарэгістравага 36 аграсядзіб, у тым ліку 7 з іх з’явіліся сёлета. Большасць сядзіб развіваецца з крэдытнай падтрымкай ААТ “Белаграпрамбанк”.

— Зыходзячы са сказанага Вамі, магу зрабіць выснову, што на Пастаўшчыне шмат робіцца па развіцці фізічнай культуры, спорту і турызму. Але, напэўна, ёсць і нямала пытанняў, над якімі трэба працаваць?

— Так, у першую чаргу неабходна павышаць якасць і даступнасць фізкультурна-аздараўленчых паслуг, павялічыць колькасць іх відаў для насельніцтва. Трэба таксама актывізаваць работу ў арганізацыях і на прадпрыемствах раёна па прыцягненні рабочых і служачых да заняткаў фізкультурай і спортам у нерабочы час, актыўней уцягваць у спартыўныя гурткі і секцыі навучэнцаў сельскіх школ. Вырашэнне гэтых і іншых пытанняў будзе садзейнічаць далейшаму ўдасканаленню фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы ў раёне, дасягненню новых вынікаў у гэтым відзе дзейнасці, паляпшэнню здароўя пастаўчан і павышэнню іх працаздольнасці.

Фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.