Дэлегацыя з Новасібірска наведала райспажыўтаварыства


На працягу трох дзён па запрашэнні Белкаапсаюза ў нашай краіне знаходзілася дэлегацыя Новасібірскага аблспажыўсаюза на чале з яго старшынёй Станіславам Ліпскім. Кааператары Сібіры пад­пісалі на беларускай зямлі пагадненні аб супрацоўніцтве, абмяняліся вопытам работы,  азнаёміліся з дзейнасцю Пастаўскага, Глыбоцкага і Лагойскага райспажыўтаварыстваў.

На Пастаўшчыне гасцей сустракалі старшыня Віцебскага абласнога спажывецкага саюза А. М. Шынкарэнка і першы намеснік старшыні райспажыўтаварыства Г. М. Сянько. Яны пазнаёмілі калег з Расіі са структурай і арганізацыяй работы спажывецкай кааперацыі вобласці і раёна, разам з імі наведалі шэраг аб’ектаў. У іх ліку хлебазавод, кандытарскі, мясны і квасільна-засолачны цэхі, сховішчы для фруктаў і гародніны, універсам “Родны кут” па вуліцы Савецкай, кафэ “Церамок”.

Кожны з гэтых аб’ектаў па-свойму ўні­кальны. Але  расійскіх кааператараў асабліва ўразіла сучасная матэрыяльна-тэхнічная база, створаная на  перапрацоўчых прадпрыемствах галіны. Яны былі прыемна здзіўлены і вялікімі аб’ёмамі, шырокім асартыментам прадукцыі, якую вырабляюць мясцовыя майстры. Хлебабулачныя, кандытарскія, мясныя, каўбасныя і іншыя вырабы былі шырока прадстаўлены на гандлёвых прадпрыемствах, якія наведалі госці, а таксама на выставах, іх можна было прадэгуставаць.

Кааператары з Сібіры атрымалі адказы практычна на ўсе пытанні. Прафесійна, з веданнем справы расказвалі пра “сакрэты” работы сваіх калектываў і майстроў дырэктар філіяла “Каапнарыхт­прамгандаль” Е. В. Скіндар, намеснік дырэктара філіяла “Каапгандаль №2” К. М. Красоўская, начальнік цэха хлебазавода Н. У. Марціна, начальнік вытворчай лабараторыі С. І. Чалей, начальнік мяснога цэха Г. П. Ціхановіч і іншыя спецыялісты.

— Расійскія калегі, большасць якіх упершыню пабывалі ў Беларусі, засталіся вельмі задаволенымі паездкай у Паставы, — адзначыла першы намеснік старшыні райспажыўтаварыства Г. М. Сянько. —  Нам прыемна было чуць добрыя водгукі пра работу гандлёвых і перапрацоўчых прадпрыемстваў, кампетэнтнасць кіраўнікоў падраздзяленняў і спецыялістаў. Падчас візіту ў рамках Белкаапсаюза  падпісана некалькі пагадненняў, у тым ліку з Віцебскім аблспажыўсаюзам. А гэта значыць, што і наша прадукцыя трапіць да пакупнікоў Сібіры.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.