“Крыніца душэўнай маладосці — дзеці”


У гэтым пераканана лынтупчанка Тарэса Лявонаўна Падляшук. Выхавальніцай у дзіцячым садку яна працуе амаль 35 гадоў і вельмі добра ведае, колькі аптымізму, душэўных сіл могуць дарыць малышы. Колькі іх за гэты час падрасло пад “крылом” жанчыны, цяжка і падлічыць. Але можна смела сказаць: ніхто з іх не быў абдзелены яе ўвагай і клопатам.

Тарэсе Лявонаўне ў верасні споўнілася 55. Хоць і атрымала права на адпачынак, з адказнай, але любімай работай пакуль не расстаецца. Сёлета яна працуе ў малодшай групе, якая налічвае паўтара дзясятка дзяцей ад двух да трох гадоў.

Групу я застала за сняданкам. Пакуль выхавальніца разам з памочніцай Ірэнай Антонаўнай Цынян завіхаліся каля малых, прайшлася па пакоі. Усюды чысціня і парадак, яркія цацкі, кнігі. Хутка на іх дзеці і пераключылі сваю ўвагу, а ў Тарэсы Лявонаўны з’явілася крыху часу для размовы.

Яна нарадзілася ў вёсцы Сарочча Гродзенскай вобласці. Закончыла Гродзенскае педагагічнае вучылішча па спецыяльнасці “Дашкольнае выхаванне”. Пра свой выбар яна ніколі не шкадавала — ні ў пачатку прафесійнага шляху, ні цяпер, калі за плячыма гады адказнай і напружанай работы.

У вучылішчы Тарэса Падляшук пазнаёмілася з выкладчыцай, якая была родам з Пастаў. Тая не пераставала расхвальваць родны рэгіён, багаты на прыгожыя краявіды і гасцінных, добразычлівых людзей. Таму пры размеркаванні выбар Тарэсы выпаў на Пастаўшчыну. У вёску Палессе, што кіламетраў за сем ад Лынтуп, прыехала працаваць у 1979 годзе. Першыя рабочыя дні засталіся ў памяці назаўсёды. Называла прозвішчы дзетак з першай групы, у якой давялося працаваць. Сёння яны ўжо дарослыя людзі, маюць сваіх дзетак. Што цікава, некаторых з іх таксама выхоўвала Тарэса Лявонаўна, толькі ўжо ў Лынтупах.

—            Я доўга адпрацавала ў старэйшай групе, а гадоў дзесяць назад перайшла ў малодшую, — расказвала Т. Л. Падляшук. — Нельга сказаць, што ў адной лягчэй, а ў іншай — складаней. У кожнай свае асаблівасці. Напрыклад, з большымі дзецьмі большы прастор для творчасці ў плане правядзення заняткаў. З малышамі на першым месцы эмацыянальны кантакт, дапамога і абслугоўванне. Яны вельмі рухавыя, і засядзецца ніколі не дадуць. За дзень за імі столькі набегаешся, што і забудзеш, колькі табе гадоў. А іх размовы — гэта тэма, вартая асобнай кнігі. Сваімі “мудрымі” разважаннямі пра жыццё яны вык­лікаюць столькі ўсмешак! Наогул, дзеці — гэта найлепшы антыдэпрэсант. Якія б ні былі праблемы ў жыцці, яны ўмомант вылятаюць з галавы, калі прыходзіш на работу.

З настальгіяй Тарэса Лявонаўна ўспамінала работу ў садку па вуліцы Маладзёжнай у  Лынтупах, дзе яна 9 гадоў працавала загадчыцай. Будынак быў уведзены ў эксплуатацыю напрыканцы 80-ых гадоў мінулага стагоддзя. У той час у пасёлку налічвалася больш за 100 дзяцей дашкольнага ўзросту. Але ўжо праз дзесяцігоддзе нараджальнасць знізілася, абслугоўваць вялікі будынак стала нерэнтабельна, таму яго закрылі, а садок размясцілі ў мясцовай сярэдняй школе, дзе ён працуе ўжо 11 гадоў. Тарэса Падляшук канстатавала: тут таксама створаны ўсе ўмовы для камфортнай работы і цікавага баўлення часу самых маленькіх жыхароў пасёлка. Іх у трох групах налічваецца амаль 50.

— Бывае, чую, што самае складанае ў рабоце выхавальніка — наладзіць узаемаадносіны не столькі з дзецьмі, колькі з іх патрабавальнымі бацькамі, — працягвала размову Тарэса Лявонаўна. — Можна зразумець і прэтэнзіі дарослых — кожнаму сваё дзіця мілае. Але мяне, на шчасце, за ўсе гады работы такія непрыемнасці абміналі. Аднолькава добра сябрую як з малымі, так і з іх мамамі і татамі. Думаю, іншыя выхавальніцы з нашага садка могуць сказаць тое самае. Мы ўсе працуем сумленна. Наогул, з калегамі мне пашчасціла. Алена Іванаўна Рынкевіч, Наталля Антонаўна Януковіч, Ядвіга Станіславаўна Вырвіч — не толькі прафесіяналы ў сваёй справе, але і людзі, якія ў любой сітуацыі прыйдуць на дапамогу.

— А Вы — строгая выхавальніца? — пытаюся.

— Дысцыпліну заўсёды трымаю, але строгай сябе не назаву, — адказвае. — У рабоце, як і ў жыцці, прытрымліваюся прынцыпу: дары лю­дзям дабрыню, усмешкі, і яны абавязкова да цябе вернуцца.

Самае вялікае захапленне Тарэсы Лявонаўны — кнігі. Чытае розныя жанры, але найбольш даспадобы гістарычныя. Асаблівае стаўленне да літаратуры на беларускай мове: можа па некалькі разоў перачытваць творы Івана Мележа, Івана Шамякіна, Элізы Ажэшка і шэрага іншых аўтараў, цікавіцца і сучаснай беларускай літаратурай. Яе бярэ ў мясцовай бібліятэцы. Спіс аўтараў нядаўна прачытаных кніг доўгі. Сярод іх — Лідзія Арабей, Андрэй Федарэнка, Генрых Далідовіч, Віктар Праўдзін…

Праўда, не заўсёды ўдаецца прысвяціць любімаму захапленню шмат часу — нямала хатніх ды і іншых спраў. З задавальненнем Тарэса Лявонаўна шчыруе ў агародзе, за шчасце — песціць сваіх маленькіх унучачак — іх, як і дачок, у жанчыны дзве. “Яны не даюць мне страціць кваліфікацыю выхавальніцы”, — жартавала.

Яна таксама шчыра, адкрыта гаварыла шмат добрых слоў у адрас калег, былых і сённяшніх кіраўнікоў — Ядвігу Францаўну Гронічаву, Віктара Іванавіча Галубоўскага, Наталлю Васільеўну Кузьмінову, пра сваіх шматлікіх выхаванцаў. А мне тым часам успомнілася: “Калі хочаш спазнаць чалавека, не слухай, што пра яго кажуць людзі. Лепш паслухай, што ён кажа пра іншых…”

Іна СНЯЖКОВА. Фота з архіва Тарэсы ПАДЛЯШУК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.