Ля канторы цагельнага завода


Наздымку (хутчэй за ўсё, 1949 года) — завадчане, дзеці работнікаў. У апошнім радзе (злева направа): Максім Кандрацюк (3-ці), Антон Каліта (4), М. Змяеўскі (5), Ганна Дзівінчукова (7), Мечыслаў Мацкевіч (8), Вера Літвінёнак (10), Часлаў Новак (12), В. Каліта (17). У трэцім радзе: Фелікс Малькевіч (3-ці), Аляксей Галаўко (4), Фёдар Дзівінчукоў (5), Ванда Рамашка (8), Ядвіга Лешчык (11), Старавойтава (12). У другім радзе: Цімафей Еўдакімаў (5-ы), Някрасаў (6), дзед Рэдар з унукам (8), Ніна Хадакоўская (10) на руках у работніка завода, Лашук (11). У ніжнім радзе: работнікі завода і дзеці (5-ы злева — Віктар Хадакоўскі).

Гараджане-старажылы памятаюць, што цагельня размяшчалася ў раёне цяперашняга аўтавакзала. Завода даўно няма, засталася толькі кантора, дзе цяпер жывуць людзі, ды яшчэ адна пабудова.

Завод узводзілі пасля вайны. 87-гадовая пенсіянерка Анфіса Емяльянаўна Козіч (з ёй пазнаёміла пастаўчанка Ніна Адамаўна Семяновіч, яна ж і фотаздымкі прапанавала рэдакцыі — аўт.) на работу сюды ўладкавалася ў 1951 годзе. Даўно тое было, на пенсіі ўжо колькі гадоў адпачывае, а літаральна да драбніц памятае, як працавалася. Спачатку вазіла ваганеткай цэглу, затым была садчыцай.

— Гарачыня ў цэху неймаверная, за змену стомішся, — расказвала Анфіса Емяльянаўна. — Бывала, прыедуць людзі па прадукцыю, зойдуць паглядзець, пастаяць трошкі — і хуценька назад. На маёй памяці прадпрыемствам кіравалі Някрасаў, Алейнікаў, Мацюшэнка. Непасрэдным начальнікам над рабочымі быў Еўдакімаў. З майго пакалення ўжо не засталося нікога, а маладзейшых былых завадчан не ведаю.

1949-ы год. Работнікі завода: крайні злева — бацька Н. А. Семяновіч Адам Афанасьевіч Хадакоўскі.

Расказвала і сама Ніна Адамаўна, але няшмат, бо тады яна была яшчэ малой. Тым не менш памятае, што была на заводзе кузня, дзе таксама ляпілі гаршкі, і тое, што жылі пры заводзе, на першым паверсе. Акрамя іх, жыллё тут мелі Еўдакімавы і сям’я Мілта. Праз некаторы час Хадакоўскія (дзявочае прозвішча Ніны Адамаўны) пабудаваліся на вуліцы Вакзальнай. Не забыла пра тое, што босымі дзеці бегалі па тэрыторыі завода, бо было цёпла, каталіся зверху ўніз у ваганетках, у якіх падымалі і спускалі цэглу.

Галіна ПІШЧ.  



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.