Майстар з “Майстроў”

Личности

Вязаць пруткамі, плесці чаўнакамі фрывалітэ, вышываць крыжыкам, бісерам і стужкамі, рабіць букеты з цукерак, кветкі, шкатулкі, сумкі, тапачкі і іншае з пластыкавых бутэлек і пакетаў для смецця, шыць адзенне, ткаць на кроснах, ствараць дзіўныя рэчы ў тэхніцы пэчварк — усё гэта ўмее член народнага клуба “Майстры” Дома рамёстваў “Стары млын” Галіна Сцяпанаўна Калдышкіна. Але самым вялікім сваім захапленнем жанчына лічыць вязанне кручком.

— Рукадзельнічаць я пачала яшчэ ў дзяцінстве, — расказвала яна. — У двары дома, дзе вырасла — а родам я з горада Балашова Саратаўскай вобласці, — была гульнёвая пляцоўка, куды летам прыходзілі на практыку студэнты педагагічнага інстытута. Там жа ў час канікулаў вяла заняткі па вязанні кручком і вышыўцы выкладчык мясцовага Дома піянераў. Яна і навучыла мяне першаму рамяству. Многае ўзяла таксама ад мамы, якая была адмысловай рукадзельніцай. Магла звязаць практычна ўсё — ад сподняй бялізны да гардзін на вокны. Добра вышывала гладдзю і рабіла мярэжку. Цудоўна шыла, у тым ліку на заказ, не ведаючы, што такое выкрайкі. Пэўную ролю адыгралі і ўрокі працы ў школе. Таму пасля яе заканчэння я вырашыла паступаць у тэхналагічны інстытут у Ленінградзе, на спецыяльнасць “Мадэліраванне і канструяванне швейных вырабаў”, але не прайшла па конкурсе, таксама як і ў тэхнікум. Урэшце стала таваразнаўцам, а маю юнацкую мару ажыццявіла дачка — яна закончыла Віцебскі тэхналагічны ўніверсітэт па спецыяльнасці “Мадэльер-канструктар”.

Нягледзячы на тое, што захапленне рукадзеллем не перарасло ў прафесію, яно вельмі дапамагала Галіне Сцяпанаўне ў жыцці, бо, як і ўсім маладым дзяўчатам і жанчынам, ёй хацелася прыгожа апранацца, стварыць утульнасць у доме. Выйшаўшы замуж за ваенна­служачага, Г. С. Калдышкіна шмат гадоў пражыла ў невялікіх гарнізонах. Там, збіраючыся з жонкамі іншых ваеннаслужачых, вучылася ў іх новым відам рукадзелля, перарысоўвала на кальку схемы з часопісаў. Любімы занятак і зараз забірае ўвесь вольны час жанчыны, якая працуе бухгалтарам у аддзеле адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.

— Усе людзі глядзяць тэлевізар, а я слухаю, — кажа яна. — Уключу які-небудзь серыял або перадачу і вяжу, вышываю. У адным з пакояў кватэры зрабіла для сябе майстэрню. Там усё раскладзена ў каробачкі па колерах: стужкі, ніткі, абрэзкі тканіны. Для каго рукадзельнічаю? У першую чаргу для сябе і родных: дачкі з зяцем, унукаў, мужа. Яны з задавальненнем носяць мае рэчы: світары, сукенкі, шалікі, шапачкі, тапкі і іншае. Ніколі не купляю падарункаў на свята ў магазіне, заўсёды раблю іх сваімі рукамі. Памятаю, калі яшчэ жылі ў Шчэціне, у Польшчы, на вуліцы да мяне падыходзілі незнаёмыя жанчыны, давалі грошы і прасілі, каб прадала кофту, у якую была адзета.

Сёння работы Г. С. Калдышкінай можна ўбачыць не толькі на ёй самой. Шырока прадстаўлены яны ў салоне-магазіне “Старога млына”, адкуль некаторыя рэчы адпра­вілі­ся ў Расію, Украіну, Нарвегію, Галандыю і нават Аўстралію. На працягу 20 гадоў Галіна Сцяпанаўна з’яўляецца членам народнага клуба “Майстры”, у які ўступіла з пачатку яго стварэння. У былога кіраўніка клуба Ж. В. Глабенка навучылася вышываць стужкамі і гладдзю, ткаць габелены. Потым сама вяла гурткі па вязанні, бісерапляценні і вышыўцы ў Доме афіцэраў і цэнтры “Юнацтва”.

— Галіна Сцяпанаўна з радасцю дзеліцца сваім вопытам, сакрэтамі майстэрства, творчымі ідэямі, — гаварыла цяперашні кіраўнік “Майстроў” А. А. Касенка. — Прымае актыўны ўдзел у нашых выставах, кірмашах і выездах, а таксама ў пасяджэннях клуба. Яе работы прыгожыя, акуратныя, выкананыя з душой, асабліва сентыментальныя дзіцячыя рэчы. На жаль, пакуль не было персанальных выстаў майстра. Але гэта мы выправілі. На днях у Доме рамёстваў адкрылася экспазіцыя вырабаў Г. С. Калдышкінай, прымеркаваная да яе юбілею. Таму прыходзьце ўсе і падзівіцеся!

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.