Малочны завод мае вялікі патэнцыял (+фота)

Местная власть Экономика

Тыдзень назад сваё 75-годдзе адзначыў Пастаўскі малочны завод. Юбілейная дата стала святам не толькі для працоўнага калектыву, але і для сельскагаспадарчых і іншых прадпрыемстваў і арганізацый, з якімі перапрацоўшчыкаў звязваюць цесныя партнёрскія сувязі. Сярод гасцей былі старшыня райвыканкама В. С. Гутараў, старшыня раённага Савета дэпутатаў В. П. Арэхаў, начальнік галоўнага ўпраўлення харчавання Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь А. Я. Шчарбянок,  першы намеснік генеральнага дырэктара Віцебскага канцэрна “Мяса-малочныя прадукты” Н. П. Бортнік, генеральны дырэктар аб’яднання “Полацксельбуд” А. М. Сямёнаў, начальнік філіяла №200 — Віцебскага абласнога ўпраўлення ААТ “ААБ “Беларусбанк” А. М. Лапаткін, іншыя афіцыйныя асобы.

Кіраўніцтва, службы завода правялі вялікую работу па падрыхтоўцы да юбілею. Прыгожа аформленымі выглядалі ў дзень  урачыстасці сцэна і фае раённага Дома культуры, спецыяльныя стэнды расказвалі пра гісторыю і дзень сённяшні прадпрыемства, яго работнікаў, была арганізавана дэгустацыя прадукцыі.

Гасцей і ўсіх прысутных у зале вітаў дырэктар завода В. Ф. Пылінскі. Ён  спыніўся на галоўных этапах 75-гадовай гісторыі прадпрыемства, адзначыў вялікую ролю ў яго адраджэнні і станаўленні, далейшым развіцці былога старшыні райвыканкама Васілія Васільевіча Чэпіка, кіраўнікоў Эдуарда Пятровіча Казуры, Івана Юльянавіча Юхно, шчыра падзякаваў за прафесіяналізм, адданасць справе сённяшнім спецыялістам, усім завадчанам.

— Наш калектыў прайшоў шлях ад невялікага пункта па прыёмцы і перапрацоўцы малака да сучаснага адкрытага акцыянернага таварыства, — падкрэсліў Валянцін Францавіч. —  У выніку тэхнічнага пераўзбраення і мадэрнізацыі завод  атрымаў магчымасць выпускаць шырокі асартымент натуральнамалочнай прадукцыі, сыроў, масла і іншых прадуктаў.  Толькі ў нашай рэспубліцы пад гандлёвай маркай “Паставы-гарадок” яны рэалізуюцца амаль у 700 гандлёвых кропках. Самым значным дасягненнем апошняга часу з’явілася ажыццяўленне інвестыцыйнага праекта па будаўніцтве новага сырнага цэха, які “выдае” за суткі 20 тон прадукцыі. А ўсяго за дзесяць месяцаў яе атрымана на 303 мільярды рублёў, выручка ад рэалізацыі склала 306 мільярдаў.

Стабільнасць у рабоце прадпрыемства, якасць, запатрабаванасць прадукцыі характарызуюць і іншыя паказчыкі. У гэтым годзе рэалізавана на экспарт сыроў і іншай прадукцыі на суму 11,5 мільёна долараў, што складае 40% агульнага аб’­ёму выручкі. Завод працуе з прыбыткам, мае 10% рэнтабельнасці ад продажу.

Са здачай у эксплуатацыю новага сырнага цэха прадпрыемства здольна перапрацоў­ваць за суткі 400 тон малака. Асноўнымі яго пастаўшчыкамі  з’яўляюцца 15 сельгаспрадпрыемстваў нашага і 2 — Браслаўскага раёнаў. Каля 7 тысяч тон малака ў год, што складае больш за 20% агульнага аб’ёму, пастаўляе ААТ “Хацілы-агра”. Больш за іншых прадаюць малочнай прадукцыі ААТ “Камайскі-агра”, “Навасёлкі-Лучай”, “Кураполле-агра”. В. Ф. Пылінскі падзякаваў кіраўнікам гаспадарак за супрацоўніцтва, заклікаў іх павышаць продаж малака высокай якасці.

Шмат удзячных слоў прагучала ў адрас  дзяржаўных структур, розных службаў  і ведамстваў, дзякуючы якім малаказавод пастаянна развіваецца, знаходзіць новыя рынкі збыту, рэалізоўвае свой вытворчы патэнцыял.

На ўрачыстасці з нагоды юбілею прысутнічалі сотні людзей. Дзясяткам работнікаў прадпрыемства былі ўручаны Ганаровыя граматы і Падзякі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь, абласнога выканаўчага камітэта і абласнога Савета дэпутатаў, Віцебскага  канцэрна мяса-малочнай прамысловасці, рэспубліканскага і абласнога галіновых прафсаюзаў, райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў, дырэкцыі прадпрыемства. Кветкі і падарункі атрымалі ветэраны працы.

Юбіляраў віталі госці, ­удзельнікі мастацкай сама­дзейнасці раённага Дома культуры, заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь фальклорны ансамбль “Паазер’е”, ансамбль барабаншчыц і танцавальны калектыў дзіцячай школы мастацтваў імя К. Тызенгаўза.

Завяршылася ўрачыстасць канцэртам народнага ансамбля беларускай песні “Невида”  Фарынаўскага цэнтра культуры і адпачынку Полацкага раёна.

no images were found

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.