Пад чароўныя гукі аргана

Духовность Культура

За арганам кампазітар Ігар Алоўнікаў.

8-9 лістапада ў раёне прайшоў другі музычны фестываль “Гучаць старадаўнія арганы Пастаўшчыны”, арганізаваны Пастаўскім райвыканкамам сумесна з Беларускай дзяржаўнай акадэміяй музыкі і парафіяй касцёла Святога Антонія Падуанскага ў райцэнтры.

За гэтыя два дні паслухаць віртуозную ігру прафесійных музыкантаў на адным з самых старажытных у свеце інструментаў, якому больш за дзве тысячы гадоў, змаглі не толькі гараджане, але і вяскоўцы: акрамя Пастаў, канцэрты адбыліся ў касцёлах у Лынтупах, Лучаі і Камаях. Перад шматлікімі слухачамі выступілі народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзярж­прэміі, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, кампазітар Ігар Алоўнікаў, яго вучаніца, выкладчыца Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Кацярына Нікалаева, арга­ністка, выкладчыца акадэміі музыкі Вольга Падгайская і саксафаніст Віталій Дарашук.

Саксафаніст Віталій Дарашук і арганістка Вольга Падгайская.

Як адзначыла вядучая канцэртаў, дацэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, кандыдат мастацтвазнаўства Вольга Сівіцкая, у краіне праводзіцца няшмат такога роду фестываляў. На Віцебшчыне яны ладзяцца ў Полацку, а цяпер другі год запар — і ў Паставах. У нас фестываль арганнай музыкі арганізаваны невыпадкова. Пастаўская зямля мае глыбокія культурныя і музычныя традыцыі, тут нарадзіліся многія вядомыя асобы: пісьменнікі, мастакі, музыканты. Сярод апошніх Браніслаў Руткоўскі з Камай, які пачаў спасцігаць азы ігры на аргане ў родным касцёле. Затым, закончыўшы кансерваторыі ў Пецярбургу і Варшаве, прадоўжыў вучобу ў Луі Верна ў Парыжы. А атрымаўшы адукацыю, перабраўся ў Кракаў, дзе ўзначаліў Вышэйшую дзяржаўную музычную школу, выкладаў у Ягелонскім універсітэце і кіраваў Кракаўскай філармоніяй.

Вядучая канцэртаў Вольга Сівіцкая.

Увогуле, раней у Беларусі было шмат арганаў. Гэта музыка пачала актыўна развівацца ў XIV стагоддзі разам з развіццём касцёла, а яе росквіт прыйшоўся на XVII-XVIII стагоддзі. Як арганіст пачынаў сваю творчасць вялікі беларускі і польскі кампазітар Станіслаў Манюшка. Потым быў працяглы перыяд заняпаду, калі арганная музыка і яе выканаўцы нават праследаваліся. Але ў апошняе дзесяцігоддзе мы назіраем адраджэнне арганнай культуры, музыкі і выканальніцкай школы ў Беларусі. Арганы з’яўляюцца не толькі ў храмах, але і ў канцэртных залах. А разам з тым з’яўляецца своеасаблівая мода на арганную музыку, праз якую мы далучаемся да вялікага мастацтва, натхнёных, узвышаных твораў славутых кампазітараў мінулага і сучаснасці, самы вядомы з якіх Іаган Себасцьян Бах.

На Пастаўшчыне адраджэнню аргана садзейнічаюць многія людзі, якія маюць дачыненне да гэтага фестывалю. Сярод іх намеснік старшыні райвыканкама Ю. М. Кісялёў, эксперт-каардынатар нацыянальных і міжнародных культурных праектаў Беларускага фонду культуры Т. І. Стружэцкі, ксёндз-пробашч касцёла Святога Антонія Падуанскага Анджэй Возьняк. Менавіта ў гэтым касцёле адбыліся ўрачыстае адкрыццё і закрыццё музычнага свята, якія суправаджаліся цудоўнымі канцэртамі арганнай музыкі. Падчас іх глыбокія, велічныя гукі старажытнага інструмента, які, здаецца, ажыў пад чуйнымі пальцамі І. Алоўнікава, К. Нікалаевай і В. Падгайскай, запоўнілі кожны сантыметр храма і сэрцы прысутных, прымушаючы думаць пра вечнае і неў­міручае.

Пасля выступленняў музыкантаў, узнагародай за якія сталі гарачыя апладысменты слухачоў, ксёндз-пробашч Анджэй уручыў ім Падзякі ад касцёла. Дыпломы, сувеніры і кветкі госці атрымалі таксама з рук намесніка старшыні раённага выканаўчага камітэта Ю. М. Кісялёва, а Ігар Уладзіміравіч Алоўнікаў — яшчэ і віншаванні з нядаўнім юбілеем.

— Мы можам ганарыцца тым, што ў нас пабывалі такія музыканты, — адзначыў Юрый Мікалаевіч. — Гэтыя выступленні застануцца ў гісторыі Пастаўшчыны і касцёла. Але мы не мелі б магчымасці іх пачуць, калі б не Тадэвуш Іванавіч Стружэцкі, якому належаць ідэя правядзення фестывалю і яго назва. Арганы гучаць у нас ужо другі год, і, спа­дзяюся, пры падтрымцы парафіян і ксяндза Анджэя, які ўкладвае шмат сіл і намаганняў у арганізацыю фестывалю, будуць гучаць і далей.

Т. І. Стружэцкі ў сваю чаргу па­дзякаваў арганізатарам за тое, што ўдалося рэалізаваць ідэю фестывалю.

— Для людзей, якія любяць музыку, вялікая радасць чуць арган у храме, — сказаў ён. — Гэты інструмент стала прапісаўся ў касцёле, без яго не абыхо­дзяцца ні паўсядзённыя службы, ні вялікія святы. Дзякуючы яму людзі без слоў знаходзяць дарогу да Бога. Упэўнены, што канцэрты, якія адбыліся, нікога не пакі­нулі абыякавым, таму што гэта хвіліны асалоды, якія трэба хоць зрэдку атрымліваць. Жадаю вам як мага часцей бываць на такіх канцэртах і прыводзіць на іх сваіх родных, блізкіх, сяброў.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.