Перамаглі ў абласным конкурсе

Личности

Наталля Шухлева і Таццяна Дулінец.

13—14 лістапада на базе аб’ектаў грамадскага харчавання Верхнядзвінскага райспажыўтаварыства прайшоў ХХХI абласны конкурс-семінар повараў, кандытараў і афіцыянтаў спажывецкай кааперацыі Прыдзвінскага краю. У ім прынялі ўдзел больш за 40 лепшых cпецы­яліс­таў вядучых прафе­сій галіны.

Кааператараў Пастаўшчыны прадстаўлялі повар пятага разраду Наталля Шухлева і афіцыянтка Таццяна Дулінец з рэстарана “Світанак” філіяла “Каапгандаль №2”. Яны ўпершыню ўдзельнічалі ў такім мерапрыемстве, аднак не разгубіліся і даказалі, што ў Пастаўскім райспажыўтаварыстве існуе свая, адметная, школа падрыхтоўкі кадраў высокай кваліфікацыі. Наталля і Таццяна прадоўжылі выдатную традыцыю папярэднікаў і занялі ў сваіх намінацыях першыя месцы, атрымалі дыпломы, каштоўныя падарункі. Таццяна таксама адзначана як самы малады ўдзельнік.  Падняцца на вышэйшую ступеньку п’едэстала гонару ім дапамаглі добрая падрыхтоўка, настойлівасць, упэўненасць у сваіх сілах.

У “Кулінарным паядынку” Н. Шухлевай дасталася філе індычкі. Прыгатаваныя з яе за паўтары гадзіны халодныя і гарачыя стравы набралі найбольшую колькасць балаў. Журы годна ацаніла майстэрства Наталлі і ў складзе адной з каманд повараў, якія гатавалі стравы для абслугоўвання наведвальнікаў у вячэрні час.

У другі дзень праводзіўся конкурс “Майстар карвінгу”. Пастаўчанка выразала з кабачка рукавічку Дзеда Мароза, з якой “сыпаліся” навагоднія падарункі. Журы высока ацаніла “Арт-кампазіцыю” за знешняе афармленне, арыгінальнасць, прафесіяналізм выканання.

Шэраг сур’ёзных выпрабаванняў давялося прайсці і Таццяне Дулінец. У першы дзень конкурсу афіцыянты сервіравалі сталы да вячэрняга абслугоў­вання, дэманстравалі журы сваё веданне прызначэння посуду і прыбораў, майстэрства пры абслугоўванні наведваль­нікаў рэстарана. Нягледзячы на  пакуль невялікі стаж работы, Таццяна ўпэўнена і паслядоўна выконвала ўсе заданні і выйшла ў лідары.  Самай спрытнай аказалася яна і ва ўменні  складваць салфеткі, разліваць напіткі без мерніка, у забегу з падносам з пастаўленымі на ім паўлітровай пластыкавай бутэлькай і двума напоўненымі вадой бакаламі.

Пераможцы конкурсу вельмі ўдзячны сваім калегам з рэстарана: майстру-повару Ірыне Сцяпанавай, буфетчыцы Марыне Бурак, афіцыянтам Ірыне Дзехцяронак, Таццяне Танана, іншым спецыялістам за парады і дапамогу. Зараз яны сумесна рыхтуюцца да ХХХ рэспубліканскага конкурсу-семінара, які Белкаапсаюз і рэспубліканскі камітэт Беларускага прафсаюза работнікаў спажывецкай кааперацыі правядуць 11-12 снежня на базе аб’­ектаў грамадскага харчавання Ашмянскага філіяла Гродзенскага аблспажыўсаюза. Пажадаем Наталлі і Таццяне  паспяховага выступлення.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.




Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.