Праз выпрабаванні


Гэты здымак выпускнікоў курсаў трактарыстаў зроблены ў канцы сакавіка 1951 года тагачасным аграномам Варапаеўскай МТС Аляксандрам Вікенцьевічам Аліхверам (сядзіць у другім радзе пяты злева). Фатаграфаваў ён нямецкім фотаапаратам, які прывёз з вайны ў 1946 годзе. Аляксандр Вікенцьевіч вызваляў Беларусь, Польшчу, перамогу сустрэў у Берліне. На вялікі жаль, былы франтавік ужо пайшоў з жыцця, але мне хочацца расказаць пра яго сям’ю.

Да вайны сям’я Аліхвер — бацька, маці, пяць братоў і дзве сястры — жыла ў Гуце. Старэйшыя браты працавалі на шклозаводзе. У Аліхвераў была вялікая гаспадарка: 8 кароў, 2 кані, шмат вулляў з пчоламі. Амаль кожны меў веласіпед. У лютым 1940 года братоў вывезлі ў Табольскі раён Цюменскай вобласці. У 1941-ым старэйшыя браты пайшлі на фронт. Малодшы, Аляксандр, да высылкі скончыў Варапаеўскую сярэднюю школу, а ў Сібіры — сельскагаспадарчы тэхнікум і атрымаў дыплом агранома. Чацвёра братоў вярнуліся з фронту на радзіму. Аляксандр і Дзіванісій жылі ў Варапаеве, Канстанцін — у Гуце, Сцяпан — у Ажунах. Дзіванісій быў цяжка паранены ў нагу, але працаваў на будоўлі. Пяты брат нарыхтоўваў у тайзе драўніну для прыкладаў вінтовак і аўтаматаў.

Аляксандр як самы адукаваны напісаў у Вярхоўны Савет СССР прашэнне дазволіць бацькам і сёстрам вярнуцца на радзіму, і яно было задаволена. Праўда, перад ад’ездам дзядзьку папрасілі падпісаць дакумент, што не прэтэндуе на сваю маёмасць, хоць на радзіме той маёмасці ўжо і не было. Пабудаваны ў Вайцяхах новы дом у красавіку 1940 года перавезлі ў цэнтр вёскі пад школу, некалькі кароў перадалі ў новы калгас у вёсцы Дуброва, а пчоламі, коньмі і веласіпедамі распарадзіліся НКУСаўцы. Школу ў Вайцяхах і дом Аліхвераў у Гуце немцы спалілі ў 1943 годзе.

Аўтар гэтых радкоў на здымку ў апошнім ра­дзе крайні справа.

В. АЛІХВЕР, г.п. Варапаева.  

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.