«Расце» Дэпартамент аховы


Усяго праз некалькі месяцаў Пастаўскае аддзяленне Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь справіць наваселле. Цяпер яно будзе знаходзіцца па новым адрасе — у мікрараёне вуліцы Юбілейнай, побач з Цэнтрам банкаўскіх паслуг №230 ААБ “Беларусбанк”. Менавіта тут узводзіцца новы будынак Дэпартамента аховы.

— Будаўніцтва выклікана адсутнасцю неабходнай матэрыяльна-тэхнічнай базы для нармальнага функцыянавання нашага аддзялення, — тлумачыць яго начальнік Д. А. Місюк. — На 1 лістапада бягучага года штатная колькасць супрацоўнікаў службы складае 94 чалавекі, і размяшчацца ўсім у цяперашнім будынку няма магчымасці. Часта пры правядзенні розных сходаў, заняткаў даводзіцца выкарыстоўваць актавую залу РАУС. Там жа знаходзяцца частка нашых кабінетаў і пульт цэнтралізаванага назірання, што стварае пэўныя нязручнасці. Гаражы аддзялення размяшчаюцца на тэрыторыі УП ЖКГ па вуліцы Касманаўтаў, а для таго, каб падтрымліваць неабходную фізічную форму, мы два разы ў тыдзень арандуем памяшканне на ФАКу па вуліцы Савецкай. У сувязі з гэтым кіраўніцтва Дэпартамента аховы прыняло рашэнне аб узвядзенні новага будынка аддзялення, які будзе змяшчаць у сабе ўсё неабходнае.

У адпаведнасці з планам будаўніцтва, на месцы былой пляцоўкі для бытавых адходаў і агародаў жыхароў бліжэйшых дамоў з’явіцца двухпавярховы адміністрацыйны будынак са спартыўнай, трэнажорнай і актавай заламі, пультам цэнтралізаванага назірання, вучэбным класам, службовымі кабінетамі, пакоямі адпачынку міліцыянераў і для захоўвання спецсродкаў. Побач размесціцца гараж на 6 легкавых аўтамабіляў з вальерамі для 4 службовых сабак, якія пакуль знахо­дзяцца па месцы жыхарства міліцыянераў-кінолагаў. Узводзіць названыя аб’екты таварыства з абмежаванай адказнасцю “Радугастрой” (г. Вілейка), якое з’яўляецца генпадрадчыкам. Менавіта гэта арганізацыя выйграла тэндар на правядзенне будаўнічых работ, аб’яўлены Дэпартаментам аховы, які і фінансуе будоўлю. Субпадрадчыкамі ў ліку іншых выступаюць ДКУАБП “Рассвет Пастаўскі” і Пастаўскае ПМС. Першы робіць кладку сцен адміністрацыйнага будынка, а меліяратары правялі неабходныя падземныя работы: праклалі каналізацыю, водаправод, сістэму цэнтральнага ацяплення.

Будаўніцтва пачалося ў канцы ліпеня гэтага года і ўжо набліжаецца да завяршэння. Практычна гатовы гаражы з вальерамі, у іх засталося толькі пафарбаваць сцены і столь. На днях туды пададуць цяпло па часовай схеме. У адміністрацыйным будынку ўзведзены сцены і зроблена столевае перакрыцце двух паверхаў. Паралельна робіцца яго знешняя і ўнутраная ад­дзелка, добраўпарадкоўваецца тэрыторыя. Па словах Д. А. Місюка, генпадрадчык цалкам выконвае свае дагаворныя абавязацельствы, работы вядуцца з апераджэннем вызначаных тэрмінаў будаўніцтва, мінімальнымі выдаткамі і добрай якасцю.

— Зараз на будоўлі занята больш за 50 чалавек, — расказваў брыгадзір ТАА “Радугастрой” П. М. Грыгалёнак. — Працуем з 8 гадзін і да 5-ці вечара шэсць дзён у тыдзень, акрамя нядзелі. Праблем няма, горад ва ўсім дапамагае. А калі ўзнікаюць якія пытанні, яны хутка вырашаюцца. Брыгады ў нас сфарміраваны, людзі ведаюць сваю справу, бо гэта далёка не першы аб’ект, які робім. Яны ў “Радугастроя” па ўсёй рэспубліцы, у тым ліку такія сур’ёзныя, як банкі.

Завяршыць будаўніцтва запланавана 31 студзеня 2015 года, а ўвесці будынак у эксплуатацыю і ўрачыста адкрыць яго — 4 сакавіка, якраз у Дзень беларускай міліцыі.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.