Родныя краявіды натхнілі


 

29—31 кастрычніка праходзіў пленэр для навучэнцаў Пастаўскай школы мастацтваў. Ён прысвячаўся творчасці Альфрэда Ромера, чыё імя носіць установа. У пленэры — а ён меў назву “Па­літра Пастаўшчыны” — прынялі ўдзел члены Саюза мастакоў Беларусі Алесь Цыркуноў (Мінск) і Міхаіл Драненка (Віцебск), у якасці гасцей — педагогі і выхаванцы Глыбоцкай школы мастацтваў імя Язэпа Драздовіча.

У першы дзень юныя пастаўчане, а гэта 40 чалавек, малявалі гарадскія краявіды каля касцёла, царквы, Дома рамёстваў, а прафесіяналы са сталіцы і абласнога цэнтра для іх арганізавалі майстар-клас.

Назаўтра ўсіх чакала цікавая паездка ў Камаі, дзе аб’ектам асаб­лівай увагі пленэрыстаў стаў касцёл Іаана Хрысціцеля. Рабяты спачатку малявалі храм, затым зрабілі па ім экскурсію і папрысутнічалі на канцэрце арганнай музыкі.

А трэці, заключны, дзень пачаўся з прагляду работ. Журы на чале з М. Драненкам  (у яго ўваходзілі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Г. Чаплінская, мастак А. Цыркуноў, дырэктар школы і выкладчык Ж. Курдо і Г. Дрылінская) ацэньвала творчыя работы. Гран-пры без ваганняў прысуджаны вучаніцы 3 класа Насці Клянцэвіч. Акрамя таго, у дзвюх узроставых катэгорыях названы 6 дыпламантаў: гэта Ксенія Іваноўская, Алеся Пушкель, Насця Брысь, Ангеліна Волкава,  Юля Кішко, Арцём Пятровіч.

— Пераможцы атрымалі прызы, а Насця — яшчэ і сертыфікат Саюза мастакоў, — адзначыла Жанна Уладзіміраўна Курдо. — Ён дабавіць дзяўчыне балаў пры паступленні, чым усе мы вельмі задаволены. Зрэшты, як і самім мерапрыемствам. Яно натхніла на новыя праекты. У прыватнасці, плануем, каб такія пленэры сталі традыцыйнымі.

Галіна ПІШЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.