Спартыўны калейдаскоп

Спорт

У 3-ім туры ХХІV чэмпіянату Беларусі па валейболе ў дывізіёне В вышэйшай лігі пастаўчане гулялі на выездзе ў Баранавічах супраць “Лакаматыва”, які толькі ў заключным матчы мінулага першынства страціў шанцы на бронзавыя медалі. Гасцям зноў не ўдалося выставіць свой мацнейшы склад з-за адсутнасці па розных прычынах лідараў Сяргея Плюты і Алега Шылея. На шчасце, вярнуліся ў каманду вопытныя кандыдаты ў майстры спорту Віталь Варанец і Яўген Багачоў, што дазволіла даць бой грознаму саперніку. Аднак чыгуначнікі ў канцоўцы партый кожны раз прыбаўлялі і выйгралі першы матч з лікам 3:0 (25:20, 25:18, 25:19). Па падобным сцэнарыі прайшла і наступная сустрэча, якая зноў завяршылася перамогай гаспадароў з лікам 3:0 (25:18, 25:16, 25:21).

Лідарам чэмпіянату з 18 набранымі ачкамі стала каманда Жлобіна, якая двойчы з лікам 3:1 перамагла на выездзе нашага наступнага саперніка — валейбалістаў сталічнага БДУ-РЦАР.

* * *

У той самы дзень на выездзе згулялі свае матчы 11 тура нацыянальнага футбольнага першынства і выхаванцы ПМЦ супраць салігорскага “Шахцёра”. І крыўдна прайгралі з лікам 0:4. На дзеяннях нашай каманды адбілася адсутнасць галоўнага трэнера Сяргея Ясінскага, які знаходзіўся ў замежнай камандзіроўцы. У другім матчы дня таксама няўдала згулялі супраць салігарчан і футбалісты каманды “ПМЦ-2”, якія прайгралі свайму саперніку з лікам 0:3.

* * *

Лістападаўскі цыкл дамашніх гульняў пастаўскія валейбалісты адкрылі паядынкамі з выхаванцамі аб’яднанай каманды БДУ і сталічнага цэнтра алімпійскага рэзерву, якая з’яўляецца базавай для маладзёжнай зборнай Беларусі. Мінчане актыўна рыхтуюцца да адборачнага турніру чэмпіянату Еўропы. У пастаўчан зноў узніклі кадравыя праблемы, а важнейшую ролю распасоўшчыка прыйшлося выконваць 17-гадоваму вучню СШ № 4 Дзмітрыю Аксёненку. Гаспадары стараліся, але з-за неналежнага каманднага ўзаемадзеяння прайгралі адну з выйгрышных партый, а затым і ўвесь першы матч з лікам 0:3 (22:25, 19:25, 24:26). На наступны дзень пастаўчане выглядалі на пляцоўцы мацней, былі наперадзе, аднак дапусцілі шэраг памылак і не здолелі ўзяць рэванш у мінчан за папярэднюю няўдачу. Паўторны паядынак завяршыўся на карысць гасцей з лікам 2:3 (25:17, 22:25, 25:23, 23:25, 12:15), але адно ачко ў сваю скарбонку пастаўскі “Атлант-Д” усё ж заваяваў.

* * *

Больш удала для футбалістаў ПМЦ склаўся іх чарговы выязны матч чэмпіянату Беларусі (U-16) у Наваполацку. У гульнях з мясцовым “Нафтанам” пастаўчане ўжо некалькі сезонаў не маюць асаблівых праблем. З перавагай гасцей праходзіла і чарговая сустрэча, якая завяршылася іх буйной перамогай з лікам 4:0. У складзе пастаўчан двойчы вызначыўся іх лепшы бамбардзір і нападаючы юнацкай зборнай Беларусі Ілья Васілевіч. Па разу трапнымі стрэламі адзначыліся паўабаронцы Аляксандр Булычоў і капітан каманды Максім Грыгор’еў. Госці не рэалізавалі яшчэ некалькі зручных момантаў для ўзяцця варот новапалачан. Гэты поспех замацаваў пазіцыі выхаванцаў ПМЦ у групе лідараў. А вось гульня ў маладзейшай каманды “ПМЦ-2” не атрымалася, і яна саступіла свайму саперніку з лікам 0:4.

Уладзімір ШЫК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.