Спартыўны калейдаскоп

Спорт

На чарговую дамашнюю гульню 5-га тура чэмпіянату краіны па валейболе супраць каманды Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь пастаўчанам удалося выставіць свой практычна аптымальны склад. Аднак маладыя армейцы ў параўнанні з мінулым сезонам значна прыбавілі, і абедзве гульні прайшлі ў роўнай, напружанай барацьбе. У першай пастаўчане крыху расслабіліся, аддалі ініцыятыву мінчанам і ў выніку крыўдна саступілі саперніку, хоць і мелі ў ходзе сустрэчы тры матч-болы — 2:3 (20:25, 25:18, 26:24, 22:25, 19:21). Паўторны паядынак таксама складваўся непрадказальна. Госці занадта рана паверылі ў сваю перамогу, за што і былі пакараныя. Намаганнямі вопытных лідараў пастаўчан Сяргея Плюты, Сяргея Цімашэнкі, Віталя Варанца і іх партнёраў сітуацыя на пляцоўцы памянялася. “Атлант-Д” вырваў няпростую перамогу з лікам 3:2 (18:25, 19:25, 25:22, 25:21, 16:14)  і змог нарэшце заваяваць яшчэ 3 ачкі, хоць і застаўся на 7-ым месцы ў турнірнай табліцы.

* * *

Дамашні лістападаўскі цыкл гульняў пастаўскія валейбалісты завяршылі матчамі з аўтсайдарам — маладой камандай гомельскага ГВК. У складзе пастаўчан феерычную гульню паказаў у атацы першым тэмпам і ў гульні на блоку кандыдат у майстры спорту Віталь Варанец. Побач з лідарамі загулялі і маладыя ігракі Валерый Казека, Ігар Гінько, і ў выніку пастаўчане выйгралі першую сустрэчу з лікам 3:0 (25:21, 25:23, 25:20). А вось у паўторным матчы з-за адсутнасці асноўнага распасоўшчыка ўзніклі значныя цяжкасці. Пастаўчане вялі ў першай партыі з лікам 20:12, але прайгралі. На сапраўдным куражы гамяльчане выйгралі і наступную. Справа дайшла зноў да пятай скарочанай партыі, у якой гасцей было ўжо не спыніць, і яны з лікам 2:3 (21:25, 16:25, 25:23, 25:20, 11:15) выйгралі свой першы матч у сезоне. У пастаўчан стала 10 набраных ачкоў, яны па ранейшаму на 7-ым месцы і ў трох наступных турах будуць гуляць на выездзе супраць лідараў — каманд Жлобіна, Магілёва і Оршы.

Уладзімір ШЫК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.