Спартыўны калейдаскоп

Спорт

У стартавым туры XXIV чэмпіянату Беларусі па валейболе ў дывізіёне В вышэйшай лігі пастаўскі “Атлант-Д” прымаў на пляцоўцы ФАКа грознага саперніка — магілёўскі МВК. Нават у сваім аптымальным складзе вясной пастаўчане ў пераходным турніры саступілі яму з лікам 1:3. Пры актыўнай падтрымцы шматлікіх гледачоў пастаўчане ў першы дзень здзейснілі сапраўдны подзвіг і за 2 гадзіны 20 хвілін напружанай барацьбы вырвалі перамогу з лікам 3:2 (25:23, 21:25, 32:30, 13:25, 15:13). Асабліва драматычнай выдалася пятая, скарочаная, партыя, у якой гаспадары ўвесь час саступалі, але намаганнямі Сяргея Цімашэнкі, Сяргея Плюты, капітана Алега Шылея і іх партнёраў здарыўся цуд. Больш вопытныя магіляўчане, за якіх гулялі некалькі майстроў спорту, захавалі сілы і ў паўторнай сустрэчы ўзялі рэванш з лікам 0:3 (16:25, 20:25, 21:25).

* * *

Пад надакучлівым дажджом адбыўся заключны дамашні матч сезона ў футбалістаў “ПМЦ-Паставы”. Яны прымалі аднагодкаў з рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі БДУ, якім адзіным у пацярэднім нацыянальным першынстве двойчы саступілі. Першы тайм сустрэчы ў пастаўчан не атрымаўся з-за недаацэнкі саперніка, і яны прапусцілі два мячы. Пасля перапынку сітуацыя на полі памянялася карэнным чынам. Спачатку абаронца ПМЦ Мікіта Кастамараў ударам галавой пасля штрафнога скараціў адставанне, а за 5 хвілін да заканчэння паядынку нападаючы і лепшы бамбардзір пастаўчан Ілья Васілевіч більярдным стрэлам устанавіў канчатковы вынік на табло — 2:2. Крыху не пашанцавала мала­дзейшай камандзе “ПМЦ-2”, якая крыўдна прайграла мінчанам з лікам 1:2. Да заканчэння першага круга першынства пастаўчанам засталося правесці яшчэ па 6 выязных матчаў.

* * *

Наступным сапернікам пастаўскіх валейбалістаў у дамашнім матчы стаў бронзавы прызёр першынства краіны — аршанскі “Узлёт”, які толькі па фінансавых прычынах не перайшоў гуляць у элітны дывізіён. На гэты раз у пастаўчан па розных прычынах адсутнічалі два вядучыя ігракі, а маладыя партнёры не змаглі падтрымаць дыяганальнага нападаючага Сяргея Плюту. Госці надзейна яго прыкрылі і выглядалі мацней. Толькі ў другой партыі паўторнага матча гаспадары былі блізкія да перамогі, вялі ў ліку 23:22, але няўдала згулялі ў канцоўцы. Абедзве сустрэчы прайшлі пад дыктоўку аршанцаў і завяршыліся з аднолькавым лікам 0:3. Пасля двух паражэнняў з двума набранымі ачкамі пастаўскі “Атлант-Д” у турнірнай табліцы апусціўся на перадапошняе, 7-ае месца. У лідарах ідуць каманды Жлобіна, Магілёва і сталічны БДУ-РЦАР.

* * *

На чэмпіянаце раёна па шахматах згуляна палова запланаваных партый. Прамежкавым лідарам у вышэйшай лізе стаў урач-хірург Андрэй Паўлаў, які набраў 7 ачкоў з 8-мі магчымых. На прызавыя месцы прэтэндуюць яшчэ некалькі шахматыстаў, сярод якіх Уладзімір Пляшак, Віктар Шастакоў, Сцяпан Дзяшук, Іван Мурзо і іншыя. Барацьба ў першынстве абяцае быць вельмі напружанай, бо толькі палова ўдзельнікаў, якія трапяць у шасцёрку мацнейшых, захаваюць месцы ў вышэйшай лізе. Астатніх чакае пераходны турнір з удзелам лепшых ігракоў, якія гуляюць у першай лізе. Імя мацнейшага шахматыста Пастаўшчыны стане вядома перад Новым годам.

Уладзімір ШЫК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.