Сучаснасць і мінулае спляліся ў дрэва жыцця

Культура

У нядзелю, 16 лістапада, у выставачнай зале Дома рамёстваў адбылося адразу два мерапрыемствы: прадстаўленне батлейкі ў выкананні аматарскага лялечнага тэатра «Станчыкі» (падрабязней пра яго чытайце ў наступных нумарах газеты) і адкрыццё персанальнай выставы браслаўчанкі Наталлі Парахневіч.

«Восеньскі настрой», «Першыя замаразкі», «Травень», «Узыход», «Знаёмся, гэта маё сонца», «Дрэва жыцця» — вось некаторыя назвы дэкаратыўных пано ў тэхніцы традыцыйнага беларускага ткацтва, якія ў наш горад з суседняга Браслава прывезла кіраўнік клуба майстроў народнай творчасці «Ля возера» Наталля Парахневіч. Ужо толькі па гэтых назвах можна меркаваць пра тое, што аўтарскія работы адлюстроўваюць хараство прыроды, напоўнены яркімі фарбамі і гармоніяй. А яшчэ яны здольныя выпраменьваць чароўную энергетыку, запрашаючы нас у дзіўны свет фантазіі. Свет, убачаны вачыма мастачкі і расказаны пры дапамозе ткацкага станка і нітак. Усяго ў экспазіцыі прадстаўлена 28 работ.

На выраб дэкаратыўных пано ў сярэднім патрэбна каля месяца, але праца над работай «Дрэва жыцця» доўжылася 11 тыдняў, паколькі яна сатканая з паясоў, якія майстар пляла самастойна. Гэта пано максімальна напоўнена традыцыйным беларускім арнаментам і з’яўляецца адным з любімых Наталлі.

— Якім будзе пано, магу абдумваць ад пяці хвілін да месяца. Усё залежыць ад наяўнасці матэрыялу (каўроўка, ніткі звычайныя і для вязання) і яго каляровай гамы, — дзялілася сакрэтамі з прысутнымі на адкрыцці выставы Наталля Парахневіч. — Як правіла, у маіх работах няма канцэптуальнасці, схаванага сэнсу. Я разлічваю на той візуальны эфект, які пано створыць на гледачоў.

Нарадзілася Наталля ў Мінску, прафесійную адукацыю атрымала на мастацка-графічным факультэце Віцебскага педагагічнага інстытута. Тут жа сустрэла свайго будучага мужа Міхаіла, з якім вучылася ў адной групе. Іх сямейны і творчы саюз доўжыцца ўжо шмат гадоў: Міхаіл займаецца разьбой па дрэве, афармляе работы жонкі ў драўляныя рамкі, якія ўпрыгожваюць пано і робяць іх цалкам гатовымі да выставы.

Ужо больш за 10 гадоў Наталля Парахневіч працуе ў Браслаўскім музеі традыцыйнай культуры. Да гэтага шмат гадоў вяла ўрокі працы ў школе. Мастачцы заўсёды падабаліся традыцыйныя беларускія рамёствы, але тэхнікай ткацтва захапілася адносна нядаўна. Да гэтага асноўным захапленнем была вышыўка. Ёй Наталля валодае дасканала, нават дыпломная работа, якая да гэтага часу ўпрыгожвае выставачную галерэю Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта, выканана ў гэтай тэхніцы.

— Мне не важна, колькі будзе патрачана часу на тую ці іншую работу, — прызнавалася творца. — Галоўнае, што сам працэс з’яўляецца для мяне радасным і прыносіць толькі задавальненне. Спадзяюся, гледачы адчуваюць тыя пазітыўныя пачуцці, якія я ўкладваю ў пано падчас працы.

Наталля Парахневіч выстаўляла свае работы на «Славянскім базары ў Віцебску», розных кірмашах. Пасля Пастаў яны адправяцца ў Браслаў, затым, магчыма, у Латвію. У нас выстава будзе экспанавацца на працягу месяца. Дарэчы, упадабанае пано можна купіць, арыенціровачны кошт — каля 300 долараў. Танней прадаваць свае работы мастачка не бачыць сэнсу.

Вераніка ФІЛАНОВІЧ.

 Фота аўтара.

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.