Там, дзе гаспадарыць свята

Культура

Фестываль вясковай творчасці, арганізаваны Цэнтрам культуры і народнай творчасці, прадоўжыўся 8 лістапада ў Ляхаўшчынскім СДК, дзе была прадстаўлена тэматычная праграма “Вячоркі на Кузьмінкі”, прымеркаваная якраз да гэтай восеньскай пары. Свае таленты паказалі дзеці, што прыйшлі “ў госці” да вясковай жанчыны — добрай гаспадыні. Сцэна ўяўляла сабой сялянскую хату, абсталяваную ў традыцыйным стылі маляўнічымі этнаграфічнымі  рэчамі. Менавіта такія сведкі мінулага захоўваюцца ў кутку гістарычнага побыту гэтай клубнай установы. У Парыжскім СДК гледачам і журы быў прапанаваны тэматычны канцэрт “Дом, дзе жыве свята”. Адразу ўвагу наведвальнікаў прыцягвала выстава дэкаратыўна-прыкладной творчасці гурткоўцаў з самаробнымі лялькамі. Усе самадзейныя артысткі ўразілі журы прыемным эстэтычным выглядам (проста сапраўдныя “парыжанкі”!), а сама праграма вызначалася выкарыстаннем разнастайных мастацкіх жанраў. Завяршыўся “фестывальны дзень” святам вясковай творчасці ў Гуцкім сельскім культурным цэнтры. Артыстаў было нямала:  вакальная група, салісты, сямейны ансамбль Пачкоўскіх, два  дзіцячыя харэаграфічныя калектывы, якія маюць асобныя касцюмы на кожны танец. Удала разыграныя гумарэскі на вясковую тэму прадстаўлялі справа­здачу тэатральнага гуртка. Вельмі расчуліў усіх прысутных дуэт сына і маці — Арцёма і Наталлі Кухальскіх. Была прадстаўлена выстава работ з бісеру народнага майстра Л. У. Івановай.

Тэмай свята вясковай творчасці ў Андронаўскім сельскім клубе  стала сувязь пакаленняў. Распачаў канцэрт народны гурт аўтэнтычнай песні, які годна прадстаўляе фальклор сваёй мясцовасці і перадае гэтую мастацкую спадчыну маладзейшым удзельніцам. Журы і гледачоў вельмі ўразіў вакальны дуэт Марыяны Скідан і Андрэя Целяка. Спявалі і танцавалі таксама дзеці. На завяршэнне  прагучала агульная песня ў выкананні аматараў мастацкай творчасці ўсіх пакаленняў. І ў Андронах, і ў Кураполлі, дзе адбыўся наступны канцэрт, былі прадстаўлены выставы народнай дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Апошняя — з даўнейшых традыцыйных вышыванак Тэрэзы Іосіфаўны Сідаровіч. Трэба адзначыць вялікую разнастайнасць і спалучэнне розных жанраў у канцэрце, яркім момантам якога стала інтэрмедыя “Ну і моладзь пайшла!” у выкананні зладжанага тэатральнага калектыву. Парадаваў і плён сумеснай работы Курапольскага СДК з мясцовай школай — дзіцячая вакальная група пад кіраўніцтвам настаўніцы Наталлі Леанідаўны Кірыленка. Справаздачны канцэрт у Юнькаўскім СДК распачала вакальная група народнага клуба “Юнчанка”, удзельніцы якога не толькі разам спяваюць, але і карысна праводзяць свой вольны час, упрыгожваюць і свае дамы, і клуб уласным рукадзеллем, частуюць стравамі традыцыйнай кухні. Напрыканцы гэтага свята мастацкай творчасці “юнчанкі”  прапанавалі ўсім прысутным (а іх было шмат)  смачны вясковы пірог. Канцэртныя нумары былі разнастайныя. Пастаянны ўдзельнік мастацкай сама­дзейнасці Дома культуры Вадзім Назаранка расчуліў жанчын лірычнымі песнямі, а дзіцячы тэатральны калектыў развесяліў удалай гумарыстычнай пастаноўкай. Масавыя танцы прадставіў  дзіцячы танцавальны гурток, а спрытная падтанцоўка суправа­джала яркае выступленне прыпевачніцы Кацярыны Гродзь, якое вельмі ўразіла ўсіх, хто прыйшоў у гэты дзень у Юнькаўскі СДК.

Л. ЧАТОВІЧ,

старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра культуры і народнай творчасці.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.