Тое, што доктар прапісаў


 

З 19 кастрычніка ўступіла ў сілу пастанова Міністэрства аховы здароўя № 66, у адпаведнасці з якой зменены правілы выпіскі рэцэптаў і водпуску па іх лекаў у аптэках. Адно з новаўвядзенняў — гэта выпіска кожнага лекавага сродку на асобным бланку, а таксама тое, што ўсе «атавараныя» рэцэпты цяпер застаюцца ў аптэцы і па іх будзе весціся строгая справаздачнасць. Прымаемыя меры накіраваны на абмежаванне бескантрольнага самалячэння, якое часта наносіць істотную шкоду здароўю.

Спецыялісты падлічылі, што па рэцэптах урачоў адпускаецца 41% прэпаратаў, без іх — 59%. У пералік лекавых сродкаў, што рэалізуюцца без рэцэпта, уваходзяць усе лекавыя сродкі, неабходныя для аказання самадапамогі. Гэта лекавыя сродкі, прызначаныя для экстраннага зняцця высокага крывянога ціску, пры павышэнні тэмпературы і першых прыкметах вострай рэспіраторнай віруснай інфекцыі, для лячэння кішэчных расстройстваў, процімікробныя прэпараты і многія іншыя.

Карэспандэнт «Пастаўскага краю» Вераніка ФІЛАНОВІЧ пацікавілася, як пастаўчане ўспрынялі вышэйназваную пастанову. Вось што ёй адказалі:

Сяргей Віктаравіч ДАЦЭНКА,

загадчык паліклінікі  Пастаўскай ЦРБ:

— Магчыма, гэта пастанова Міністэрства аховы здароўя ўскладніць і без таго напружаную працу ўрачоў, затое ўпарадкуе водпуск прэпаратаў у аптэках. Акрамя таго, выпісваючы рэцэпт, доктар вызначае схему лячэння: які менавіта лекавы сродак неабходны, яго дозу, кратнасць прыёму і нясе адказнасць за назначэнне прэпарата. Як і раней, пацыентам будуць выпісвацца лекавыя сродкі як айчыннай, так і імпартнай вытворчасці. Калі гаварыць пра работу ФАПаў, то фельчар не можа выпісаць рэцэпт і адкрыць бальнічны ліст, затое ён мае права па дамове з аптэкай рэалізоўваць лекавыя сродкі на сваім рабочым месцы, у тым ліку і прэпараты, якія адпускаюцца толькі па рэцэпце ўрача. Усе прымаемыя меры накіраваны на папярэ­джанне ўскладненняў ад бескантрольнага прыёму лекавых сродкаў. Адно з наступстваў такога безадказнага самалячэння — развіццё рэзістэнтнасці (устойлівасці) да антыбіётыкаў.

Валянціна Іосіфаўна  МАРЦІНОВІЧ,

індывідуальны прадпрымальнік:

— Думаю, новаўвядзенне створыць яшчэ большыя чэргі да ўрача, што будзе вельмі нязручна, бо не ў кожнага ёсць магчымасць адпрасіцца з працы нават на гадзіну. Яшчэ адзін аспект — своечасовы пачатак лячэння. Возьмем простую сітуацыю: увечары ў чалавека пачынаецца ангіна. Калі ён пры першых сімптомах прыме пэўны від антыбіётыкаў, прапалошча горла, то да раніцы адчуе сябе значна лепш, і, такім чынам, не будзе вострай неабходнасці ісці на прыём у паліклініку.

Больш за ўсё, на мой погляд, пацерпяць сельскія жыхары, якім прый­дзецца або дабірацца на прыём да ўрача ў горад, або чакаць штомесячнага прыёму на ФАПе.

Алена Аляксандраўна ПАЎЛАВА,

 намеснік загадчыцы  цэнтральнай раённай аптэкі № 87:

— Колькі існуе аптэчная служба, столькі дзейнічае і безрэцэптурны і рэцэптурны водпуск лекаў. Да прыкладу, два гады таму ўступіла ў сілу пастанова Міністэрства аховы здароўя № 55, у якой утрымліваецца пералік лекаў, што адпускаюцца без рэцэпта ўрача. Такі пералік ёсць у кожнай аптэцы і паліклініцы. У іх — досыць вялікая колькасць антыбіётыкаў шырокага спектра дзеяння. Гэта амаксікар, амаксіцылін, ампіцылін, лінкаміцын і іншыя. Тое ж самае датычыць і лекавых сродкаў, прызначаных для экстраннай стабілізацыі артэрыяльнага ціску з мінімальнай колькасцю пабочных эфектаў. Напрыклад, без рэцэпта можна купіць амладзіпін, каптапрыл, эналапрыл і іншыя. Лічу такі падыход апраўданым, паколькі многія людзі самі сабе назначаюць лячэнне якімі-небудзь прэпаратамі. Яшчэ горш, калі такім чынам яны лечаць і дзяцей. Часта пры першых прыкметах ВРВІ хворыя пачынаюць прымаць антыбіётыкі. Але ці так яны неабходныя? Зусім не. Каб вылечыць гэта захворванне, дастаткова прымяняць супрацьвірусныя сродкі. Яшчэ адзін распаўсюджаны прыклад. Калісьці ўрач выпісаў чалавеку пэўныя таблеткі, якія ён  прымае не першы год. Аднак за гэты час арганізм да іх прывык і не рэагуе належным чынам на лекі. Альбо сталі выяўляцца пабочныя дзеянні (кашаль, насмарк, ацёкі), а чалавек усё роўна працягвае лячыцца гэтымі таблеткамі. Аднак многія гэтага не разумеюць і новаўвядзеннем незадаволеныя: просяць адпусціць лекі як выключэнне. Але мы не маем права парушаць інструкцыю.

А што па гэтым пытанні думаеце вы, паважаныя чытачы?



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.