«У фатаграфіі няма таго, што мяне не цікавіць»


Падпалкоўнік запасу Сяргей Вшыўкаў з фотаапаратам не расстаецца з дзяцінства. Дзякуючы гэтаму захапленню ў яго фотаархіве нямала ўнікальных здымкаў. Два гады назад, з набыццём новай тэхнікі, творчасць аматара фатаграфіі выйшла на новы ўзровень, стала больш плённай і заўважнай. Многія пастаўчане з непадробным інтарэсам наведваюць нядаўна створаную Сяргеем Барысавічам групу ў сацыяльнай сетцы “Аднакласнікі”, якая амаль кожны дзень папаўняецца партрэтамі землякоў, замалёўкамі роднага краю.

Дзе найбольш любіць бываць аўтар? Што яго натхняе? Пра гэта і не толькі — у інтэрв’ю нашай газеце.

—            Сяргей Барысавіч, дзе прайшло Ваша дзяцінства?

—            Мая маці родам з-пад Нарачы, бацька — з Архангельскай вобласці. У 1958 годзе ён прыехаў служыць у Паставы — у авіяцыйную часць. Я нарадзіўся ў 1963-ім. Спачатку вучыўся ў СШ №3, потым — у СШ №1. Пасля заканчэння базавай школы спрабаваў паступіць у Полацкі лясны тэхнікум, але ўжо на першым уступным іспыце мяне чакала няўдача. Можа, і да лепшага. Наўрад ці з той прафесіяй маё жыццё было б такім багатым на знаёмствы і падзеі.

—            Дзе атрымлівалі адукацыю?

—            Паступіў у Ільянскі ветэрынарны тэхнікум, пазней скончыў Вільнюскае вышэйшае каманднае вучылішча радыёэлектронікі супрацьпаветранай абароны. Служыў у Падмаскоўі, Саратаўскай вобласці, Харкаве, на пабярэжжы Балтыйскага мора… Некаторы час працаваў на будаўніцтве Байкала-Амурскай магістралі. Але самыя незабыўныя ўспаміны засталіся пра Курылы — востраў Сімушыр для мяне і маёй сям’і стаў родным на чатыры гады.

—            Раскажыце падрабязней пра службу ў гэтым экзатычным месцы.

—            Яна стала сапраўдным выпрабаваннем для ўсіх, хто трапіў туды напрыканцы васьмідзясятых. Адна толькі дарога да вострава чаго каштавала! Дабрацца да Сімушыра было вельмі складана: транспарт у той кірунак хадзіў вельмі рэдка. Бывала, каб трапіць на месца службы, чакалі па тры месяцы на іншым востраве. Калі ж дабіраліся, траплялі ў спартанскія ўмовы. Акрамя ваенных, якія абслугоў­валі вайсковую часць супрацьпаветранай абароны, там больш нікога і нічога не было: ні пітной вады, ні магазіна ці ўрача. Толькі горы, вулканы і дзікая прырода, досыць багатая на ўсялякую жыўнасць. Неаднойчы ўласнае жыццё было пад пагрозай. Часам небяспечныя сітуацыі ствараў сам. Напрыклад, выходзіў на лодцы з вёсламі ў адкрытае мора. Мінімальная перамена надвор’я — і ўсё магло б закончыцца сумна. Але я не мог усе­дзець на месцы. Ніколі не разумеў таварышаў, якія на працягу трох гадоў службы ні разу не выйшлі за межы пасёлка. На іх месцы, напэўна, звар’яцеў бы.

—            Зафіксавалі мясцовыя ландшафты на фотаплёнцы?

—            А як жа! Служыць было няпроста, але вельмі цікава. Я часта адпраўляўся ў пешыя падарожжы па востраве. Праходзіў дзясяткі кіламетраў і шмат фатаграфаваў таго, што бачыў. Напэўна, ні адзін фатограф у свеце не можа пахваліцца здымкамі тамтэйшых вулканаў і неверагоднай па прыгажосці кальдэры  Заварніцкага, якую часткова запаўняе Бірузовае возера (кальдэра — гэта ўпадзіна, што ўтвараецца ад прасядання глебы ў выніку вывяржэння вулкана — аўт.). У савецкі час на востраве існавалі метэаралагічная абсерваторыя, сейсмалагічная станцыя, база субмарын. Сёння востраў бязлюдны, усе будынкі закі­нуты, ніякі транспарт туды не ходзіць. А шкада. Я з задавальненнем вярнуўся б з фотаапаратам у тыя мясціны, нягледзячы на тое, што гэта за тысячы кіламетраў ад Пастаў.

 

—            З фотаапаратам сябруеце даўно?

—            Гадоў з дзесяці, калі бацькі падарылі мне “Змену-8”. Як і ўсе дзеці, фатаграфаваў катоў, сабак, кветачкі ды лісцікі. Потым перайшоў на “Зеніт”. Усе плёнкі праяўляў сам, і гэты занятак прыносіў мне шмат задавальнення. Штосьці чароўнае і таямнічае было ў тым працэсе. І цяпер гэта рабіў бы, але, на жаль, плёначны фотаапарат не дае столькі магчымасцей, як лічбавы. З сучаснай тэхнікай можна ажыццяўляць столькі творчых задум! А то як раней было: прыгажосць бачу, а перадаць і паловы яе не магу. Праўда, ёсць яшчэ адзін варыянт — намаляваць карціну. Так раней і рабіў. Нават ладзіў персанальную выставу. Што на іх было адлюстравана? Прырода, нацюрморты, людзі… А цяпер душа да фарбаў не ляжыць. Лепш з фотаапаратам: шчоўкнуў — і за імгненне сюжэт гатовы.

—            У якім жанры найбольш падабаецца працаваць?

—            У фатаграфіі няма таго, што мяне не цікавіць. Падабаецца рабіць здымкі землякоў — для гэтага хаджу амаль на ўсе масавыя гарадскія мерапрыемствы, часта ў пошуках кадраў выязджаю за горад. Пастаянна наведваю футбольныя паядынкі каманд Пастаўскага мэблевага цэнтра. Цікава паназіраць за спартсменамі, іх эмоцыямі. Карацей кажучы, фатаграфаваў і фатаграфую вельмі шмат. Перакананы, што настойлівасць і цярпенне — найлепшыя спадарожнікі поспеху і прафесійнага росту.

—            Якія ў Вас захапленні, акрамя фатаграфіі?

—            Іх  шмат. Напрыклад, ландшафтны дызайн. Люблю сваімі рукамі ствараць прыгажосць на дачы і не шкадую на гэта часу. Таксама разводжу пчол. Гэта цэлая навука, і мне цікава яе асвойваць. У ліку хобі — паляванне і рыбалка.

Наогул, у душы я чалавек вясковы, нават сказаў бы — хутаранін. Гэта, напэўна, у крыві. Бацька нарадзіўся на хутары ў расійскай тайзе, маці таксама вырасла ў суседстве з лесам. Вось і я хінуся да прыроды. У пастаўскай кватэры бываю вельмі рэдка, большасць часу праводжу на дачы, атрымліваю асалоду ад жыцця на ўлонні прыроды. Яна натхняе, супакойвае.

Праўда, люблю пасядзець не толькі ля возера, але і ў інтэрнэце. Ён мой вялікі памочнік у плане фатаграфіі, дазваляе дзяліцца сваёй творчасцю з усім светам. Калі ў мяне сабралася вялі­кая колькасць фотаматэрыялу, стварыў сваю групу ў “Аднакласніках”, дзе і размяшчаю лепшыя здымкі. Яна называецца “Пастаўскі край”. Не прайшло і года, а група ўжо аб’ядноўвае каля паўтары тысячы чалавек.

—            У Вас шмат сяброў?

—            Знаёмых шмат, сяброў — адзінкі. Разумею, што ў зносінах я не ідэал — эмацыянальны і прамалінейны. А людзям больш падабаецца чуць няшчырыя кампліменты, чым праўду ў вочы. Калі яе выказваеш, тут жа становішся ворагам нумар адзін. Крывіць душой не ўмею і  ніколі гэтага не раблю. Усё роўна добрым для ўсіх не будзеш. Нездарма кажуць, што ёсць толькі адзін правільны спосаб быць нешчаслівым: старацца спадабацца ўсім.

Я заўсёды за справядлівасць, за парадак ва ўсіх справах. Яшчэ больш гэтыя пачуцці ў ва мне выхавала пасада камандзіра 98-га Асобнага радыёлакацыйнага вузла, на якой знаходзіўся каля 8 гадоў. Мне не сорамна за сваю работу, якой аддаваў неймаверную колькасць сіл і часу. Дарэчы, у часці бываю і цяпер. Часам калегі звяртаюцца па дапамогу, і ніколі ім не адмаўляю.

—            Наколькі Вы залежныя ад грамадскага меркавання?

—            У плане фатаграфіі для мяне важны меркаванне іншых, ацэнка сваёй творчасці. Таму стараюся ўдзельнічаць у фотаконкурсах. У адным з іх, які праводзіла газета “Беларусь сегодня”, нават перамог. Дасылаў фатаграфіі на тэлеканал “СТБ” — ён ладзіў спецыяльны праект. Таксама з’яўляюся пастаянным ­удзельнікам фотаконкурсаў, якія праводзяцца на інтэрнэт-прасторы.

—            У Вас ёсць настаўнікі ў фатаграфіі?

—            Не, я фатаграфую так, як падказвае ўнутраны голас. Даўно заўважыў, што найлепшыя здымкі — непастановачныя, калі чалавек не бачыць камеры. Многія яе саромеюцца, таму стараюся на мерапрыемствах быць незаўважным.

—            Што Вас найбольш натхняе?

—            Прырода і ўсё, што з ёй звязана. Прычым мне не патрэбны асаблівы настрой, каб пайсці фатаграфаваць. Наадварот, сам працэс здымкі дорыць эмацыянальнае ўзрушэнне. Ёсць і любімыя месцы для “палявання” на кадры. Мяне з дзяцінства прыцягваюць горы, узвышанасці, таму душа ляжыць да Шырак. Хаця на Пастаўшчыне ёсць шмат мясцін, дзе можна палюбавацца хараством навакольнага асяроддзя. Трэба толькі ўмець іх заўважаць.

—            Як ставіцеся да крытыкі?

—            Спакойна. Як, напэўна, і ўсе людзі, дапускаю памылкі, але яны ў нейкай ступені падштурхоў­ваюць да самаўдасканалення. Перакананы, што не аступаецца толькі той, хто нічога не робіць. Прасцей за ўсё закінуць ногі на канапу і разважаць: тое не так зрабіў, гэта не так сфатаграфаваў. Так і хочацца сказаць: а вы паспрабуйце самі, а толькі потым крытыкуйце.

—            Якія творчыя планы?

—            Я іх не будую, а проста атрымліваю задавальненне ад сваіх шматлікіх хобі. Можа, калі-небудзь і ўласную фотавыставу арганізую — матэрыялу для яе дастаткова.

Іна СНЯЖКОВА.

Фота з архіва Сяргея ВШЫЎКАВА.
Больш здымкаў — на старонцы аўтара ў сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі». 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.