У раён прыбудуць больш за 200 кітайскіх будаўнікоў


У наступным годзе кітайскія спецыялісты пачнуць будаваць у  Пастаўскім раёне размеркавальнае ўстройства, якое звяжа існуючыя электрычныя сеткі з сеткамі будучай беларускай атамнай станцыі, што ўзводзіцца ў Астраўцы.

Падрыхтоўчыя работы на пляцоўцы каля вёскі Бірвіта, што на мяжы Пастаўскага і Браслаўскага раёнаў, вядуцца ўжо сёння. Там працуюць два дзясяткі кітайцаў — яны рыхтуюць будаўнічую пляцоўку, вытворчую базу, а таксама жылы комплекс на 200 чалавек. Менавіта столькі кітайскіх рабочых будуць узводзіць новы аб’ект, пачатак будаўніцтва якога запланаваны на першы квартал 2015 года.

Падрыхтоўчыя работы плануецца завяршыць да пачатку зімы. Каб выканаць гэту задачу, на пляцоўцы ў чыстым полі кітайцы працуюць без выхадных з 8 гадзін  да 6-ці вечара. Жывуць яны ў Кураполлі — сельгаспрадпрыемства здае ім у арэнду двухпавярховы дом.

—            На ўмовы не скардзімся, — гаварыла перакладчыца Эма. — Большасць часу праводзім на рабоце, адпачываць няма калі. З харчаваннем праблем не існуе — мы прывезлі ў Беларусь свайго повара. Уражанні ад знаходжання на Пастаўшчыне самыя прыемныя. Паспелі заўважыць, якія ў Кураполлі добразычлівыя, гасцінныя людзі. Нам вельмі непрывычная тутэйшая цішыня, надзвычай размераны лад жыцця. Усе займаюцца сваімі справамі, ніхто нікуды не спяшаецца. А якое чыстае паветра! Гэта не кітайскі смог, ад якога не ведаеш, як ратавацца.

Заказчык будоўлі — РУП  “Гроднаэнерга”.

— Працаваць на аб’екце будуць замежнікі, але без дапамогі пастаўчан ім не абысціся, — пракаменціраваў намеснік старшыні райвыканкама Павел Радзівонавіч Станюш. — Ужо цяпер, пры правя­дзенні падрыхтоўчых работ, кітайцам дапамагае тэхніка з ДЭУ-33, аўтатранспартнага прадпрыемства № 17, Пастаўскага прадпрыемства меліярацыйных сістэм. Калі разгорнецца сама будоўля, аб’ём сумеснай работы ўзрасце ў разы. Не сумняваюся, што гэта будзе сучасная высокатэхналагічная падстанцыя. Кітайцы ўжо неаднойчы праявілі сябе на будаўнічых пляцоўках Беларусі. Не так даўно яны ўзвялі энергаблокі на Мінскай ЦЭЦ-5 і Новалукомльскай ГРЭС. А вясной гэтага года стала вядома, што адна з кітайскіх кампаній да канца 2016 года пабудуе гідраэлектрастанцыю на рацэ Заходняя Дзвіна — з імі заключыла кантракт РУП «Віцебскэнерга».

Падстанцыю ў раёне вёскі Бірвіта плануецца здаць у эксплуатацыю ў 2016 го­дзе. Абслугоўваць яе будуць пастаўчане — там з’явіцца каля трыццаці новых рабочых месцаў.

Іна СНЯЖКОВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.