Упершыню — 10 тысяч тон

Сельское хозяйство

У адкрытым акцыянерным таварыстве “Навасёлкі-Лучай” стала традыцыяй у сярэдзіне года ўрачыста падводзіць прамежкавыя вынікі работы, адзначаць тых, хто вызначыўся на сяўбе, нарыхтоўцы кармоў, у жывёлагадоўлі. Такое мерапрыемства ў пачатку ліпеня адбылося і сёлета. Аднак, ушанаваўшы лепшых працаўнікоў, дырэктар сельгаспрадпрыемства Юрый Францішкавіч Шымчык адзначыў, што, каб своечасова разлічвацца з падаткамі, крэдытамі, выплачваць заработную плату, абнаўляць машынна-трактарны парк, у цэлым падтрымліваць жыццядзейнасць працоўнага калектыву, трэба ўмацоўваць фінансавае становішча. А гэта магчыма пры ўмове пастаяннага нарошчвання вытворчасці і павышэння якасці прадукцыі.

Час паказвае, што з пастаўленай  задачай у гаспадарцы ў асноўным спраўляюцца. У прыватнасці, за дзесяць месяцаў атрымана раслінаводчай прадукцыі на 34,4 мільярда рублёў, што перавышае мінулагодні ўзровень на 7,9%. Упершыню валавы збор зерневых і зернебабовых склаў 10 тысяч тон пры сярэдняй ура­джайнасці 37,5 цэнтнера з гектара, а пшаніцы і ячменю выйшла на круг амаль па 40 цэнтнераў.

Хлебная ніва сёлета ўрадзіла нядрэнна, ды і надвор’е дапамагло. Таму жніво завяршылася менш чым за месяц. Але лёгкім яно не было. Каб убраць зерневыя і зернебабовыя на 2675 гектарах, камбайнерам і вадзіцелям давялося папрацаваць з поў­ным напружаннем. З 11 экіпажаў шэсць — Віктара Дулінца, Уладзіміра Пралі­ча, Сяргея Гіля, Сяргея Каралёнка, Станіслава Марціновіча і Аляксандра Курдо — намалацілі па 1030—1260 тон зерня і масланасення рапсу. Усяго некалькі дзясяткаў тон не хапіла да запаветнай тысячы экіпажам Андрэя Жалейкі і Паўла Рагіні. Добрых слоў заслужылі таксама Святаслаў Зарэцкі, Аляксандр Смолка і Віктар Рогаў.

Практычна без прастояў працавалі вадзіцелі, а многія, перад тым як выехаць у поле, паспявалі даставіць збажыну ў лік дзяржзаказу на хлебапрыёмнае прадпрыемства ў Паставы (дарэчы, гэтыя тоны не ішлі ў агульны залік).  Аляксандр Альхімёнак перавёз з поля на ток 2006 тон збожжа, Валянцін Ромаш — 1790. Высокая выпрацоўка ў ва­дзіцеляў Леанарда Бугая, Вальдэмара Мацура, Леаніда Собаля, Аляксандра Варнэля і іншых. Большая частка намалочанай збажыны прайшла праз сушыльныя комплексы ў Навасёлках і Лучаі.

Адначасова са жнівом і пасля яго ў сельгаспрадпрыемстве працягвалася нарыхтоўка кармоў. Каб накарміць 5,5 тысячы галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку практычна круглы год 1400 кароў, патрэбны вялікія запасы кармоў. Для грамадскага статка ў летне-асенні перыяд было нарыхтавана 500 тон сена, 12,7 тысячы тон сенажу, 27 тысяч тон сіласу, у два разы больш, чым летась, засыпана зернефуражу. У разліку на ўмоўную галаву жывёлы выйшла  па 41 цэнтнеры кармавых адзінак.

Назапасіць з улікам кукурузы некалькі дзясяткаў тысяч тон травяністых кармоў — задача няпростая.  Дырэкцыя сельгаспрадпрыемства зацікавіла механізатараў матэрыяльна, і тыя не лічыліся з часам, выканалі самы вялікі ў раёне аб’ём работы. Адзін Юрый Гваздоў на “Ягуары” нарыхтаваў больш за 25 тысяч тон травяністых кармоў і кукурузнай масы. Дзякуючы Руслану Шымко і Аляксандру Федаронку, якія першым укосам ска­сілі больш за тысячу гектараў траў, спорылася работа на іх падборы і здрабненні ў Сяргея Салонінкі і Уладзіміра Праліча. Больш за іншых перавезлі сянажнай масы Мар’ян Кісель, Святаслаў Зарэцкі, Аляксандр Лешчык, Яніс Віш­неўскі, Анатолій Счасны, Юрый Назараў.

Сёлета навасёлкаўскія механізатары і вадзіцелі часцей за іншых выходзілі пераможцамі спаборніцтва на веснавой сяўбе, нарыхтоўцы кармоў і жніве, першымі справілі дажынкі.  Клапоцяцца і пра будучы ўраджай: на 2300 гектарах пасеяны азімыя зерневыя і рапс. На плошчы, у два разы большай, чым летась, праведзена зяблевае ворыва. Рыхтуецца насенны матэрыял, рамантуецца тэхніка.

 Пётр КУРЫЛОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.