Упершыню — першыя

Образование Спорт

Кіраўнік фізвыхавання Юрый Барысавіч Трафімаў (у цэнтры) з актыўнымі спартсменамі, пераможцамі і прызёрамі розных спаборніцтваў Кацярынай Казаровец, Яўгеніем Лысёнкам, Дзмітрыем Каралёнкам, Дзмітрыем Марозам, Аляксандрам Груздом, Канстанцінам Шэршнем, Яўгеніем Леўшыным, Анастасіяй Паповай.

Спартсмены Пастаўскага прафтэхкаледжа некалькі гадоў запар дабіваюцца добрых вынікаў у розных відах спорту на раённых, абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах. А нядаўна каледж упершыню стаў пераможцам абласной спартакіяды, апярэдзіўшы 22 прафесіянальна-тэхнічныя навучальныя ўстановы Віцебскай вобласці.

Пастаўчане занялі першыя месцы ў зімовым мнагаборстве “Здароўе” і спаборніцтвах па валейболе,  другое — па міні-футболе, трэцяе — па лёгкаатлетычным кросе і толькі ў мнагаборстве “Абаронца Айчыны” ўступілі п’едэстал гонару іншым камандам. Усяго набралі 237 ачкоў і апярэдзілі глыбачан і аршанцаў, якія занялі другое і трэцяе месцы, адпаведна на 19 і 41 ачко.

— Спартакіяда ўстаноў прафтэхадукацыі з’яўляецца галоўным спартыўным мерапрыемствам года, — адзначыў кіраўнік фізвыхавання каледжа Юрый Барысавіч Трафімаў. — Да перамогі ў ёй мы ішлі на працягу апошніх гадоў. За гэта ўдзячны не толькі цяперашнім спартсменам, але і тым, хто выходзіў на старты раней. Стаць мацнейшым можна толькі тады, калі  пастаянна трэніруешся, удзельнічаеш у спаборніцтвах, праяўляеш настойлівасць і сілу волі. Добрую загартоўку нашы спартсмены атрымліваюць падчас “Пастаўскай лыжні”, Кубка раёна па міні-футболе, лёгкаатлетычнага кросу і іншых спаборніцтваў.

Вось і нядаўна каманда ў складзе навучэнцаў Сяргея Пазняка, Яўгенія Лысёнка і Наталлі Парангоўскай заняла другое месца ў раённых спаборніцтвах па настольным тэнісе. Дзясяткі юнакоў і дзяўчат з розных вучэбных груп прынялі ўдзел у лёгкаатлетычным кросе. На дыстанцыі 1000 метраў першае, другое і трэцяе месцы занялі адпаведна Раман Мядзведзеў, Арцём Сітковіч і Яўгеній Лубко. Сярод дзяўчат хутчэй за іншых прабеглі 500 метраў Алёна Плотнікава, Кацярына Казаровец і Вольга Казаровец.

Лепшыя лёгкаатлеты Яўгеній Лубко, Раман Мядзведзеў і Арцём Сітковіч.
Намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Наталля Аляксандраўна Шылько ўручае Ганаровую грамату Сяргею Пазняку.

Арцём Сітковіч і Раман Мядзведзеў прывезлі з Мінска дыпломы другой ступені, якія заваявалі ў складзе абласной каманды на першынстве Беларусі па міні-футболе сярод устаноў прафтэхадукацыі.

Цяпер у каледжы працягваецца першынство навучальнай установы па валейболе.  А галоўнымі стануць спаборніцтвы чарговай абласной спартакіяды навучэнцаў прафесіянальна-тэхнічных устаноў, якая стартуе ў пачатку 2015 года.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.