Ушанавалі лепшых работнікаў сельскай гаспадаркі (+фота)

Культура Местная власть Сельское хозяйство

16 лістапада ў нашай краіне адзначаўся Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці. З гэтай нагоды ў Паставах у раённым Доме культуры па вуліцы Станкевіча адбыліся ўрачысты сход і вялікі канцэрт. Прысутнічалі кіраўнікі і спецыялісты, прадстаўнікі розных прафесій усіх працоўных калектываў аграпрамысловага комплексу, а героямі свята сталі  камбайнеры, вадзіцелі, аператары сушыльных комплексаў і іншыя працаўнікі, якія ўнеслі найбольшы ўклад ва ўборку ўраджаю.

У фае Дома культуры дэлегацыі сельгаспрадпрыемстваў і іншых гасцей сустракалі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці, работнікі раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці і запрашалі іх да святочнага стала, а таксама пазнаёміцца з  работамі майстроў Дома рамёстваў. Прадстаўленыя на выставе вырабы прыцягвалі ўвагу, бо былі выкананы з прыроднага матэрыялу, нагадвалі карціны вясковага жыцця,  раскрывалі багацце і хараство душы чалавека.

Маляўнічым атрымалася адкрыццё свята. Удзельнікі танцавальнага калектыву Навасёлкаўскага філіяла Варапаеўскай дзіцячай школы мастацтваў выканалі харэагра­фічную замалёўку, а самыя юныя выхаванцы паднеслі старшыні раённага выканаўчага камітэта  В. С. Гутараву каравай з ураджаю 2014 года.

Ушаноўванне работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысло васці — вельмі добрая традыцыя, — адзначыў, звяртаючыся да прысутных, Віктар Сяргеевіч. — У многім дзякуючы іх сумленным адносінам да працы,  гаспадарлі­васці, адданасці роднай зямлі і развіваецца агра­прамысловы комплекс. Сёлета ў сельгасарганізацыях раёна ўжо атрымана валавой прадукцыі на 393 мільярды рублёў, або па 152 мільёны на аднаго работніка. На перапрацоўчыя і нарыхтоўчыя прадпрыемствы адпраўлена 33 тысячы тон малака, каля 6 тысяч  тон мяса, 13 тысяч тон зерня. На стойлавы перыяд на ўмоўную галаву жывёлы нарыхтавана па 23,3 цэнтнера кармавых адзінак травяністых кармоў, што значна больш, чым у  мінулым годзе.

Падрыхтаваны да работы ў зімовых умовах фермы. Працягваецца іх рэканструкцыя. Пачата будаўніцтва другой чаргі робатызаванага комплексу  па вытворчасці малака ў ААТ “Навасёлкі-Лучай”. На развіццё сяла з усіх крыніц фінансавання сёлета вы­дзелена і асвоена больш за 58 мільярдаў рублёў грашовых сродкаў.

У раёне захавана галіна перапрацоўкі ўсёй сельскагаспадарчай прадукцыі. Насельніцтва забяспечана малочнымі, мяснымі і хлебабулачнымі вырабамі. На поў­ную магутнасць запрацаваў сучасны цэх па вытворчасці цвёрдых сыроў у ААТ “Пастаўскі малаказавод”. Высокапрадукцыйная імпартная лінія па выпрацоўцы валакна ўстаноўлена на льнозаводзе. Вялі­кім попытам не толькі ў раёне, але і за яго межамі карыстаецца прадукцыя філіяла “Ка­ап­нарыхт­прамган­даль”  райспажыўтаварыства. Гэтыя і іншыя прыклады сведчаць, што, нягледзячы на пэўныя цяжкасці, агра­прамысловы комплекс развіваецца і будзе развівацца ў далейшым.

Старшыня райвыканкама В. С. Гутараў і яго першы намеснік, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама А. В. Чарвінскі, павіншавалі прысутных са святам, пажадалі моцнага зда­роўя, дабрабыту, поспехаў у працы і ўручылі пераможцам спаборніцтва пераходныя вымпелы раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў і іншыя ўзнагароды.  Першымі іх атрымалі тыя, хто вызначыўся на хлебнай ніве. Найвышэйшыя паказчыкі прадуктыўнасці зерневага поля — 162 кілаграмы на 1 бала-гектар — у ААТ “Хацілы-агра”. У ААТ “Навасёлкі-Лучай” упершыню намалацілі 10 тысяч тон збожжа. У два разы павялічылі валавы збор зерня ў параўнанні з папярэднім годам у філіяле “Нафтазаводмантаж-агра”.

Па нарыхтоўцы кармоў лепшымі прызнаны ААТ “Навасёлкі-Лучай”, “Кураполле-агра” і філіял “Нафтазаводмантаж-агра”. Адкрытае акцыянернае таварыства “Навасёлкі-Лучай”  адзначалася яшчэ двойчы — за вышэйшыя вынікі па вытворчаці алейных культур і бульбы.

На сёлетнім жніве 8 камбайнераў намалацілі па 1000 і больш тон зерня, 18 вадзіцеляў перавезлі такую ж колькасць збажыны, а два перавысілі двухтысячны рубеж. Пераможцамі сталі лепшыя з лепшых. У цырымоніі ўзнагароджвання ўдзельнічалі Аляксандр Курдо, Станіслаў Марціновіч, Аляксандр Альхімёнак, Канстанцін Галубёнак, Юрый Квач. Сярод маладзёжных экіпажаў і вадзіцеляў — Валерый Ярашэвіч, Віктар Рогаў з памочнікам Паўлам Полякам, Уладзімір Усаценка, браты Віталій і Віктар Хведзевічы.

У гэтым годзе валавы збор зерня па раёне склаў 58 тысяч тон — на тры тысячы тон больш, чым летась. Нягледзячы на спрыяльнае надвор’е, хапіла клопатаў з яго дапрацоўкай. Найбольшая колькасць збожжа перапрацавалі аператары сушыльных комплексаў ААТ “Навасёлкі-Лучай”, “Камайскі-агра” і “Хацілы-агра”, якім на свяце былі ўручаны Падзякі старшыні райвыканкама.

Добрая аснова будучага ўраджаю закладзена гэтай восенню. Гаспадаркі пасеялі 15,4 тысячы гектараў азімых зерневых. Больш чым на 13 тысячах гектараў праведзена зяблевае ворыва. Арганізавана вядзецца гэта работа ў ААТ “Кураполле-агра” і “Сцяг Перамогі-агра”. Сярод механізатараў на найбольшых плошчах узаралі глебу Георгій Зелянкевіч, Юрый Усовіч і Руслан Чарняўскі.

Значны аб’ём работы ў сельскагаспадарчай вытворчасці, асабліва на заключным этапе — уборцы — выконваюць шэфы з прамысловых прадпрыемстваў і арганізацый, а таксама навучэнцы каледжа, школьнікі. Іх праца  не застаецца незаўважанай.  Падзякамі старшыні райвыканкама адзначаны калектывы філіяла “Аўта­транспартнае прадпрыемства №17”, прафтэхкале­джа, УП ЖКГ і філіяла “ДЭУ-33”.

На свяце хлебаробаў былі падведзены вынікі раённага конкурсу на лепшы студэнцкі атрад на ўборачных работах 2014 года. Сярод груп прафтэхкаледжа першае, другое і трэцяе месцы занялі атрады “Задзеўе”, “Энтузіясты” і “Вікторыя” (камандзіры — Валянціна Клянтак, Ірына Мілта і Жанна Рудзінская). Сярод школьнікаў на ўборцы бульбы першае месца заняў атрад “Дружба” Навасёлкаўскай СШ (камандзір — Л. Я. Міхалевіч). На другім і трэцім — атрады 9 “Б” і 11 класаў СШ №2 (камандзіры — А. Ю. Трубач і Л. Ф. Семянас). Першы сакратар райкама ГА “БРСМ” Іна Каралёва і галоўны спецыяліст аддзела ідэала­гічнай работы,  культуры і па справах моладзі райвыканкама Святлана Падгайская ўручылі прадстаўнікам атрадаў сертыфікаты на набыццё падарункаў і грашовыя прэміі.

Пасля ўрачыстай часткі адбыўся канцэрт  заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Ірыны Дарафеевай. Разам з ёй на сцэне РДК выступілі фіналісты праекта тэлеканала “АНТ” “Акадэмія талентаў”, якія актыўна ўдзельнічаюць у гастрольных турах па Беларусі ў якасці артыстаў Тэатра песні вядомай спявачкі.

— Выступаць перад такой аўдыторыяй — адно задавальненне, — сказала Ірына. — У зале сабраліся лепшыя працаўнікі вёскі вашай цудоўнай Пастаўшчыны. Буду вельмі шчаслівая, калі мае песні парадуюць людзей, западуць у сэрцы, выклічуць жывыя эмоцыі.

Сёлета Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі праводзіўся ў іншым фармаце, чым у папярэднія гады. На ім былі ўшанаваны толькі тыя, хто непасрэдна працуе на зямлі. Таму, як адзначыў старшыня райвыканкама В. С. Гутараў, вяскоўцы сустрэнуцца яшчэ раз на традыцыйнай нарадзе па падвя­дзенні вынікаў работы за год. Разам з іншымі будуць адзначаны  лепшыя гаспадаркі, фермы і аператары-жывёлаводы.

Ужо сёння трэба думаць пра перспектывы галіны, лёс новага ўра­джаю. У наступным го­дзе ў грамадскім сектары вытворчасці трэба забяспечыць прырост валавой прадукцыі на 9—10%. Задача не з простых. Вырашаць яе трэба будзе ў асноўным за кошт уласных крыніц, шляхам нарошчвання аб’ёмаў вытворчасці прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі, павышэння яе якасці, зніжэння затрат, строгага захоўвання тэхналагічных рэгламентаў.

no images were found

no images were found

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.