За ўмелыя дзеянні, ініцыятыву і прафесіяналізм


6 лістапада ў раённым Доме культуры па вуліцы Станкевіча адбыўся ўрачысты сход, прысвечаны 75-годдзю з дня ўтварэння раённага аддзела ўнутраных спраў. Сённяшніх супрацоўнікаў і ветэранаў міліцыі, іх родных, прадстаўнікоў іншых сілавых структур і грамадскасці горада віталі старшыня раённага выканаўчага камітэта В. С. Гутараў і начальнік раённага аддзела ўнутраных спраў А. М. Гарус.  Гісторыі і цяперашнім справам міліцыі, тым, хто шмат гадоў ахоўваў грамадскі парадак  і зараз годна працягвае слаўныя традыцыі, быў прысвечаны відэафільм пастаўскіх тэлежурналістаў.

Юбілейная дата з дня ўтварэння раённага аддзела ўнутраных спраў дарагая для кожнага, асабліва для тых, хто ў свой час нёс нялёгкую службу, вёў барацьбу са злачыннасцю, забяспечваў грамадскую бяспеку, абарону правоў і законных інтарэсаў грамадзян, вырашаў іншыя задачы. А іх на сённяшні дзень у радах пярвічнай ветэранскай арганізацыі РАУС амаль 90. У іх ліку  былыя начальнікі І. М. Аніськовіч, В. Ю. Будзіч, М. К. Доўмант,  а таксама Т. В. Казакевіч, М. С. Дыса, І. Ф. Шчыт, П. М. Кузьміч, А. І. Козел, В. Е. Собаль, М. М. Аліхвер, В. Э. Куталёў, Ф. С. Дунец, В. У. Войтаў, Ф. А. Мурзо, А. У. Ільюшчанкаў, У. Т. Субач, М. У. Агеенка, якія былі запрошаны на сцэну. На сходзе атрымалі падзякі за службу і афіцэры Ю. І. Анкіп і І. М. Юшко, якія нядаўна змянілі міліцэйскую форму на цывільную вопратку. Гарачымі апладысментамі віталі прысутныя ветэрана Вялікай Айчыннай вайны і органаў унутраных спраў В. І. Ашчэпкава, якому 6 лістапада споўнілася 92 гады. Віктару Іванавічу былі ўручаны Падзяка старшыні райвыканкама і каштоўны падарунак ад былых калег.

Больш чым за сем дзесяцігоддзяў неаднаразова адбываліся  структурныя змяненні ў райаддзеле, узнікалі новыя кірункі прафілактычнай і праваахоўнай работы, але заўсёды супрацоўнікі займаліся і займаюцца ёй прафесійна, граматна, умела. Пастаўскай міліцыі давярае насельніцтва, па шэрагу пазіцый аддзел у ліку лепшых на Віцебшчыне. У сувязі з юбілеем, а таксама за прафесіяналізм, ініцыятыву, праяўленыя пры выкананні задач, Ганаровымі граматамі і граматамі ўпраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама ўзнагароджаны першы намеснік начальніка райаддзела Д. В. Куталёў, начальнік крымінальнага вышуку Д. Ю Шыман, начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі А. Г. Мядзелка. Падзякі кіраўніка абласной міліцыі атрымалі начальнік аддзялення Дзяржаўтаінспекцыі Д. М. Андрон, інспектар крымінальна-выканаўчай інспекцыі В. А. Далінкевіч, міліцыянер-канваір А. У. Непачатаў.

За ўзорнае выкананне службовых абавязкаў Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь медалём “За бездакорную службу” трэцяй ступені ўзнагароджаны міліцыянер-вадзіцель А. П. Лабуць, а старшы інспектар аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі П. Ф. Шылей  удастоены нагруднага знака Міністэрства ўнутраных спраў “За адзнаку”. Оперупаўнаважаным аддзела крымінальнага вышуку П. М. Свірбутовічу і М. М. Якімовічу напярэдадні юбілею былі прысвоены чарговыя спецыяльныя званні, а на свяце ўручаны капітанскія пагоны.

Высокую ацэнку дзейнасці калектыву ад­дзела і яго кіраўніцтву даў старшыня раённага выканаўчага камітэта В. С. Гутараў і ўручыў заслужаныя ўзнагароды райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў.

З юбілейнай датай супрацоўнікаў міліцыі павіншавалі начальнік раённага аддзела Дэпартамента аховы Рэспублікі Беларусь Д. А. Місюк, начальнік раённага аддзела камітэта Дзяржаўнай бяспекі Ю. А. Пчалінцаў, атаман Пастаўскага казацкага аддзела А. М. Зазулін, дырэктар СШ №3 У. Ч. Койра, ветэран працы Т. В. Казакевіч. Музычныя падарункі паднеслі заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь фальклорны ансамбль “Паазер’е”, народная эстрадная група “25 плюс-мінус”, выхаванцы раённага маладзёжнага ваенна-спартыўнага клуба “Азімут”, іншыя ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.