“Адказнасць павінна быць жорсткай”


 Апошнім часам ва ўсіх сродках масавай ін­фармацыі актыўна абмяркоўваецца тэма наркатызацыі грамадства і ўсплёску смяротнасці сярод моладзі ў выніку ўжывання курыльных сумесей, або так званых спайсаў. Пакуль у Беларусі дадзеная праблема ў найбольшай ступені закранула Мінск і іншыя буйныя гарады. Але неўзабаве яна можа стаць такой жа вострай і для глыбінкі. Як абстаяць справы з ужываннем наркотыкаў і гандлем імі ў Пастаўскім раёне? Пра гэта карэспандэнт “ПК” гутарыць са старшым оперупаўнаважаным групы па наркакантролі і процідзеянні гандлю людзьмі РАУС П. М. СВІРБУТОВІЧАМ.

— Павел Мар’янавіч, наколькі ­сур’ёзная ў нас сітуацыя з наркаманіяй?

— На сённяшні дзень у раёне пераважаюць опіумныя наркаманы, якія самі вырабляюць наркатычныя рэчывы з насення і раслін маку. Раней іх было няшмат. Мы амаль пра ўсіх ведалі і перыядычна прыцягвалі аматараў “зелля” да адказнасці. Але, нягледзячы на меры, якія прымаліся і прымаюцца ў барацьбе з названым злом, колькасць наркаманаў у раёне з кожным годам павялічваецца. Зараз на ўліку ва ўрача-нарколага стаяць каля 20 чалавек. На самай жа справе спажыўцоў наркотыкаў у разы больш — не дзясяткі, а, хутчэй за ўсё, сотні.

— З Вашых слоў магу зрабіць выснову, што найбольш папулярны на Пастаўшчыне наркотык — ацэтыляваны опій.

— Так. Час ад часу ў раён завозяць гашыш або амфітамін. Але гэта адзінкавыя выпадкі. Больш непакоіць з’яўленне курыльных сумесей. Калі яшчэ год назад у нас іх зусім не было, тады як у вялікіх гарадах гэта праблема была даволі актуальнай, то сёлета яны прыйшлі і ў глыбінку. На сённяшні дзень на тэрыторыі Пастаўскага раёна выяўлены тры факты захоўвання спайсаў. Узбуджаны тры крымінальныя справы, дзве з якіх разгледжаны, і вінаватыя прыцягнуты да крымінальнай адказнасці.

— А якім чынам пастаўчане набываюць спайсы?

— Як правіла, яны распаўсюджваюцца праз інтэрнэт. Там часта рэкламуюцца як легальныя курыльныя сумесі, хоць на самай справе з’яўляюцца забароненымі і вельмі небяспечнымі. Гэта ўсе, у тым ліку самі пакупнікі, добра разумеюць. Тым не менш… Механізм набыцця наркотыку просты. Пакупнік з дапамогай электроннага кашалька пераводзіць грошы на рахунак прадаўца, а той у адказ адпраўляе яму паведамленне аб месцы закладкі тавару. У Паставы спайсы прывозяць у асноўным студэнты, якія вучацца ў Мінску і Віцебску.

— Як Вы іх выяўляеце?

— Часткова ў гэтым дапамагае той жа інтэрнэт, часткова — аператыўная інфармацыя, якую атрымліваю ад сваіх калег. У барацьбе з распаў­сюдж­ваннем наркатычных сродкаў удзельнічаюць усе супрацоўнікі нашага райаддзела, незалежна ад таго, хто з іх у якой службе працуе. Перыядычна праводзім сумесныя рэйды па начных клубах і дыскатэках.

— Павел Мар’янавіч, калі ласка, абрысуйце сацыяльны партрэт мясцовага наркамана: якога ён полу, узросту, сацыяльнага статуса?

— Што датычыць тых, хто ўжывае курыльныя сумесі, то, як правіла, гэта маладыя людзі 18—25 гадоў, студэнты вышэйшых або сярэднеспецыяльных навучальных устаноў. Нярэдка — з прыстойнай сям’і, якія станоўча характарызуюцца па месцы свайго пастаяннага пражывання і вучобы. А вось спажыўцамі опію з’яўляюцца ў асноўным асобы старэй за 30 гадоў, таксама пераважна мужчыны. Большасць з іх — людзі не вельмі адукаваныя і ўладкаваныя ў жыцці, але сустракаюцца і дастаткова паспяховыя грамадзяне.

— Нядаўна Прэзідэнт правёў нараду з прадстаўнікамі сілавых ведамстваў, на якой запатрабаваў зрабіць больш жорсткай адказнасць за ўжыванне і распаўсюджванне наркотыкаў. Як Вы ставіцеся да гэтага?

— Цалкам падтрымліваю такое рашэнне, бо з кожным годам наркаманаў становіцца ўсё больш. Як паказвае практыка, адзін спажывец за год можа прывучыць да наркотыкаў каля 10 чалавек і распаўсюдзіць іх яшчэ некалькім грамадзянам. Акрамя таго, наркаманія непазбежна вядзе да павелічэння колькасці кра­дзяжоў, грабяжоў, разбойных нападаў, іншых цяжкіх злачынстваў, таму што для пакупкі наркотыкаў патрэбны грошы, якія ёсць далёка не ў кожнага нарказалежнага. Больш жорскія меры адказнасці неабходны, каб чалавек ведаў: калі ён будзе займацца такой супрацьпраўнай дзейнасцю, абавязкова панясе пакаранне, і яно будзе строгім.

Алена ШАПАВАЛАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.