Адзначылі лепшых, падзякавалі ўсім

Образование

27 лістапада ў прафтэхкаледжы адбыліся дажынкі, на якіх падведзены вынікі ўдзелу ў сельскагаспадарчых работах атрадаў і навучэнцаў, адзначаны лепшыя.  Пра іх уклад ва ўборку ўраджаю 2014 года расказалі дырэктар каледжа Мікалай Мікалаевіч Лысёнак, галоўны аграном ААТ “Ха­цілы-агра” Іван Рыгоравіч Машлякевіч, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ “Камайскі-агра” Юрый Мар’янавіч Плюта, старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Сяргей Мікалаевіч Герасіменка.

У асноўным — на бульбяных палетках

Восенню гэтага года для ўборкі ўраджаю было сфарміравана 11 студэнцкіх атрадаў, у якіх працавала больш за 200 чалавек. Пераможцамі раённага спаборніцтва прызнаны групы №№ 207, 60/61 і 212. У адкрытых акцыянерных таварыствах “Хацілы-агра” і “Камайскі-агра” яны дабіліся самай высокай у разліку на аднаго чалавека дзённай выпрацоўкі. Ганаровыя граматы і грашовыя сертыфікаты райкама ГА “БРСМ”, а таксама грашовыя прэміі ад­дзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама студэнцкім атрадам былі ўручаны на раённым свяце з нагоды Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці. А ў цэлым за аказанне сельгаспрадпрыемствам актыўнай шэфскай дапамогі навучальная ўстанова адзначана Падзякай старшыні раённага выканаўчага камітэта.

На дажынках у каледжы таксама былі заахвочаны лепшыя з лепшых. Дырэктар Мікалай Мікалаевіч Лысёнак  аб’явіў падзякі і прэміраваў вялікую групу навучэнцаў і майстроў. Падарункі і грашовыя ўзнагароды ўручылі гаспадарам і госці свята. Асабліва шчыра дзякаваў маладым памочнікам  Юрый Мар’янавіч Плюта. У ААТ “Камайскі-агра” яны выканалі найбольшы аб’ём работы — падабралі за капалкамі 369 тон клубняў. А рэкардсменамі сталі Андрэй Шкорнік, Арцём Шувалаў, Дзмітрый Паўловіч, Аляксей Яркоўскі, Вікторыя Дзевятоўская, Дзмітрый Краўчунас, Вольга Казаровец, Мікалай Галатылец і Дар’я Жаваранкава.

Майстры і навучэнцы актыўна працавалі на палях вучэбнай гаспадаркі. Найбольш агародніны вырасцілі выхаванцы груп Валянціны Міхайлаўны Клянтак, Ганны Браніславаўны Маслоўскай, Алены Аляксандраўны Амбразевіч,  Наталлі Валянцінаўны Мажэйка, Наталлі Вячаславаўны Крыніцкай, Веранікі Валер’еўны Харужай. Атрыманы ўраджай дазволіў практычна цалкам задаволіць патрэбы сталовай каледжа ў бульбе, бураках, моркве і іншай агародніне. Частка яе бу­дзе рэалізавана на раённых і абласных кірмашах, іншым арганізацыям і асобным грамадзянам. У тым, што атрыманы важкі ўраджай, вялікая заслуга галоўных арганізатараў сельгасвытворчасці Віктара Вітольдавіча Ожаля і Людмілы Ігараўны  Каробчыц.

Не толькі навучэнцы, але і майстры

На ўрачыстасці неаднаразова называліся прозвішчы майстроў вытворчага навучання Валерыя Пятровіча Грынько, Станіслава Станіслававіча Гапона, Аляксея Уладзіміравіча Пляшывава, Віталія Яўгеньевіча Лысёнка, Юрыя Веньямінавіча Шылёнка, якія выконваюць усе механізаваныя работы на палях вучэбнай гаспадаркі. Добра ведаюць іх і ў сельскагаспадарчым вытворчым кааператыве “Андроны”, дзе не толькі рыхтуюць глебу, сеюць, але і ўбіраюць ураджай. Значная дапамога рабочымі кадрамі і тэхнікай аказвалася сёлета льнозаводу, ААТ “Сцяг Перамогі-агра”, “Блакітныя азёры-агра”. Дарослыя памочнікі з каледжа неаднаразова заахвочваліся дырэкцыяй, раённым выканаўчым камітэтам. А нядаўна за лепшыя паказчыкі на перавозцы збожжа майстар В. Я. Лысёнак узнагароджаны Ганаровай граматай упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама.

Кіраўніцтва ўлічвае патрэбы гаспадарак у кадрах пры накіраванні навучэнцаў для праходжання вытворчай практыкі. Яно высока цэніць спонсарскую дапамогу, асабліва ўдзячна дырэктарам ААТ “Навасёлкі-Лучай”  Ю. Ф. Шымчыку  і ААТ “Хацілы-агра”  В. І. Крыштафовічу, якія вы­дзелілі насенне зерневых і сродкі для рамонту цяпліцы.

* * *

Навучэнцы ўмеюць не толькі працаваць, але і адпачываць. На працягу ўсёй урачыстасці прысутным у зале адрасавалі свае музычныя падарункі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.