Апраўдаць давер


Аб працы парламентарыяў, пытаннях, разгледжаных падчас сесій, зменах і дапаўненнях, унесеных у заканадаўчую базу краіны, праве­дзенай рабоце ў Шаркаўшчынскай выбарчай акрузе № 29 за 2-ое паўгоддзе 2014 года расказвае дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Морхат Мечыслаў Віктаравіч.

Паважаныя выбаршчыкі!  Вы даверылі мне прадстаўляць вашы інтарэсы ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Для мяне, як і для ўсяго дэпутацкага корпуса, гэты перыяд быў напружаным, насычаным і цікавым. Разгледжаныя і прынятыя рашэнні былі запатрабаваныя жыццём, накіраваныя на тэхналагічнае абнаўленне эканомікі, забеспячэнне яе ўстойлівага развіцця.

У першым чытанні парламентарыямі прыняты два законапраекты: “Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях стварэння Дзяржаўнага  камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь і дзейнасці дзяржаўных органаў” і “Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях, якія звязаны са змяненнем адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўпарадкавання Рэспублікі Беларусь”. Тры законапраекты прыняты ў другім чытанні. Унесены змены і дапаўненні ў Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь, Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, Працэсуальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, якія датычацца ўзмацнення мер адказнасці за правапарушэнні ў сферы палявання і рыбалоўства, і ў законапраект “Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Закон Рэспублікі Беларусь “Аб зброі”. Праект Закона “Аб амністыі” ў сувязі з 70-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў прадугледжвае вызваленне ад пакарання непаўналетніх, цяжарных жанчын, жанчын і адзінокіх мужчын, якія маюць дзяцей да 18 гадоў, асоб пенсіённага ўзросту, хворых на актыўную форму туберкулёзу і  анкала­гічныя захворванні.

Акрамя дэпутацкай дзейнасці непасрэдна ў Парламенце, пільную ўвагу ўдзяляю працы ў выбарчых акругах.  За другое паўгоддзе 2014 года ў Шаркаўшчынскай выбарчай акрузе №29 мной арганізавана 6 прыёмаў грамадзян, праведзена 13 сустрэч у працоўных калектывах, у час асабістага прыёму прыняў 43 чалавекі, разгледжаны ўсе вусныя і пісьмовыя звароты. Падчас працы ў акрузе стараюся ўважліва вывучаць існуючыя праблемы, не пакідаць без увагі ніводнага пытання, якое патрабуе майго ўдзелу і садзейнічання. Вялікую ўвагу надаю розным святочным мерапрыемствам, якія праводзяцца ў акрузе, лічу сваім абавязкам асабіста віншаваць з усімі дзяржаўнымі святамі сваіх выбаршчыкаў. Сваю дэпутацкую дзейнасць ажыццяўляю ў цесным узаемаразуменні з мясцовымі выканаўчымі органамі, іх службамі, міністэрствамі. За гэты перыяд мной накіравана ў розныя міністэрствы Рэспублікі Беларусь сем дэпутацкіх зваротаў для вырашэння пытання па сутнасці. Пытанні, з якімі звярталіся грамадзяне, датычылі аказання жыллёва-камунальных паслуг, добраўпарадкавання вуліц, двароў, дарог, вызначэння тлустасці малака, свое­часовай адпампоўкі вады з дома, выдзялення дадатковага зямельнага ўчастка, забеспячэння палівам, нарыхтоўкі дроў, ямачнага рамонту завулка Міцкевіча ў г. Браславе, аплаты за малако, рамонту дарогі Відзы—Дрысвяты, забеспячэння дадатковым камп’ютарам карыстальнікаў Відзаўскай бібліятэкі, змянення графіка руху прыгараднага аўтобуса “Браслаў—Дамагшы”, памеру выплачваемай пенсіі, замены вечка на калодзежы каля ДБУ-26 у г.п. Шаркаўшчына, складання графіка развозу газавых балонаў у в. Зорка Шаркаўшчынскага раёна. Многія з іх вырашаліся падчас асабістага прыёму.

Доўга стаяла пытанне па рамонце грамадскай лазні ў г.п. Відзы. Сёння прыемна канстатаваць, што зроблены рамонт у мужчынскім аддзяленні. У цяперашні час лазня функцыянуе ў звычайным рэжыме. Абсталяваны і доўгачаканы пункт прыёму для папярэдняга ўтрымання безнаглядных сабак і катоў у г.п. Шаркаўшчына.

Дзякуючы неабыякавасці дырэктара УП “Полацкая ўніверсальная база” Краўчыня Ларысы Іванаўны працуе прадуктовы магазін у в. Алашкі Шаркаўшчынскага раёна, дырэктара ААТ “Шаркаўшчынскі агратэхсэрвіс” Вароны Аляксандра Леанідавіча ДУА “Велікасельская дзіцячы сад-сярэдняя школа” забяспечана бесперабойнай падачай халоднай вады (прасвідравана новая артэзіянская свідравіна), начальніка Шаркаўшчынскага раёна электрычных сетак Шарыпа Віталія Анісімавіча — своечасова рамантуюцца ліхтары вулічнага асвятлення ў населеных пунктах раёна.

Больш складанымі аказаліся пытанні, якія патрабавалі выезду на месца, з удзелам прадстаўнікоў раённай улады, спецыялістаў. У Пастаўскім раёне гэта пытанні аб налічэнні пенсіі, адсутнасці дарогі да могілак у в. Тузбіца Курапольскага сельсавета,  у Браслаўскім — пытанне ажыццяўлення рознічнага гандлю замежнымі грамадзянамі, добраўпарадкавання пляжа возера Бярэжжа па вуліцы Кастрычніка, стварэння зоны азелянення па вуліцы Садовай у Браславе, адстрэлу дзікоў, якія наносяць шкоду асабістым гаспадаркам, закрыцця аддзялення паштовай сувязі «Замошша», прыватызацыі жылых памяшканняў у інтэрнаце ў Браславе. На жаль,  у Шаркаўшчынскім раёне застаюцца  нявырашанымі  пытанні па капітальным рамонце вуліц Чырвоная Горка, Маладзёжная, будаўніцтве новай артэзіянскай свідравіны ў ААТ “Княж” для цэнтралізаванага водазабеспячэння жыхароў в. Сталіца, рамонце дарожнага пакрыцця па вуліцы Камарова (тэрмін — да 10.12.2014 г.). Больш за два гады не вырашаецца пытанне азелянення сасонніка і ўстанаўлення мяжы з жывёлагадоўчым комплексам у в. Лужкі.

Вядома, без узаемаразумення і падтрымкі кіраўнікоў дзяржаўных органаў, кіраўніцтва раённых выканаўчых камітэтаў, раённых Саветаў дэпутатаў, кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый вырашэнне многіх праблем жыхароў было б амаль немагчымым. Выказваю вялікую падзяку кіраўнікам і работнікам Шаркаўшчынскага, Браслаўскага, Пастаўскага райвыканкамаў, яго аддзелаў, раённых службаў за падтрымку і супрацоўніцтва ў вырашэнні наспелых праблем жыхароў раёнаў.

Паважаныя выбаршчыкі! Дзякую вам за давер, разуменне і супрацоўніцтва, за вашу актыўную жыццёвую пазіцыю, прынцыповасць, за вашы пытанні, інтарэс да дэпутацкай дзейнасці. Моцнага вам здароўя, шчасця, дабрабыту, аптымізму і веры ў дабро.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.