У Лынтупах банкамат «укралі»…


Невясёлую навіну паведамілі лынтупчане, пазваніўшы ў рэдакцыю раённай газеты. “У гарадскім пасёлку некалькі гадоў стаяў банкамат  “Белаграпрамбанка”, усім было зручна і грошы здымаць, і аперацыі па плацяжах праводзіць. А нядаўна з’явілася аб’ява пра тое, што банкамат будзе зняты. 4 снежня яго не стала. А як быць людзям? Нам раяць звяртацца ў аддзяленне сувязі, але  там за карыстанне карткамі “Беларусбанка” здымаюць працэнты. Ісці ў адзяленне “Беларусбанка”? Давя­дзецца патраціць нямала часу. Там працуе адзін спецыяліст, а людзям трэба і крэдыты пагашаць, і розныя плацяжы ўносіць, і дэпазіты афармляць. Кажуць, што ў магазінах карткай можна разлічыцца. Але ж не ва ўсіх магазінах ёсць тэрміналы. Да таго ж, як па картцы купіць тавар на рынку? Дапамажыце!” — прасілі людзі.

Каб разабрацца ў сітуацыі, пазваніла ў РКЦ №17 г. Паставы філіяла ААТ “Белаграпрамбанк” — Віцебскае абласное ўпраўленне. І вось якое тлумачэнне атрымала ад намесніка начальніка В. В. Мінчанковай: “У першую чаргу гэта абумоўлена стратнасцю банкамата — затратамі банка па яго забеспячэнні і пакупцы грашовай наяўнасці, а таксама затратамі па дастаўцы грашовых сродкаў. У свой час асноўнымі ўмовамі ўстаноўкі банкамата з’яўляліся перавод зарплаты на карты ААТ “Белаграпрамбанк” калектываў РУП “Лынтупскі спіртзавод”, ААТ “Блакітныя азёры-агра”, бюджэтных арганізацый і забеспячэнне нагрузкі на банкамат не менш за 3000 карт ААТ “Белагра­прамбанк”. Цяпер жа ў гарпасёлку толькі каля 150 кліентаў нашага банка атрымліваюць зарплату на карты. Разам з тым, варта адзначыць, што атрымаць грашовыя сродкі па картах можна ў аддзяленнях паштовай сувязі і ААБ “Беларусбанк”. І ўсе гандлёвыя кропкі гарадскога пасёлка аснашчаны тэрмінальным абсталяваннем”.

Патэлефанавала і ў Лынтупскі сельвыканкам. Старшыня Аляксандр Яўгеньевіч Макаранка вельмі занепакоены сітуацыяй. “За дзень шмат тэлефонных званкоў прымаем, выслухоўваем людзей. Яны незадаволены. А самае крыўднае, што мясцовую ўладу нават не папярэдзілі, — гаварыў. — Мы звярнуліся з хадайніцтвам у райвыканкам, а таксама накіравалі пісьмо кіраўніцтву “Беларусбанка” з просьбай адкрыць у гарадскім пасёлку свой банкамат. Але пакуль што паабяцалі толькі падключыць мясцовае аддзяленне да SMS-банкінгу”.

Тое, што банкіры ашчаджаюць свае грошы, пахвальна. Але ж і жыхароў гарадскога пасёлка і навакольных вёсак таксама трэба зразумець. Іх пазбавілі магчымасці карыстацца тым, што так неабходна і што ў свой час яны атрымалі як найлепшы падарунак.

Галіна ПІШЧ.    



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.