Батлейка падарыла казку дзецям і дарослым

Культура

У рамках адкрыцця выставы Наталлі Парахневіч у выставачнай зале Дома рамёстваў, пра якую мы расказвалі ў «Пастаўскім краі» за 22 лістапада, у жыхароў нашага раёна была ўнікальная магчымасць дакрануцца і да дзівоснага свету казкі: убачыць захапляльнае выступленне традыцыйнага народнага лялечнага тэатра — батлейкі.

З адзіным прадстаўленнем у Паставах выступіў аматарскі лялечны тэатр «Станчыкі», які з 2008 года існуе пры Браслаўскім музеі традыцыйнай культуры. Ідэя стварэння батлейкі ўзнікла, калі перад Калядамі работнікі музейнага аб’яднання вырашылі падрыхтаваць для дзяцей лялечнае прадстаўленне. Задумку адразу ж ажыццявілі: батлейку (драўляны «тэлевізар») вырабіў разьбяр па дрэве Міхаіл Парахневіч, лялькі пашыла майстрыха Марыя Дворская, напісалі сцэнарый, размеркавалі ролі. Прэм’ера ўдалася, а напоўненыя цікавасцю і захапленнем дзіцячыя вочы настолькі натхнілі ўдзельнікаў прадстаўлення Ганну Базарэвіч, Ілью Вашкеля (абое з’яўляюцца музейнымі работнікамі) і карэспандэнта раённай газеты «Браслаўская звязда» Галляша Сяляву, што рэгулярныя выступленні батлейкі праходзяць ужо на працягу шасці гадоў.

Ілья Вашкель і Ганна Базарэвіч.

Звяртаючыся да гледачоў (у сваёй большасці гэта былі дзеці), Ганна Базарэвіч расказала пра шматгадовую гісторыю батлейкі. А яна бярэ свой пачатак на Беларусі аж з XVI стагоддзя. У той час на святыя Каляды па вёсках і мястэчках вандраваў незвычайны лялечны тэатр — батлейка. Гэта назва ўзнікла ад слова «Бэтлеем» — ка­лісьці так называўся горад Віфлеем, дзе нара­дзіў­ся Ісус Хрыстос. Дзякуючы самаробным лялькам можна было ўбачыць Хрыстова нараджэнне, а таксама жорсткага цара Ірада, які хацеў забіць маленькага Сына Божага і ўсіх немаўлят, за што і трапіў у пекла з кіпячай смалой.

Гэты сюжэт захаваўся да нашых дзён і лічыцца для батлейкі традыцыйным. Менавіта яго, а таксама інтэрмедыю (жартоўнае прадстаўленне) і легенду пра паходжанне горада Браслаў убачылі пастаўскія гледачы ў выкананні аматарскага лялечнага тэатра «Станчыкі». А перад пачаткам тэатралізаванага прадстаўлення прысутных чакаў яшчэ адзін сюрпрыз — выставачная зала Дома рамёстваў напоўнілася чароўнымі гукамі жывой музыкі. Фалк-мелодыю на сапраўднай дудзе выканаў Галляш Сялява.

— Самае галоўнае — гэта адчуць гледача, бо ён — як механізм: альбо зможаш яго завесці, альбо не. І найбольш складаная ў гэтым плане ўзроставая катэгорыя — дзеці. На шчасце, мы заўсёды адчуваем эмацыянальную аддачу, якая зыходзіць з глядзельнай залы. Вельмі рады, што і сёння наша выступленне выклікала жывую цікавасць, шчыры смех і дружныя апладысменты, — падзялілася ўражаннямі пасля выступлення Ганна Базарэвіч.

Тэатр «Станчыкі» выступае ў асноўным у браслаўскім музеі і касцёлах гэтага раёна. На гастролі за яго межы выязджаў толькі двойчы: у Сянно, дзе нядаўна праходзіў абласны конкурс «Лялечны свет» — там браслаўчане занялі першае месца ў намінацыі «Лепшы лялечны аматарскі тэатр батлейкі», — і ў Паставы.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.