Другая толькі па нумары

Образование

С. Г. Шапель уручае прывітальны адрас і падарунак — тэлевізар — дырэктару школы І. А. Мадвейку.

Напрыканцы лістапада сваё 70-годдзе ўрачыста адзначыла пастаўская СШ №2. Павіншаваць яе калектыў з юбілеем прыйшлі прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый раёна, былыя вучні і настаўнікі школы.

Тое, што ў другой школе свята, адчувалася ўжо з парога. Тут гасцей сустракалі дзяўчаты-старшакласніцы, якія прымацоўвалі да адзення кожнага спецыяльна падрыхтаваныя эмблемкі і праводзілі ва ўпрыгожаную актавую залу. Дарэчы, упрыгожана была не толькі яна. На кожным паверсе віселі красамоўныя плакаты і паветраныя шарыкі, а ў холе былі арганізаваны выставы вырабаў, спартыўных і іншых дасягненняў вучняў.

Цікавай і змястоўнай атрымалася праграма свята, якое адкрыў дырэктар установы адукацыі І. А. Мадвейка. Ігар Анатольевіч прыгадаў, што сваю гісторыю СШ №2 вядзе з 1944 года. У той час яна знахо­дзілася па вуліцы Ленінскай і была пачатковай базай для мясцовага вучылішча. Праз два дзесяцігоддзі, у 1965-ым, школа справіла наваселле ў новым будынку па вуліцы Піянерскай, дзе і знаходзіцца цяпер. Сёння ў ёй навучаюцца 427 хлопчыкаў і дзяўчынак, адукацыйны працэс ажыццяўляе 41 настаўнік. Пераважная большасць педагогаў мае вышэйшую і першую кваліфікацыйныя катэгорыі. Дзякуючы іх самаадданай працы, прафесіяналізму, творчаму падыходу да справы, любові да дзяцей і прафесіі, а таксама новым педагагічным тэхналогіям школе ёсць чым ганарыцца. За апошнія 10 гадоў яна станавілася пераможцай усіх узроўняў рэспубліканскай прадметнай алімпіяды, у чым асаблівая заслуга такіх настаўнікаў, як Т. М. Захарэвіч, Ф. У. Дзевятоўскі, Г. А. Дзевятоўская, А. М. Мачанская, А. Ю. Трубач, Г. К. Сініца, А. П. Дзеўгуць, Р. М. Макруш, Я. Ф. Сівіцкая. На працягу апошніх 5 гадоў выпускнікі СШ №2 дэманструюць стабільна высокі вынік паступлення ў вышэйшыя і сярэднеспецыяльныя навучальныя ўстановы. Ён складае каля 80 працэнтаў.

У нас ёсць усе ўмовы для таго, каб вучні маглі набыць грунтоўныя веды, развіць свае здольнасці і таленты, — адзначыў І. А. Мадвейка. — У бягучым навучальным годзе арганізавана работа 58 прадметных факультатываў, дзейнічаюць навуковае таварыства навучэнцаў “Юныя даследчыкі” матэматычнага і гуманітарнага кірункаў, 12 гурткоў і 6 спартыўных секцый. Што датычыць заняткаў спортам, то ў нашай школе самая багатая сярод устаноў адукацыі раёна база, якую стварылі былы і цяперашні настаўнікі фізкультуры Леанід Сцяпанавіч Жук і Вячаслаў Іосі­фавіч Гінько. Яны падрыхтавалі шмат выдатных спартсменаў — удзельнікаў зборнай вобласці па розных відах спорту, чэм­піёнаў вобласці па валейболе. Некаторыя з іх выхаванцаў з’яўляюцца навучэнцамі школы алімпійскага рэзерву, ігракамі першай і вышэйшай ліг па валейболе.

Вялікая ўвага надаецца таксама патрыятычнаму выхаванню. У гэтым працэсе значную ролю адыгрывае школьны музей баявой і працоўнай славы, які быў створаны яшчэ ў 1987 го­дзе настаўніцай гісторыі Р. Н. Ластоўскай. Выйшаўшы на пенсію, Рэгіна Норбертаўна па сённяшні дзень з’яўляецца яго кіраўніком. Увогуле, ветэраны педагагічнай працы нават на заслужаным адпачынку не парываюць сувязей са школай, часта бываюць у яе сценах. Вось і на юбілейнае свята прыйшло каля двух дзясяткаў былых педагагічных работнікаў. Усіх іх запрасілі на сцэну і падарылі кветкі, а колішні дырэктар СШ №2 В. Г. Крэскіян падзяліўся з прысутнымі ўспамінамі аб сваёй працы ў ёй.

У той дзень на сцэну паднімаліся многія, хто так ці інакш звязаны са школай, каб павіншаваць яе з юбілеем і ўручыць падарункі. Сярод іх намеснікі дырэктараў ААТ “Навасёлкі-Лучай”, малаказавода і Пастаўскага фізкультурна-спартыўнага клуба С. Г. Шапель, А. І. Танана і Л. С. Жук, першы сакратар райкама ГА “БРСМ”, выпускніца СШ №2 І. А. Каралёва, выпускнік-юбіляр І. Н. Ластоўскі (ён закончыў школу 55 гадоў назад і 35 гадоў адпрацаваў настаўнікам), сакратар школьнай пярвічнай арганізацыі РГА “Белая Русь” Н. Ф. Семянас, былыя бібліятэкар Л. П. Русалоўская і настаўніца А. Г. Свірыдава. Усе яны жадалі школе працвітання, заўсёды і ва ўсім быць на перадавых пазіцыях, настаўнікам — моцнага здароўя і працоўных поспехаў, а вучням — выдатных ведаў, якія стануць трывалым фундаментам у далейшым асваенні прафесіі.

За 70 гадоў СШ №2 выпусціла ў дарослае жыццё тысячы юнакоў і дзяўчат, 111 з іх закончылі школу з залатымі медалямі і 110 — з сярэбранымі. Дзе толькі яны ні працавалі і ні працуюць сёння! Многія выбралі настаўніцкую прафесію і вярнуліся ў родную школу. У ліку такіх А. П. Дзеўгуць, І. Т. Турла, А. А. Дзісько, А. С. Андрэйчук, Р. М. Макруш, А. Б. Катовіч, А. Ю. Трубач, І. П. Гутар, А. М. Мачанская, Н. С. Кісялёва, С. Г. Паламарчук, Т. І. Кацкель (яна цяпер знаходзіцца на пенсіі). Разам з вучнямі педагогі падрыхтавалі канцэрт-віншаванне роднай школе, у якім у песнях прызнаваліся ёй у сваіх пачуццях. І ад гэтых прызнанняў станавілася цёпла на душы ў кожнага прысутнага ў зале.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.