Каб гасцям хацелася прыехаць зноў

Духовность

ксёндз Мікалай Ліпскі з парафіянамі напярэдадні фэсту Святога Тадэвуша.

Кожнае свята ў лучайскім касцёле вызначаецца непаўторнасцю. Тут умеюць здзіўляць не толькі разнастайнай канцэртнай праграмай, але і аздабленнем прыкасцельнай тэрыторыі, арыгінальнымі кампазіцыямі з простых кветак на алтары. Напярэдадні парафіяльнага фэсту Святога Юды Тадэвуша праязджала праз Лучай. Каля касцёла кіпела работа. Вырашыла пацікавіцца, хто рыхтуе храм да ўрачыстасці. Мужчыны нацягвалі стужкі з флажкамі, некалькі жанчын ім дапамагалі. Іншыя наводзілі парадак у закрыстыі і самім касцёле.

— Большасць прысутных сёння актыўныя ў любой нашай справе, — расказваў ксёндз-пробашч Мікалай Ліпскі. — Заўсёды магу разлічваць на Гжэслава Сцяпанавіча Лешчыка і яго жонку Веру Эдуардаўну. Безадмоўныя Ян Баляслававіч і Яніна Іосіфаўна Муха з Цівунцаў. Вось і сёння Ян Баляслававіч на сваёй машыне прывёз аднавясковак Крысціну Зямчонак, Вікторыю Іўчанка. З Коўзанаў прыехала Ганна Танана, з Гаўрылавіч — Яніна Танана. Кожнаму знайшлася работа. Мы размяркоўваем абавязкі. Прадстаўнікі Навасёлак, напрыклад, былі тут напярэдадні, частка парафіян задзейнічана сёння. Некаторым хопіць клопатаў заўтра. А падзівіцеся, якія кампазіцыі з апошніх восеньскіх кветак складвае Галіна Есьман з Лучая. Яе спрыту і фантазіі можа пазайздросціць любы дызайнер. Бязмежна ўдзячны ўсім, хто працуе найперш на хвалу Божую, а таксама для таго, каб у гасцей і турыстаў, якія не абмінаюць нашую святыню, застава­ліся незабыўныя ўражанні, каб ім захацелася прыехаць у Лучай зноў і зноў.

Прыкасцельная тэрыторыя з кожным годам набывае ўсё больш эстэтычны выгляд. Пліткай выкладваецца дарожка вакол храма, адноўлена ўваходная брама, з’явілася цудоўная альтанка, паступова ператвараецца ў “жывую” Біблію агароджа — прадаўжаецца запаўненне яе ніш абразамі на евангельскія тэмы. Для таго каб быў парадак, трэба працаваць пастаянна. Шмат тут зроблена рукамі бацькі ксян­дза Мікалая. Дапамагаюць і парафіяне. Кожны дзень на веласіпедзе дабіраецца ў касцёл 80-гадовая Станіслава Браніславаўна Сініца з Васевіч. Яна сустракае турыстаў, расказвае ім пра гісторыю храма, летам праполвае клумбы з кветкамі, добраўпарадкоўвае тэрыторыю. Штодзённай працы хапае, а парафіян не так і шмат, большасць іх сталага ўзросту. Таму ксёндз Мікалай рады любой дапамозе збоку. Сёлета, напрыклад, пры касцёле працаваў летнік з ліку валанцёраў. Асноўныя работы праводзіліся на мясцовых могілках — складзены іх поўны інвентар. Знайшоўся час у валанцёраў і для добраўпарадкавання прыкасцельнай тэрыторыі.

Дзень напярэдадні фэсту выдаўся халодным, дзьмуў пранізлівы вецер. Няпроста было развешваць упрыгажэнні, але людзі не звярталі ўвагі на непагадзь і стараліся хутчэй з усім управіцца. А ў суботу, калі Лучай сустракаў гасцей, парадавала яркае сонейка. Многія, перш чым пераступіць парог храма, абыходзілі вакол яго, любаваліся каплічкай Святога Францішка, штучным вадаёмам, міні-фантанам на ім, макетам палаца Агін­скіх, дагледжанымі газонамі, прыкмячалі, што з’явілася новае. І мала хто здагадваўся, што ўсё гэта зроблена рукамі невялікай колькасці парафіян.

Анна АНІШКЕВІЧ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.