Камайскі Давід-будаўнік

Духовность

Ксёндз Яцэк Хутман быў назначаны пробашчам камайскага касцёла 1 ліпеня 2002 года. Пачаў з рамонту і рэстаўрацыі храма. Найперш ачысцілі гарышча — рознага смецця і друзу вывезлі 14 трактарных прычэпаў. Потым замянілі бляху, якая накрывала каменную агароджу вакол касцёла. 26 чэрвеня 2007 года над Камаямі пранеслася бура, пашкодзіла капліцу, прыбудаваную да касцёла ў 1778 го­дзе: з паўднёвага боку вецер сарваў бляху разам з кроквамі і латамі, зрушыў конусны дах адной з вежаў, зламаў крыж на ёй. Праз некаторы час яшчэ адна бура зноў моцна пашкодзіла дах капліцы. Былі выкліканы майстры з Польшчы. Яны ўмацавалі дах. Затым заняліся абследаваннем падмурка. Выкапалі ўздоўж сцен канаву на паўметра глыбінёй і ўмацавалі падмурак пластом гліны, каб дажджавая і талая вада не цякла ўнутр збудавання.

Мясцовы майстар Генадзь Каравацкі паклаў каля касцёла брусчатку, адмысловай цэглай выклаў дол у склепе пад каплі­цай. Сталічныя мастакі адрэстаўравалі сцены, скляпенне галоўнага алтара. Працавалі яны з ліпеня па кастрычнік бягучага года, расчысцілі аўтарскі пласт жывапі­су з дапамогай спецыяльнага прэпарата на аснове палепшанай актыўнай формулы распрацовак італьянскіх рэстаўратараў, а для роспісу сцен выкарысталі нямецкія абарачальныя (якія змываюцца вадой) фарбы. Хочацца адзначыць і такую дэталь: адрэстаўраваны алтар заззяў свежымі фарбамі, а крэслы на ім стаялі старыя, несамавітыя. Па заказе ксяндза Яцэка ў Польшчы вырабілі з дубу 18 новых, і яны годна ўпрыгожылі храм.

Касцёл у Камаях адметны сваёй архітэктурай. Такі — адзіны ў Беларусі. Таму і экскурсіі да яго наведваюцца часта. У 1915 годзе вікарыем у камайскай парафіі непрацяглы час быў ксёндз Кастусь Стаповіч, вядомы ў літаратурным свеце як Казімір Сваяк. У камайскім касцёле знаходзіцца карціна сусветна вядомага мастака Альфрэда Ромера “Хрыстос і сірата”. У вёсцы Камаі нарадзіўся славуты кампазітар і арганіст Браніслаў Руткоўскі. Ксёндз Яцэк ушанаваў гэтых знакамітых людзей памятнымі дошкамі, устаноўленымі ў касцёле.

У камайскім касцёле быў адзін звон. Ксёндз Яцэк заказаў у Польшчы тры новыя. Ці ж так проста было даставіць іх адтуль у Камаі?! А сёння яны звоняць, напаўняючы наваколле светлымі і хвалюючымі гукамі. (Звон імя Яна Паўла ХІ вагой 580 кілаграмаў усталяваны ў гонар 400-годдзя касцёла; у гонар 400-годдзя абраза Маці Божай — другі звон вагой 350 кілаграмаў; у імя блаславеннага ксяндза Ежы Папялушкі — трэці вагой 190 кілаграмаў.)

А вось парк, які пачынаўся ад касцёла, вельмі засмучаў ксяндза, бо быў запушчаны. Яцэк Хутман па ўзгадненні з мясцовай уладай запрасіў з Мінска праекціроўшчыкаў і дызайнераў. Яны ўсё агледзелі, вырашылі, што і як рабіць. Па іх праекце майстры з Астраўца выклалі цэментнымі пліткамі дарожкі. Дзве паралельныя даўжынёй 180 метраў пад рознымі вугламі перасякаюць яшчэ тры. Парк абгарадзілі з аднаго боку балюстрадай з металічных труб, з другога — металічнымі слупкамі з нацягнутымі паміж імі ланцужкамі (ксёндз купіў іх у Вільні). Мясцовы майстар Анатоль Рыгоравіч Трафанчук вырабіў трынаццаць цудоўных ліхтароў непаўторнай канструкцыі. Уздоўж агароджы і дарожак пасадзілі туі, якія ксёндз набыў з дапамогай Камайскага лясніцтва і сам прывозіў з Польшчы. Растуць і чырвоныя клёны, саджанцы якіх Яцэк Хутман купіў у Гродне. У цэнтры парку пасадзілі 15 блакітных елачак, па ўсёй яго тэрыторыі — дэкаратыўныя кусцікі. Майстар А. Р. Трафанчук змайстраваў з бляхі 21 сметніцу на ножках. На вымашчаных пляцоўках усталяваны 9 дыхтоўных лавак. Кветкі ксёндз Яцэк садзіць сам разам са сваімі памочнікамі. Парку нададзена імя Браніслава Руткоўскага — ураджэнца Камай, кампазітара, сусветна вядомага арганіста.

Неяк на святой Імшы ксёндз Яцэк звярнуўся да парафіян з прапановай добра­ўпарадкаваць могілкі. Пачалі з камайскіх. Прыбралі, як распарадзіўся святар, металічныя агароджы, зрэзалі дрэвы, высеклі хмызняк, абгарадзілі могілкі, паклалі дарожку з цэментных пліт і ўздоўж яе пасадзілі туі. Змайстравалі дзве металічныя брамы, у цэнтры з’явілася водаразборная калонка. Перад могілкамі паставілі два высокія металічныя крыжы — каталіцкі і праваслаўны. Воддаль абсталявалі туалет, пляцоўку для смецця. Сельскі Савет вы­дзеліў участак зямлі, і могілкі значна пашырыліся. Генадзь Каравацкі выклаў вельмі прыгожую дарожку, узяўшы за ўзор такую ж на фотаздымку, які ксёндз Яцэк прывёз з Польшчы. Ля дарожкі на горцы — алтар для адпявання нябожчыкаў.  Потым навялі парадак на могілках у вёсках Лявонавічы, Аляхнішкі, Янкішкі, Старчуны, Сакуны, Гродзі, Каралінова, Мягуны, Норкавічы, Гвоздавічы, Грэйці, Лопуці, Чычэлі, Буцавічы, Оцкавічы.

На чарзе — Смільгіні. Прыведзены ў парадак закінутыя і даўно забытыя яўрэйскія могілкі, а таксама тыя, дзе пахаваны нямецкія салдаты, якія загінулі ў баях Першай сусветнай вайны.

Ксёндз Яцэк Хутман — асоба неардынарная. Паляк па нацыянальнасці, ён авалодаў беларускай мовай, усюды гаворыць і вядзе набажэнствы толькі на ёй. Справядліва дакарае тых беларусаў, якія ёй не карыстаюцца і нават на надмагільных помніках па родных заказваюць надпісы на рускай мове. Святар у вечным пошуку, будуе смелыя планы, мае цікавыя задумы. Неяк шчыра прызнаўся мне: “Хачу зрабіць шмат чаго добрага для жыхароў Камайшчыны”. І многае яму ўдаецца здзейсніць. Ксяндза любяць і дзеці, і моладзь. Для першых ён зрабіў добры падарунак — тры пляцоўкі для гульняў у парку, для другіх у тым жа парку — турнік і гімнастычную лесвіцу.

Яцэка Хутмана вызначае выключная сціпласць. Ён менш за ўсё клапоціцца пра сябе, ці то гэта адзенне, абутак, ці то прадметы хатняга ўжытку. Дагэтуль не мае ўласнага аўтамабіля, а ў Камаях служыць ужо 13-ы год. Кожную капейку, атрыманую ад парафіян ці ў замежжы, пускае на патрэбы касцёла, рамонт, добраўпарадкаванне могілак і многія іншыя добрыя справы.

Яцэк Хутман вядомы ў еўрапейскіх краінах, быў на прыёме ў Папы Рымскага, удастоены звання “Чалавек года Пастаўшчыны- 2013”. А найвышэйшая яго ўзнагарода — павага і ўдзячнасць людзей.

За што ні возьмецца — а гэта агароджа, арэлі для дзяцей, ліхтары, дарожкі, лаўкі ў парку, — стараецца ўсё зрабіць трывала і прыгожа. Вельмі засмучаецца, калі ўбачыць ля лаўкі ў парку луску ад семак, акуркі, абгорткі ад цукерак. Можа сам падабраць і кінуць у сметніцу. Думаю, яго сэрцу вельмі блізкая ісціна: прыгажосць уратуе свет.

Верш рускага паэта М. А. Някрасава «Памяти Добролюбова» заканчваецца такімі радкамі: “Природа-мать! Когда б таких людей/ Ты иногда не посылала миру,/ Заглохла б нива жизни…” Усёй душой адчуваю: гэтыя словы — і пра ксяндза Яцэка Хутмана.

Аркадзь НАФРАНОВІЧ, няштатны карэспандэнт.  



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.