Лідзіруе гімназія

Образование

У мінулую суботу на Пастаўшчыне завяршыўся другі (раённы) этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Як і ў папярэднія гады, ён праходзіў у тры тэрміны — 22, 29 лістапада і 6 снежня, кожны з якіх уключаў па 5 прадметаў — для таго, каб даць вучням магчымасць паспрабаваць свае сілы ў максімальнай колькасці прадметных спаборніцтваў. У выніку самай масавай аказалася алімпіяда па геаграфіі — у ёй спаборнічалі ажно 40 навучэнцаў. Дарэчы, з гэтага года па названым прадмеце, акрамя тэарэтыка-практычнага тура, увялі яшчэ і мультыямедыятэст. Яго вучні выконвалі на працягу гадзіны за персанальнымі камп’ютарамі.

Усяго ў раённым этапе алімпіяды прынялі ўдзел 347 навучэнцаў з усіх гарадскіх і сельскіх сярэдніх школ,  большасці базавых і прафтэхкале­джа. Сярод іх выяўлены 150 пераможцаў, 32 з якіх сталі ўладальнікамі дыпломаў першай ступені, 45 — другой ступені і 73 — трэцяй. Найбольшую колькасць дыпломаў — 37 — заваявалі прадстаўнікі гімназіі. 33 дыпломы на рахунку СШ №1, 18 — у Варапаеўскай СШ, 17 — у СШ №2 і 12 — у Дунілавіцкай СШ. Нягледзячы на тое, што ў пяцёрку лепшых не трапіла пятая гарадская школа, асабліва вызначылася адна з яе вучаніц, 9-класніца Ірына Паўлава. Дзяўчынка ўдзельнічала ў алімпіядзе адразу па трох прадметах — па рускай, беларускай мовах і літаратуры і па працоўным навучанні. І па ўсіх іх заваявала дыпломы першай ступені.

Зараз у раёне ідзе падрыхтоўка да трэцяга этапа алімпіяды — ён пройдзе з 12 па 15 студзеня. Ужо на наступным тыдні пачнецца фарміраванне каманды, якая будзе прадстаўляць Пастаўшчыну на абласных спаборніцтвах.

Алена ШАПАВАЛАВА.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.