“Магчымасці быць паспяховымі неабмежаваныя” (+фота)

Общество

Старшыня таварыства інвалідаў Швянчонскага раёна Тадэвуш Шымковіч і намеснік старшыні Пастаўскага райвыканкама Ю. М. Кісялёў.

3 снежня ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень інвалідаў. Гэта дата — не толькі напамін пра праблемы людзей з абмежаванымі магчымасцямі, але і добрая нагода гаварыць пра іх поспехі, таленты, дасягненні. Яны нярэдка бываюць больш важкімі, чым у здаровых грама­дзян.

У гэтым можна было пераканацца падчас мерапрыемства, якое ладзілася 4 снежня ў раённым Доме культуры. Сёлета яно праходзіла ў незвычайным фармаце — з удзелам гасцей са Швянчонскага раёна Літоўскай Рэспублікі. Найперш афіцыйная дэлегацыя з суседняй краіны ў складзе 9 чалавек пазнаёмілася з работай аддзялення сацыяльнай адаптацыі, рэабілі­тацыі і дзённага знахо­джання інвалідаў Пастаўскага ТЦСАН па вуліцы Ленінскай у райцэнтры. Там адбылася іх гутарка з намеснікам старшыні райвыканкама Ю. М. Кісялёвым, начальнікам упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насель­ніцтва П. Л. Курто, дырэктарам ТЦСАН Д. І. Пякарскай.

Вітаючы гасцей на пастаўскай зямлі, Юрый Мікалаевіч падкрэсліў важнасць і неабходнасць двухбаковага супрацоўніцтва, якое дазваляе дзяліцца вопытам, дамаўляцца аб сумесных праектах і такім чынам удасканальваць працу. Пасля абмену сувенірамі ўсе накіраваліся ў раённы Дом культуры, дзе ладзіўся святочны канцэрт.

Перад яго пачаткам пажылыя людзі і людзі з абмежаванымі магчымасцямі маглі звярнуцца да псіхолага, тэрапеўта, юрыста, якія давалі ў фае кансультацыі. Тут прысутнічалі і прадстаўнікі раённых арганізацый грамадскіх аб’яднанняў “Беларускае таварыства інвалідаў” і “Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа. У фае таксама разгарнулася вялікая выстава творчасці наведвальнікаў аддзялення сацыяльнай адаптацыі, рэабілітацыі і дзённага знаходжання інвалідаў і пастаяльцаў Дунілавіцкага псіханеўралагічнага дома-інтэрната. У яе экспазіцыі былі прадстаўлены шматлікія вырабы, выкананыя ў самых розных тэхніках: з бісеру, саломкі, нітак, абрэзкаў тканіны, паперы і іншых даступных матэрыялаў. Некаторыя з работ ствараліся адразу на вачах прысутных — прайшлі майстар-класы па саломапляценні і выкананні работ з каляровага пяску.

Шмат эмоцый падарыла гледачам канцэртная праграма. Першым на сцэну выйшаў народны хор ветэранаў вайны і працы пад кіраўніцтвам Паўла Рагіні.

Пасля яго выступлення да гледачоў звярнуўся кіраўнік літоўскай дэлегацыі, старшыня Таварыства інвалідаў Швянчонскага раёна Тадэвуш Шымковіч.

Ён наш зямляк, нара­дзіў­ся ў Свіры. Праўда, у Беларусі пражыў толькі тры гады: бацькі пераехалі на пастаяннае месца жыхарства ў Літву. З дзяцінства самым вялікім яго захапленнем быў спорт, у прыватнасці цяжкая атлетыка. Дзякуючы працавітасці і настойлівасці перад юным спартсменам адкрывалася шмат перспектыў. Але няшчасны выпадак у адно імгненне іх перакрэсліў. Калі Тадэвушу было 27, ён, упаўшы са штангай, атрымаў цяжкую траўму пазваночніка. У тое, што хлопец выжыве, урачы не верылі. Выкарабкаўся цудам, але на ногі так і не стаў. Больш за 20 гадоў Т. Шымковіч прыкаваны да інваліднай каляскі.

Бяда не зламала, а яшчэ больш загартавала характар. Праз многія гады трэніровак у зборнай Літвы ён стаў чэмпіёнам Еўропы па спартыўным арыентаванні, а ў 2008-ым выйграў чэмпіянат свету ў Празе па гэтым відзе спорту. Удзел у спаборніцтвах дае магчымасць адкрываць новыя краіны і мець зносіны з цікавымі людзьмі.

—            Ні ў якім выпадку не падайце духам! — звярнуўся ён да прысутных у зале людзей з абмежаванымі магчымасцямі. — На ўласным прыкладзе пераканаўся, што немагчымае магчыма. Галоўнае — не закрывацца ў сабе, у сваіх праблемах, а ставіць мэты і крочыць да іх, нягледзячы ні на што. Калі зразумеў, што не змагу хадзіць, даў сабе ўстаноўку: мяне ніхто не пазбавіў магчымасці быць паспяховым, запатрабаваным у грамадстве. І галоўная перамога ў маім жыцці — перамога над песімізмам і ўпадніцкімі думкамі. У гэтым стараюся дапамагчы іншым людзям, якія ўваходзяць у наша таварыства. Іх больш за 300 чалавек, усе захапляюцца спортам. Мы ладзім шмат спаборніцтваў — азарт барацьбы паднімае дух. Будзьце аптымістамі, знаходзьце шчасце ў дробязях, верце ў свае сілы — і жыццё стане ярчэйшым, — пажадаў Тадэвуш Мечыслававіч.

Разам з ім з Літвы прыехалі і прадстаўнікі мастацкай самадзейнасці. Яны падарылі пастаўчанам невялікі канцэрт.

Выконвалі песні на рускай, польскай, беларускай і літоўскай мовах. Сярод іх былі і такія хіты, як “А я лягу-прылягу”, “Домик окнами в сад” і іншыя. У сваю чаргу гасцей са Швянчоніса парадавала выступленне ансамбля народнай песні “Вітанне”, у рэпертуары якога была і песня па-літоўску.

Свае творчыя нумары ў той дзень таксама падарылі наведвальнікі і частыя госці аддзялення сацыяльнай адаптацыі, рэабілітацыі і дзённага знаходжання інвалідаў Пастаўскага  ТЦСАН і Дуніла­віцкага псіханеўралагічнага дома-інтэрната Павел Яльмееў, Надзея Лапушынская, Станіслаў Кішко, Віктар Муха, Алеся Мялко і Вольга Фамінова, а таксама салістка ўзорнай цыркавой студыі “Каскад” Вікторыя Захарыч.

Нікога з прысутных не пакінуў раўнадушным фільм, зняты супрацоўнікамі мясцовага тэлебачання. У ім былі расказаны жыццёвыя гісторыі пастаўчан з абмежаванымі магчымасцямі — іх няпростыя лёсы, штодзённае змаганне з цяжкімі хваробамі, уменне не паддавацца адчаю, самарэалізоўвацца, ісці наперад, пераадольваючы фізічны і душэўны боль. На свяце яны атрымалі сувеніры з рук дырэктара швейнай фабрыкі “Беларусачка” Яўгенія Івана­віча Владыкі.

Са сцэны прагучала вялікая ўдзячнасць і іншым спонсарам мерапрыемства — райбыткамбінату, прыватным магазінам “Лайма”, “Арбузик”, “Инита”, “Доброном”, “СтройХом”, “Сделай сам”, цырульні “Шалунья”, Пастаўскаму мэблеваму цэнтру, ТАА “ПостТэк”, кафэ “Бриз”, індывідуальным прадпрымальнікам В. Ю. Вернікоўскаму, А. Г. Дзяхцяр, С. Р. Пяшэвіч, Г. К. Гапонік, Ф. М. Савіч і інш.

Завяршылася сустрэча бяспройгрышнай латарэяй, якую правялі ўдзель­нікі лялечнага тэатра раённага Дома культуры “Вытварашкі”, і салодкім сталом.

У раёне пражывае 1875 чалавек з абмежаванымі магчымасцямі, 290 з іх — інваліды першай групы, 938 — другой. Яны пастаянна адчуваюць да сябе ўвагу з боку дзяржаўных структур. Ажыццяўляецца дзяржаўная праграма “Безбар’ернае асяроддзе жыцця­дзейнасці фізічна аслабленых асоб на 2011-2015 гады”. Магчыма, ужо ў наступным годзе будуць рэалізоўвацца інтэрнацыянальныя праекты: па выні­ках візіту літоўскай дэлегацыі заключаны дагавор аб супрацоўніцтве Пастаўскага і Швянчонскага таварыстваў інвалідаў.

Іна СНЯЖКОВА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.